Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
Але хлопчыку было няёмка, i ён, схiлiўшыся, пацалаваў, – зусiм як Кагутова папу, – руку жанчыны, пяшчотна-тонкую, асаблiва белую сярод чорных карункаў шырокага рукава.
– Fасоn dе vоir d’un сhеvаliеr, – засмяяўся мужчына. – Я ж казаў, што ён мой сын, мой. Да рукi жанчыны – перш за ўсё. Сhе-vа-liеr!З
– Gеоrgеs! – зноў з дакорам сказала жанчына.
Алесь на ўсе вочы глядзеў на яе. Не, гэта было не тое. У яе былi маленькiя рукi i ногi, непрыгожа танклявая постаць.
Але ж яе твар з такiмi цёплымi шэрымi вачыма, з такiм спакойным ротам! Але ж каштанавыя iскрыстыя валасы! Усё гэта было роднае, толькi на хвiлiну забытае, i вось цяпер усплывала ў памяцi.
I ён раптам несамавiта, нечакана крыкнуў:
– Ма-ма!
Крыкнуў амаль як сялянскае малое, на якое рушыць вулiцай карова, крыкнуў, цвёрда верачы, што вось зараз мацi прыйдзе i ўратуе. Крыкнуў i адразу засаромеўся.
Ёй толькi таго i трэба было. Абхапiла, пачала шаптаць на вуха. Але ў iм ужо расло абурэнне i сорам, быццам ён здрадзiў хаце, рукам Марылi, вачам братоў. I ён так разрыдаўся ў гэтых вузкiх руках, быццам сэрца яго рвалася на шматкi.
А яна цалавала.
Ён плакаў, бо адчуваў, што злоўлены, што з гэтым шэптам канчаецца для яго ўсё.
...Яго павялi мыць i пераапранаць. I калi бацька i мацi засталiся на тэрасе адны – усмешка няёмкасцi так i не сышла з iхнiх вуснаў. Пазбягаючы глядзець мужу ў вочы Антанiда Загорская глуха спытала ў пана Адама, якi стаяў наўздалёк:
– Што, пан Адам, як вам панiч?
Пан Адам мяўся.
– Праўду, – цiха сказала яна.
– Мужычок, проша панi, – наважыўся Выбiцкi. – Але з чыстым сэрцам, з добрай душою.
– Нiчога, – нават з нейкай палёгкаю ўздыхнула мацi. – Навучым.
Бацька лёгкаважна зарагатаў, паказваючы белыя зубы.
– Бачыце, пан Адам? Так лёгка i навучым. Lеs fеmmеs sоnt раrfоis vоlаgеs[13].
– Гэтую iдэю падаў ты, Gеогgеs, – шэрыя вочы мацi сталi вiльготнымi. – I ты не маеш права...
– Скажам, i не я, – сказаў пан Юры. – Скажам, бацька мой, i нам нельга было не паслухацца.
– Але чаму яго аднаго?
– Самадурства. Меў на Алеся вялiкiя надзеi. I ты ведаеш, што ён мне сказаў перад дзядзькаваннем?
– Кажы.
– “Як шкада, што я не аддаў у дзядзькаванне цябе, Юры. Можа, тады ты, сын, быў бы чалавекам, а не прадметам для царквы i псярнi”.
– Гэта я зноў аднавiла ў Загоршчыне царкоўную службу. I ён не любiць цябе... праз мяне.
– Кiнь. Глупства.
– Ну, а чаму не хоча дзядзькавання для Вацлава?
– Баюся, што Вацлаў яму абыякавы.
– Другi ўнук?..
– Я не хацеў, Антанiда. Я ж толькi сказаў аб легка думнасцi...
Мацi ўжо ўсмiхалася:
– Дык што ж зробiш, Gеогgеs, калi ты ўсё бачыш еn nоir2.
Зноў гаротна задрыжалi яе веi:
– Забыў усё. Забыў французскую. А гаварыў, як маленькi парыжанiн... Я прашу цябе, я вельмi прашу, Gеоrgеs, не спускай з яго вачэй, хадзi за iм у першыя днi, бо яму будзе сумна... Ах, жорстка, жорстка гэта было – аддаць!
Пан Выбiцкi далiкатна кашлянуў, прастуючы да сходаў, i толькi тут панi Загорская спахапiлася, ускiнула на яго рахманыя вочы:
– Прабачце, пан Адам, я была такая няўважлiвая. Вельмi прашу вас – паснедайце разам з намi.
– Бардзо мi пшыемне, – пачырванеў Выбiцкi, – але ж прабачце, я зусiм па-дарожнаму.
– Ах, нiчога, нiчога... Я вас вельмi прашу, пан Адам.
Выбiцкi нiякава палез у кiшэнь па чырвоны фуляр, якi нагадваў невялiчкi абрус.
Лёгка i па-англiйску выкацiлi на тэрасу стол на кольцах, прыставiлi яго да накрытага ўжо абедзеннага стала. Матуля начала здымаць накрыўкi з мiсаў.
– Накладайце сабе, пан Адам, – сказала мацi. – Вазьмiце курыную пячонку “брашэ”... Бачыце, снедаць будзем па-англiйску. Першыя днi яму будзе нязручна са слугамi, беднаму.
Аконам спачувальна крэкнуў, стараючыся зрабiць гэта як мага больш далiкатна i не абразiць тонкага слыху панi.
I якраз у гэты момант з’явiўся ў дзвярах Алесь у мярэжанай пад народны густ – сарочцы, сiнiх шальварыках i чырвоных кабцiках[14]. Менавiта так, на думку панi Антанiды, выглядалi ў свята дзецi багатых сялян, i таму хлопчыку можна было не адчуваць нязручнасцi. Бацька хацеў быў пырснуць у сурвэтку, але стрымаўся, памятаючы нядаўнюю жончыну крыўду. Таму ён толькi паказаў на крэсла побач з сабою.
– Сядай, сыне.
Алесь, зазвычай такi зграбны, медзведзявата палез на крэсла. Глядзеў на ломкiя абрусы, на старое серабро, на двухзубы iтальянскi вiдэлец, на блакiтны крыштальны келiх, у ломкiх гранях якога драбiлася нейкая янтарная вадкасць.
– Што гэта? – амаль без голасу спытаў ён.
– “Го-Сатэрн”, – адказаў бацька. – Гэта, брат, такое вiно, што i ты можаш пiць.
13
Жанчыны часам бываюць легкадумныя (франц.).
14
У чорных фарбах (франц.).