Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
Калі нарэшце ён падняўся на высокую плятформу, Хальдыр узяў яго за руку й павярнуў тварам на поўдзень.
– Найперш зірні сюды!
Фрода паслухаўся й убачыў зводдаль ці то ўзгорак з мноствам магутных дрэваў, ці то горад зялёных вежаў. Адтуль, ён адчуў, зыходзілі моц і сьвятло, што ўладарылі над гэтай зямлёю. Яму закарцела раптам узьляцець птушкаю, сягнуць зялёнага гораду, каб адпачыць там. Тады кінуў погляд на ўсход, дзе край Лорыйну падыходзіў да цьмянага бляску Андуйну, Вялікай ракі, прасачыў вачыма ўздоўж вады – і дзівоснае сьвятло згасла, ён вярнуўся ў звыклы, знаёмы сьвет. Землі за ракою й ля яе прасьціраліся роўныя й пустыя, бясформавыя й няпэўныя, а ў паўднёвай далечы й на блізкім беразе ракі нібыта ўтыкаліся ў мур, цёмны й бязрадасны. Сонца Латлорыйну ня мела моцы, каб прабіць той далёкі цень.
– Там ляжыць сэрца Паўднёвага Ліхалесься, – патлумачыў Хальдыр. – Лес цёмных ялінаў, там дрэвы змагаюцца адно супраць аднаго, і іхнія галіны трупехнуць і высыхаюць. Пасярод на каменнай вяршыні стаіць Дул Гулдур, дзе доўга туліўся таемна Вораг. Мы баімся, што замак зноў заселены й моц ягоная ўсемярылася. Апошнім часам чорная хмара часьцяком спачывае на той вяршыні. Адсюль, з гэтага высокага месца, ты можаш бачыць дзьве сілы, што супрацьстаяць адна адной і нават зараз змагаюцца ў думках. Але хоць сьвятло й адчувае самае сэрца цемры, нашыя таямніцы яшчэ не раскрытыя.
Эльф павярнуўся й стаў паволі спускацца, за ім і хобіты.
Ля ўзножжа ўзгорку ўбачылі Арагорна, маўклівага й нерухомага, бы дрэва. У ягоных рукох залацела маленечкая краска эланору, і сьвятло струменіла зь ягоных вачэй. Фрода здагадаўся: напэўна ж, Арагорн затрымаўся ў чароўных успамінах, зноў перажывае прамінулае, што адбылося на гэтым самым месцы. Жорсткасьць бязьлітасных гадоў сышла з твару Арагорна; падавалася, апрануты ў белае высокі й чароўны княжыч прамаўляў словы па-эльфску камусьці, каго ня мог бачыць Фрода. "Арвэн ванімэльда, намарыё!" – сказаў Арагорн, глыбока ўздыхнуў дый вярнуўся з згадак, зірнуў на Фрода й усьміхнуўся.
– Тут сэрца эльфаў усёй зямлі, – сказаў ён, – тут назаўжды застаецца й маё сэрца, калі толькі змрочны шлях, па якім мы абодва крочым, ня выведзе нас да сьвятла. Хадзем з мною!
Ён узяў Фродаву руку й павёў яго прэч з пагорку Керын Амрат.
Болей у сваім зямным жыцьці ён аніколі не вярнуўся сюды.
7. Люстэрка Галадрыелі
Сонца ўжо хавалася за гарамі й цені гусьцелі пад дрэвамі, калі вандроўнікі рушылі зноў. Цяпер шлях вёў праз гушчары, дзе ўжо ляжаў змрок. На лес спусьцілася ноч, і эльфы запалілі срэбныя ліхтары.
Зьнянацку зноў патрапілі на паляну й убачылі над сабою бляклае неба позьняга сутоньня, праколатае некалькімі раньнімі зоркамі. Шырокая паляна цягнулася вялізным кольцам. За ёю глыбокі роў губляўся ў густых, аксамітных ценях, але трава на ўскрайку яго яшчэ зьзяла зялёным, нібы памятаючы зьніклае сонца. А за ровам высока ўздымалася зялёная сьцяна, якая атачала зялёны пагорак, шчыльна зарослы мэларнамі, найвялізьнейшымі з усіх, бачаных раней. Іхнія вяршыні губляліся ў змроку. Яны стаялі жывымі вежамі, магутнымі, з шматлікімі ярусамі галінаў, і сярод іх заўжды шапатлівых, рухавых лістоў блішчэла безьліч агеньчыкаў – зялёных, залатых і срэбных. Хальдыр павярнуўся да падарожнікаў.
– Вітайма ў Карас Галадхане! – вымавіў ён. – Тут, у горадзе галадрымаў, жывуць пан Келебарн і панна Галадрыель, уладары Лорыйну. Але ж тут мы ня зойдзем – брама выводзіць на поўдзень, не на поўнач. Нам трэба агінаць мур, і шлях будзе доўгі, бо горад надзвычай вялікі.
Уздоўж вонкавага ўскрайку рову вяла дарога, забрукаваная белым каменем. Па ёй і крочылі на захад, і горад зялёным воблакам уздымаўся ў вышыню леваруч ад іх. Змрок шчыльнеў, і ўсё болей агеньчыкаў запальвалася ў дрэвах, пакуль пагорак увесь не запалаў зорамі. Нарэшце сягнулі белага мосту й за ім – вялікай брамы гораду. Яна паглядала на паўднёвы захад і знаходзілася паміж сьценамі, якія не сутыкаліся там, дзе змыкала ся кольца, а заходзілі адна за адну, ідучы поруч. Муры тыя былі надта высокія й моцныя, абвешаныя мноствам ліхтароў.
Хальдыр пагрукаў у браму, і яна бязгучна адчынілася, хоць варты нідзе не было відаць. Вандроўнікі зайшлі, брама бязгучна зачынілася за імі. Апынуліся зноў у праходзе паміж высокімі сьценамі. Пасьпяшаліся па ім і трапілі ў Горад Дрэваў. Анікога так і не сустрэлі й нічыіх крокаў па сьцежках не пачулі, але ж паблізу, зьверху, зусім побач перамаўлялася мноства галасоў. Далёка на вяршыні пагорку нехта сьпяваў, і гукі ліліся з вышыні, нібыта мяккі дождж па залатым лісьці.