Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
1 ... 172 173 174 175 176 177 178 179 180 ... 207
Перейти на страницу:

Менавіта дакладнасць у перадачы чалавечай псіхалогіі, сіла пачуццяў і вышыня ідэалаў адрозніваюць лепшыя творы літаратуры сацыялістычнага рэалізму на тэмы мінулай вайны. Успамінаючы цяпер многія акалічнасці паяўлення так званай другой хвалі ваенных празаікаў, трэба прызнаць той факт, што галоўным у іх аповесцях і раманах была ўсё ж з нечаканай паўнатой і дакладнасцю выяўленая псіхалогія салдата ў баі. Адамовіч, Астаф’еў, Бакланаў, Багамолаў, Бондараў, Гусараў, Носаў стварылі кнігі, дзе выдатны талент іх аўтараў шчасліва спалучаецца з багатым асабістым ваенным вопытам, які і прынёс поспех прынцыповага значэння. У іх мы знаходзім складанасць, якая ўражвае ўяўленне, і сапраўдны цяжар ваеннага лёсу, самаадданасць і гераізм — увесь комплекс праўды самай крывавай, але і самай справядлівай з войнаў, што выпадалі на долю нашага народа.

Як вядома, усялякае прагназаванне звязана з той ці іншай мераю рызыкі, але ў дадзеным выпадку, здаецца, менш за ўсё рызыкуючы памыліцца, можна сцвярджаць, што лепшыя творы названых вышэй і некаторых іншых аўтараў аб вайне на доўгія гады застануцца ў залатым фондзе літаратуры сацыялістычнага рэалізму, бо ў іх ёсць псіхалагічная дакладнасць і вялікая праўда аб часе, які ніколі не знікне з чалавечай памяці.

[1979]

Газета — школа слова

— Раскажыце, калі ласка, як вы прыйшлі ў журналістыку, як вам працавалася і чаму навучыла вас, будучага пісьменніка, журналістыка?

— У журналістыку я трапіў, можна сказаць, выпадкова. Дэмабілізаваўшыся з арміі ў 1947 годзе, прыехаў у Гродна, дзе выдавалася абласная газета «Гродненская правда», і ў хуткім часе апынуўся ў сценах рэдакцыі. Спецыяльнай падрыхтоўкі, вядома, у мяне не было ніякай. Даводзілася спасцігаць усё на хаду, і я ўдзячны добрым людзям, вопытным журналістам, маім настаўнікам.

Шмат год я працаваў у сакратарыяце рэдакцыі, якім кіравалі ў розны час Ганна Ільінічна Цыпіна і Андрэй Абрамавіч Салаўёў, што далі мне першыя ўрокі газетнай справы. Салаўёў, акрамя таго, быў адным з першых маіх рэдактараў, ён уважліва і з надзеяй аднёсся да маіх першых літаратурных практыкаванняў, якія былі надрукаваны ў «Гродненской правде». Зразумела, я заўсёды буду ўдзячны яму за дапамогу, парады і, безумоўна, за добразычлівасць — гэта так важна ў падобных выпадках.

Трудна пераацаніць значэнне журналістыкі для лёсу пачынаючага пісьменніка. Калі гаварыць коратка, дык яна важная для яго ў двух сэнсах. Па-першае, як школа слова, якая вучыць выказацца на паперы дакладна і сцісла, школа моўнага ўмельства, якое надалей, безумоўна, саслужыць сваю добрую службу. Але ж, зразумела, гэта толькі пачатковая школа, бо авалоданне гэтым умельствам працягваецца праз усё творчае жыццё пісьменніка. I, па-другое, журналістыка заўжды кідае будучага пісьменніка ў гушчыню падзей, дае магчымасць пазнаёміцца з сотнямі розных людзей, характараў, тыпаў, што, безумоўна, патрэбна ў сэнсе назапашвання матэрыялу і вобразаў для будучай літаратурнай творчасці.

— Цяпер вы звязаны з журналістыкай пераважна як чытач. Што вабіць вас у журналістыцы нашых дзён, а што выклікае шкадаванне або нязгоду?

— Як, мабыць, кожнага чытача, мяне вабіць у сённяшняй журналістыцы не толькі яе аператыўнасць і надзённасць, але і праблемнасць публікацый. Пры гэтым заўважаеш, што ў адных газетах гэтай праблемнасці больш, другія ж яўна ўхіляюцца ад яе, абыходзяць яе, тым больш што, як вядома, для вырашэння сапраўды складаных і значных праблем адных толькі газетных выступленняў часта недастаткова. I тым не менш яны павінны быць, бо газета — адлюстраванне грамадскай думкі, а каму ж, як не нашай грамадскасці, змагацца за вырашэнне сапраўды наспелых у жыцці праблем?

У гэтых адносінах сярод іншых выданняў вылучаецца «Литературная газета», у кожным нумары якой ёсць штосьці такое, што здольна выклікаць жывую цікавасць чытача, жаданне адгукнуцца, абмеркаваць, а то і паспрачацца. Як ні дзіўна гэта можа здавацца, але для мяне як для літаратара літаратурныя раздзелы «Литературной газеты» меней цікавыя, чым яе раздзелы па эканоміцы, быце, сацыялогіі, дзе адчуваецца гарачы пульс жыцця і гарачая зацікаўленасць аўтараў і журналістаў — супрацоўнікаў рэдакцыі.

— Калі мець на ўвазе «літаратуру факта» — род літаратуры, якая пабудавана на дакументах, ці можна сцвярджаць, што журналістыка аказвае на пісьменніка пэўны ўплыў?

1 ... 172 173 174 175 176 177 178 179 180 ... 207
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)