Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Выбраныя творы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы

Электронная книга - «Выбраныя творы». Краткое содержание книги:

У аднатомнік увайшлі найбольш значныя творы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля розных жанраў — аповесці, апавяданні, мініяцюры, эсэ, напісаныя за паўстагоддзе літаратурнай дзейнасці.
Гэта — дзесяты том «Беларускага кнігазбору».
1 ... 166 167 168 169 170 171 172 173 174 ... 208
Перейти на страницу:

Чытаў я шчырыя і простыя апавяданні былога франтавіка, чалавека, што многа бачыў і перажыў, аддаўшы роднай справе ледзь не ўсё, што мог. З павагай, з зайздрасцю думалася пра аўтара, пра цэльнасць і красу яго характару, яго жыцця. Не ўпершыню, але радасна, нібы па-новаму, думалася таксама пра «цуд кнігі», якая можа часамі змяшчаць у сабе так многа…

Дзень той, пазаўчарашні, пачаўся нудна, але без дажджу. Пасля таго як выйшаў мой сусед, я хутка зачытаўся зноў. І раптам — лівень, летні лівень! Падкраўшыся да нашага двара, ён з нізкай хмары абрынуўся на яго густым, гвалтоўным шумам. Не касячком хвастаў, а проста зверху цабаніў, спяшаючыся выліць з хмары процьму нікому ўжо не патрэбнай вады.

Калі зусім праяснілася яго шэрасць, я ўбачыў, зноў стоячы перад акном, што на бурай, неданылай траве — паламанага крэсла ўжо не было… Некалькі праўдаў адразу:

Першая праўда: сусед мой — хлапчына з найлепшымі рысамі расейскага чалавека: добры, праўдзівы, высакародна сардэчны, — а гэта — вельмі нямала і не так ужо часта трапляецца.

Другая праўда — трохі прасцейшая, нават са шчылінкамі для розных падтэкстаў ды скепсісаў: сусед заўважыў, што я чытаў яго новую кнігу…

І трэцяя, горкая праўда, — як мала мы, хто піша сам, чытаем адзін аднаго, як рэдка, як неахвотна гаворым другому пра шчасце, адчутае над яго старонкамі! І як такая абыякавасць яшчэ больш ледзяніць і хмарыць нашу адзіноту!..

Маё ўражанне ад суседавай кнігі я яму перадаў. Мы робім так узаемна і ўжо даволі даўно.

Думка, што пра старое крэсла на сцяжыне варта было б запісаць, спачатку прыпалохала мяне… немужчынскай сентыментальнасцю.

Падзякаваць за такую… ну, вельмі прыемную дробязь проста вось так, непасрэдна — я не змог.

Калі мы развіталіся на золкім аўтобусным прыпынку, я пажадаў яму як найхутчэй вярнуцца ў наш ціхі драўляны дом.

— Тады ўжо я прыму ваша вуголле.

Ён усміхнуўся.

Навошта толькі, дружа мой, так сумна?..

1971

Хлопчык

Ліпень сорак чацвёртага года.

Перадавыя часці 1-га і 3-га Беларускіх франтоў былі ўжо далёка наперадзе, а паміж гэтымі двумя клінамі некалькі дзён валокся па Наваградчыне густы невад 2-га Беларускага, падбіраючы большыя і меншыя рэшткі разгромленых варожых часцей, што прабіраліся на захад не толькі пешшу і на абозных фургонах, але і на машынах, нават баявых.

У вёсачцы спыніўся на ноч узвод нашай пяхоты і супрацьтанкавы разлік з саракапяткай, і ўранні на гэтую групу стомленых, але пільных хлопцаў напароліся тры бронетранспарцёры з немцамі ў лётнай форме. Дзве машыны загарэліся на выгане, а трэцяй удалося рвануць лагчынай міма вёсачкі і прагурчэць да наступнай затрымкі — таксама апошняй.

Самога бою я не бачыў. Калі мы, чатыры партызаны, праязджалі там, транспарцёры ўжо дагаралі, немцаў, пакошаных аўтаматчыкамі амаль на месцы, каля машын і абгарэлых на машынах, дзядзькі ўжо закапалі ў прыдарожным раўку, у вузкай, доўгай магіле, нашы салдаты пайшлі ўжо з вёсачкі сваёй дарогай, куды і ўсе тады ішлі.

Засталося толькі адно…

Засталася толькі жанчына, — у глыбокім па-летняму пыле шырокай дарогі, у лужыне крыві, жывая, з адарванай снарадам нагой.

І людзі з гэтай вёсачкі, і мы не ведалі, хто яна. Яна была для нас толькі тая, што ўцякала з фашыстамі, якой неабходна было ўцякаць ад народнага гневу. Жаласці да яе не было.

Нагу ёй адарвала ўсю. У лужыне крыві, аселай у пяску, — чырвоны, тоўсты абрубак, якім яна патузвала час ад часу, як быццам толькі хочучы абагнацца ад заедзі. Залатыя, пышныя валасы яе былі растрэсена ўкалмачаны ў пясок. Вялікія, светлыя вочы натужна глядзелі на нас цераз лоб — назад і ўгару (мы сядзелі на конях), а чорныя вусны горача паўтаралі:

— Не убивайте меня! Я и сама умру! Не убивайте!..

А потым — дзіўнае:

— Граждане, хоть кусочек воды!..

Я ўжо сказаў, што жаласці ў нас не было. Магу і паўтарыць, шчыра і… трохі не зусім. Калі мне сказаць пра самога сябе. Я быў то менш, то больш блізкі да жадання выняць з самаробнага кабура наган і дакончыць яе пакуты, аднак, было ў маіх думках і іншае. З нас чатырох я адзін быў мясцовы, і вельмі ясна ўявілася, як мною будуць пасля палохаць дзяцей. З гэтай вёскі была мая маці, тут я любіў дзяўчыну.

Вёска — бабы, мужчыны, малыя — амаль уся стаяла тут. Ніхто нічога не пачынаў, усе як быццам чакалі, што мы, хто са зброяй, — тыя, што ўсё цяпер вырашаюць, — мы павінны і гэта, з недабітаю, вырашыць як належыцца.

1 ... 166 167 168 169 170 171 172 173 174 ... 208
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)