Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны
- Автор: Талстой Аляксей
- Год: 1971
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Переводчик: Алесь Бачыла
- Жанр: Сказки народов мира
Электронная книга - «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны». Краткое содержание книги:
Калі заяц стамляўся і садзіўся, пакрыўджана жуючы раздвоенай губой, я цалаваў яго ў лобік.
— Ну, калі ласка, ну яшчэ трошкі праскачам, шэранькі…
Заяц уздыхаў, і зноў мы імчаліся невядома куды — то ўправа, то ўлева…
Калі хмары разагнала і ўзышоў месяц, я ўбачыў пад гарою гарадок з пахіленымі ў розныя бакі званіцамі.
Па дарозе да горада беглі Карабас Барабас і прадавец п'явак.
Заяц сказаў: «Эхе-хе, вось яно, заечае шчасце! Яны ідуць у Горад Дурняў, каб наняць паліцэйскіх сабак. Гатова, мы прапалі».
Заяц зусім абвяў. Уткнуўся носам у лапкі і апусціў вушы. Я прасіў, я плакаў, я нават кланяўся яму ў ногі. Заяц не варушыўся.
Але калі з горада выскачылі галопам два курносыя бульдогі з чорнымі павязкамі на правых лапах, заяц дробна задрыжаў усёй скурай, — я ледзь паспеў ускочыць на яго верхам, і ён даў шалёнага драла па лесе…
Астатняе ты сам бачыў, Бураціна.
П'еро скончыў расказ, і Бураціна спытаў яго асцярожна:
— А ў якім доме, у якім пакоі пад лесвіцай знаходзяцца дзверцы, што адмыкае ключык?
— Карабас Барабас не паспеў расказаць пра гэта… Ах, ці не ўсё роўна нам, — ключык на дне возера… Мы ніколі не ўбачым шчасця…
— А гэта ты бачыў? — крыкнуў яму ў вуха Бураціна. І, выцягнуўшы з кішэні ключык, пакруціў ім перад носам П'еро. — Вось ён!
Бураціна і П'еро прыходзяць да Мальвіны, але ім адразу ж прыходзіцца ўцякаць разам з Мальвінай і пудзелем Артамонам
Калі сонца ўзнялося над скалістай горнай вяршыняй, Бураціна і П'еро вылезлі з-пад куста і пабеглі цераз поле, па якім учора ўночы кажан звёў Бураціна з дома дзяўчынкі з блакітнымі валасамі ў Краіну Дурняў.
На П'еро смешна было глядзець, — так ён спяшаўся хутчэй убачыць Мальвіну.
— Паслухай, — пытаўся ён праз кожныя пятнаццаць секунд, — Бураціна, а што, яна будзе рада мне?
— А я адкуль ведаю…
Праз пятнаццаць секунд зноў:
— Паслухай, Бураціна, а раптам яна не будзе рада?
— А я адкуль ведаю.
Нарэшце яны ўбачылі белы домік з намаляванымі на аканіцах сонцам, месяцам і зоркамі.
З коміна ўзнімаўся дымок. Вышэй яго плыло невялікае воблака, падобнае на кашэчую галаву.
Пудзель Артамон сядзеў на ганку і час ад часу гыркаў на гэтае воблака.
Бураціна не вельмі хацелася вяртацца да дзяўчынкі з блакітнымі валасамі. Але ён быў галодны і яшчэ здалёку пацягнуў носам пах паранага малака.
— Калі дзяўчынка зноў надумаецца нас выхоўваць, нап'ёмся малака, — і нізавошта я тут не застануся.
У гэты час Мальвіна выйшла з доміка. У адной руцэ яна трымала фарфоравы кафейнік, у другой — кошык з пячэннем.
Вочы ў яе ўсё яшчэ былі заплаканыя, — яна была ўпэўнена, што пацукі выцягнулі Бураціна з каморкі і з'елі.
Толькі яна села за лялечны стол на пясчанай дарожцы, — блакітныя кветкі загайдаліся, матылькі ўзняліся над імі, як белыя і жоўтыя лісты, і з'явіліся Бураціна і П'еро.
Мальвіна так шырока расплюшчыла вочы, што абодва драўляныя хлопчыкі маглі б свабодна туды скочыць.
П'еро, убачыўшы Мальвіну, пачаў мармытаць словы — такія няскладныя і неразумныя, што мы іх тут не прыводзім.
Бураціна сказаў як быццам нічога і не было:
— Вось я яго прывёў, — выхоўвайце…
Мальвіна нарэшце зразумела, што гэта не сон.
— Ах, якое шчасце! — прашаптала яна, але адразу ж дадала дарослым голасам: — Хлопчыкі, ідзіце зараз жа мыцца і чысціць зубы. Артамон, правядзі хлопчыкаў да студні.
— Ты бачыў, — прабурчаў Бураціна, — у яе бзік у галаве — мыцца, чысціць зубы. Каго хочаш са свету зжыве чысцінёй…
Усё ж яны памыліся. Артамон кутасікам на канцы хваста пачысціў ім куртачкі…
Селі за стол. Бураціна аплятаў яду за абедзве шчакі.
П'еро нават не адкусіў ні кавалачка пірожнага; ён глядзеў на Мальвіну так, нібы яна была зроблена з міндальнага цеста.
Ёй гэта нарэшце надакучыла.
— Ну, — сказала яна яму, — што вы такое ўбачылі ў мяне на твары? Снедайце, калі ласка, спакойна.
— Мальвіна, — адказаў П'еро, — я даўно ўжо нічога не ем, я складаю вершы…
Бураціна затросся ад смеху.
Мальвіна здзівілася і зноў шырока расплюшчыла вочы:
— У такім разе — пачытайце вашы вершыкі.
Прыгожанькай рукой яна падперла шчаку і ўзняла прыгожанькія вочы да воблака, падобнага на кашэчую галаву.
П'еро пачаў чытаць вершыкі з такім завываннем, нібы ён сядзеў на дне глыбокай студні:
Прапала Мальвіна, нявеста мая…
Праз гэта спакою не ведаю я.
Рыдаю, не знаю — куды мне падацца,
З жыццём, можа, лялечным лепш развітацца?
Не паспеў П'еро прачытаць, не паспела Мальвіна пахваліць вершыкі, якія ёй вельмі спадабаліся, як на пясчанай дарожцы з'явілася жаба.