Час second-hand
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Серия: Галасы Утопіі #5
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Год: Ловінаў
- ISBN: 978-985-562-096-0
- Переводчик: Валерый Стралко
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
…На гарадскім рынку я разгаварылася з адным чачэнцам… Пятнаццаць гадоў, як у іх вайна і яны тут ратуюцца. Распаўзаюцца па Расіі… па розных кутках… А быццам бы вайна… Расія з імі ваюе… «спецаперацыя»… Што гэта за вайна такая? Малады быў чачэнец: «Я, мамуля, не ваюю. У мяне жонка — руская». А я чула гісторыю… магу і вам расказаць… Чачэнская дзяўчына закахалася ў рускага лётчыка. Прыгожага хлопца. Па ўзаемнай згодзе, яны дамовіліся — выкраў ён яе ў бацькоў. Павёз у Расію. Пабраліся. Усё як мае быць. Нарадзілі хлопчыка. Але яна плакала і плакала, ёй было шкада сваіх бацькоў. І яны напісалі ім ліст: даруйце, маўляў, нам… мы кахаем адно аднаго… Прывітанне ад рускай мамы перадалі. А ўсе гэтыя гады родныя браты гэтую чачэнку шукалі, хацелі забіць, таму што яна зганьбіла іх сям’ю — выйшла замуж за рускага, мала, што ён рускі, дык ён яшчэ іх бамбіў. Забіваў. Па адрасе на канверце яны знайшлі хутка… Адзін брат яе зарэзаў, а другі потым прыехаў, каб дадому забраць. (Маўчыць.) Гэтая вайна паганая… гэтая бяда… прыйшла да мяне ў дом. Я цяпер усё збіраю… усё пра Чачню чытаю, дзе знайду. Распытваю… Я хацела б туды паехаць. І каб мяне там забілі. (Плача.) Я была б шчаслівая. Такое маё шчасце матчына… Ведаю адну жанчыну… Ад сына нават чаравікаў не знайшлі, снарад проста ў яго трапіў. «Я была б шчаслівая, — прызналася яна мне, — калі б ён у роднай зямлі ляжаў. Хоць бы кавалачак…» Ужо гэта для яе было б шчасцем… «Мамуля, у цябе ёсць сын?» — спытаў мяне гэты чачэнец. — «У мяне сын ёсць, але ў мяне дачка загінула ў Чачні». — «Рускія, я хачу ў вас запытацца, што гэта за вайна? Вы забіваеце нас, калечыце, а потым лечыце ў сваіх бальніцах. Бамбіце і рабуеце нашыя хаты, а потым іх будуеце. Угаворвалі, што Расія — наш дом, а мне кожны дзень з-за маёй чачэнскай фізіяноміі трэба даць міліцыі хабар, каб яны мяне не забілі да смерці. Ці не абрабавалі. Я іх пераконваю, што не забіваць сюды прыйшоў і не хачу падарваць іх дом. Мяне маглі забіць у Грозным… але могуць забіць і тут…»