БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
15 кастрычніка 1962 году была заснаваная беларусамі штатаў Нью-Йорк і Нью-Джэрсі карпарацыя «Рэсорт Бэльэр Менск», якая купіла і ўтрымлівала ў курортным местачку Глен Спэй (штат Нью-Йорк) дачную маемасьць для адпачынку беларусаў. З усёй Амэрыкі і Канады беларусы прыяжджалі сюды адпачываць, моладзь ладзіла спартовыя спаборніцтвы, а старэйшае грамадзтва арганізавала тут грамадзкія зьезды. Карпарацыя Ня вытрымала фінансава і прадала гэтую маемасьць за намінальную цану беларускім праваслаўным прыходам у Саўт-Рывэры і Рычмонд Гілл 30 траўня 1970 году. Ад гэтага фінансавая гаспадарка рэсорту паправілася і ён далей служыць тым самым мэтам.
У 1951 годзе беларусы распачалі арганізацыю ўстановы па фінансавым забяспячэньні. Яны зьвярнуліся да «Украінскага Рабочага Саюзу» з просьбай заснаваць пры ім беларускія аддзелы з тым, што калі беларускія аддзелы будуць у стане існаваць самастойна, каб яны, маглі аддзяліцца са сваімі фінансавымі фондамі. Атрымаўшы вусную згоду, беларусы распачалі арганізацыю аддзелаў у Нью-Йорку, Саўт-Рывзры, Пассэйку і Чыкаго. Аддзелы расьлі досыць пасьпяхова. Тады сябры пачалі дамагацца ад УРС умовы на пісьме. На скліканай канфэрэнцыі беларускіх сяброў старшыня УРС Бацюк асьведчыў, што такой умовы аб аддзяленьні беларускіх аддзелаў з фондамі ён даць ня можа, бо яна не прадбачана іх статутам. Беларукія аддзелы ня могуць выступаць з фондамі, а толькі індывідуальныя сябры і бяз фондаў на асновах, прадбачаных статутам. Такім чынам зьнікла патрэба арганізацыі беларускіх аддзелаў пры УРС, а існуючыя беларускія аддзелы пачалі паволі заміраць.
У 1960 годзе ў ЗША пераехаў на сталае жыцьцё прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі. Ён выдаваў адозвы да беларускай грамадзкасьці, наведваў беларускія асяродзьдзі і праводзіў працу ў абсягу БЦР пад час займаньня гэтага становішча. Памёр ён у 1976 годзе і быў урачыста пахаваны на беларускім могільніку ў Саўт-Рывэры (штат Ныо-Джэрсі).
Эмігранты напрамку «крывічоў», прыехаўшыя ў ЗША, пачалі засноўваць свае арганізацыі і ўстановы. Агульнай арганізацыяй, гуртуючай і рэпрэзэнтуючай беларусаў гэтага напрамку, было арганізаванае ў 1950 годзе Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне з галоўнай гасподай у Нью-Йорку і аддзеламі ў Нью-Брунсьвіку (штат Нью-Джэрсі); Клевэляндзе (штат Огайо); Дэтройце (штат Мічыган). У Нью-Йорку праводзіла працу Крывіцкае (Беларускае) Навуковае Таварыства Пранціша Скарыны пад кіраўніцтвам д-ра Я. Станкевіча. Гэтае таварыства выдавала непэрыядычны навукова-літаратурны часапіс пад назовам «Веда». «Крывіцкая» група арганізавала выданьне газэты «Беларус» і ладзіла папулярныя лекцыі з беларусаведы ў Нью-Йорку.
Пазьней гэтая група арганізавала Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва са старшынёй д-рам В. Тумашам на чале. Гэты інстытут непэрыядычна выдаваў часапіс навукова-мастацкага зьместу «Запісы». Тут былі выдадзеныя кніга В. Тумаша, прысвечаная Ф. Скарыну, творы Янкі Купалы і паэзія Н. Арсеньневай.
Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (некананічная) была перавезеная з Нямеччыны ў Амэрыку. Тут былі арганізаваныя прыходы: у Брукліне (штат Нью-Йорк); у Нью-Брунсьвіку (штат Нью-Джэрсі); у Клевэляндзе (штат Огайо) і ў Дэтройце (штат Мічыган). Галавой гэтай царквы быў яп. Тамашчык, які пераехаў сюды з Нямеччыны. Пазьней быў высьвячаны на япіскапа сьв. Андрэй Крыт, які па сьмерці яп. Тамашчыка быў узьведзены ў сан мітрапаліта.
Абрамчык прызначыў прадстаўнікоў ураду БНР у ЗША, якія дзеілі пад яго кіраўніцтвам.
Характэрна, што кіраўнічыя становішчы ў арганізацыях «крывіцкай» групы займалі беларусы рыма-каталіцкага веравызнаньня, або праваслаўныя, перайшоўшыя ў вунію. Праваслаўныя кіраўнікі адсоўваліся ад становішчаў досыць хутка, як гэта было з А. Калубовічам, К. Мерляком, Л. Галяком і іншымі.
У 1950 годзе камуністычная Паўночная Карэя пры падтрымцы ўраду СССР і камуністычнага Кітаю напала на Паўднёвую Карэю з мэтай заняць яе. Можна было спадзявацца, што гэта пачатак большай камуністычнай экспансыі. ААН выступіла са збройнай контракцыяй. Уплывовыя колы ў ЗША стварылі Амэрыканскі Камітэт Для Вызваленьня ад Бальшавізму, які арганізаваў радыёстанцыю «Вызваленьне» для радыёперадачаў у СССР на мовах розных народаў, уключаючы і беларускую. Нацыянальна-палітычная плятформа гэтага камітэту была накіненая згары арганізатарамі яго ў форме «не прэдрэшаць» цяпер будучыні нерасейскіх народаў СССР, якая мае быць вырашаная будучай канстытуцыйнай асамблеяй СССР па вызваленьні ад бальшавізму. Абрамчык са сваёй групай пагадзіўся на гэтую плятформу і пайшоў на супрацоўніцтва з «непрэдрэшэнскім» камітэтам. Арганізацыі іншых нерасейскіх падсавецкіх народаў, якія пайшлі супрацоўнічаць з «непрэдрэшэнскім» камітэтам, стварылі міжнацыянальную арганізацыю «Парыскі блёк», да якога не належалі паважнейшыя арганізацыі нерасейскіх народаў СССР. Некаторы час старшынёй «Парыскага блёку» быў М. Абрамчык.