Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Адчуўшы на сваіх плячах рукі Самохіна, Вера пакрысе пачала супакойвацца, і Валошын сказаў, каб разам скончыць усю гэтую ўжо агорклую яму справу:
— Заўтра ўранку штурмуем вышыню. Мабыць, у сем пачнем. У шэсць трыццаць вы пакінеце батальён. Вера раптам перастала хліпаць і насцярожылася.
— Што? Каб я змылася за паўгадзіны да атакі? Не ўжо, дудкі! Хай мне генерал загадвае! Хай маршал! Хоць сам Бог! Нізашто!
— Ладна, Вера. Не гарачыся. Што ты як маленькая! — пачаў ротны.
Але яна перабіла яго:
— Ага, не гарачыся! Доўга ты без мяне ўцалееш? Дурань, ты ж на першай гадзіне галаву пакладзеш. За табой як за маленькім, глядзець трэба! — праз слёзы казала Вера.
Самохін пакутна паморшчыўся.
— Вось так! — зазначыў камбат, не жадаючы далей працягваць гэтую слязлівую гутарку.
Тым больш знадворку пачуліся крокі, у бліндаж ужо ўлазіў сяржант Нагорны, за ім ішчэ два байцы. Абодва амаль адначасна далажылі:
— Таварыш камбат, радавы Дрозд па вашаму загаду…
— Таварыш камбат, радавы Кабакоў…
Гэта таксама былі новыя байцы ў батальёне, не вядомыя яму з твару, хоць прозвішча Дразда ён памятаў з папер, якія падпісваў, перш чым паслаць у штаб палка для ўзнагароджання за зімовыя баі пад станцыяй Гуляеўка. Яшчэ ён успомніў, што гэтага Дразда некалі на партсходзе хваліў нябожчык палітрук сёмай Пятрэнка. Дрозд і сапраўды рабіў добрае ўражанне сваёй ладнаю дужай постаццю і даверлівым, трохі наіўным тварам, які выражаў цяпер увагу і гатоўнасць выканаць усё, што яму загадаюць. Кабакоў выглядаў горш — танклявы, надзьмуты і апрануты не дужа ахайна, — з-пад целагрэйкі тырчаў зялёны каўнер нямецкага кіцеля, нацягнутага для цяпла паверх гімнасцёркі.
— Стаяць тут няма як, таму сядайце і слухайце, — сказаў Валошын. Байцы зважліва апусціліся ў мігатлівы прыцемак пад сцяной. — Вам баявая задача. Вельмі важная. I зусім простая. Узяць нажы ці штыхі, а таксама паболей паперы — газет, кніжку якую мо растрыбушыць, ціхенька перайсці балота і з узмежка — па-пластунску ўгору да нямёцкай траншэі. Без аніводнага гуку. Ля траншэі развярнуцца і такім жа манерам назад. Вось і ўсё. Зразумела?
Байцы шырокімі вачмі глядзелі на камбата.
— Не зразумела? Тлумачу. Прапаўзці і нажамі прамацаць зямлю. Калі дзе міна — не чапаць. Толькі на тое месца кавалак паперы і глыжом прыціснуць. Каб ветрам не здзьмула. I так далей. Цяпер ясна?
— Ясна, — не дужа ўпэўнена сказаў Дрозд.
Кабакоў шмыргануў носам, камбат уважліва паглядзеў на яго.
— Усё гэта зойме ў вас не больш дзвюх гадзін. Можа, так здарыцца, што на нейтралцы будуць немцы. Тады паслухайце, чым яны займаюцца. I назад. Я вас чакаю. Пытанні ёсць?
— Ясна, — трохі ўжо болей бадзёра, чым першы раз, сказаў Дрозд.
Кабакоў зноў шмыргануў носам і няпэўна закашляўся.
— Значыць, усё зразумела? — заключыў камбат. — Тады сяржант Нагорны праводзіць вас да лёду і паставіць задачу на мясцовасці.
Байцы ўсталі з-пад сцяны, павярнуліся да выхаду, але Кабакоў, які быў першы, раптам спыніўся.
— Я гэта… таварыш камбат, кашляю.
— Да? I здорава?
— Як калі. Часам калі нойдзе…
Баец з перабольшаным стараннем пракашляўся.
Валошын зірнуў у яго вочы і ўбачыў там неадольную боязь — занадта знаёмае на вайне пачуццё, толькі згледзеўшы якое, усё станавілася простым да абурэння. Цяпер, аднак, камбат пастараўся быць стрыманым.
— Тады адставіць, — сказаў ён рашуча. — Вашу кандыдатуру адставіць. Замест вас пойдзе старшы сяржант Нагорны.
— Ёсць! — сказаў Нагорны і запытаў, счакаўшы: — Дазвольце выконваць?
— Выконвайце, — сказаў камбат. — Вернецеся — адразу ка мне.
Нагорны з Драздом вылезлі, напусціўшы сцюжы. Кабакоў паныла апусціў галаву.
— Баіцёся? — запытаў камбат, ва ўпор разглядваючы байца і як заўжды ў такіх выпадках чакаючы апраўдання і хлусні.
Але Кабакоў ціха пацвердзіў:
— Баюся.
I яшчэ ніжэй нагнуў галаву. Канец провада дагарэў да самае палкі, пачаў дымна хліпаць, Вера прыўстала на ногі і з запасам пацягнула яго з-пад столі.
— Лейтэнант Самохін, ён што — заўжды труса святкуе?
— Ды не быццам. Не замячалася.
— Даўно на фронце?
— Чатыры месяцы.
— Адкуль сам?
— 3 Пензенскай вобласці.
— Хто дома?
— Маці. I тры сястронкі.
— Старшыя?
— Меншыя. У школу ходзяць.
— А бацька?
— Няма. У сорак першым з-пад Кіева прыслаў адно пісьмо, і ўсё.
Стала ціха. Вераценнікава гаротна, перарывіста ўздыхнула. Знадворку пачулася страляніна — кулямётная чарга недзе на ўчастку суседзяў.