Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Смерць — мужчына - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Смерць — мужчына

Электронная книга - «Смерць — мужчына». Краткое содержание книги:

Сьмерць заўсёды прадстаўляецца нам у вобразе старой кастухі-жанчыны, худой, зсівелай, якая бадзяецца па сьвеце ў пошуках таго, каму прыйшла пара перайсьці ў сьвет іншы, другі, магчыма, лепшы. Нават сама назва «сьмерць» - жаночага роду. Дык і не дзіва, што малююць яе жанчынаю ў доўгім плашчы, са спушчаным на вочы каптуром, з касою ў руках. Малююць такою, быццам яна вечны касец, вандруе па Зямлі, збіраючы жудасны плён. І тут ўжо закралася нясьцісласьць. Жанчына – жняя, яе рукам больш прывычны серп. Магчыма, таму Адам Глёбус выводзіць сваю тэорыю, сьцьвярджаючы, што «Смерць — мужчына, а не жанчына. Нязвыкла, але смерць — ён, а не яна, як мяркуе тутэйшая большасць. Усе выявы з жанчынамi, што размахваюць косамi, — падман недасведчаных. Смерць — мужчына!». (Н.Г.)
1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 34
Перейти на страницу:

"Мне захацелася пражанага мяса, — расказваў Расцiслаў Васiльевiч. — Я пайшоў на Камароўскi кiрмаш i ўзяў кiлаграм свежыны. Пераплацiў , але ж адна мякаць без костак i сала. Я пражыў яе ў шкляной рандэлi з бульбаю, цыбуляй, морквай, чорным перцам i лаўровым лiстом. Ты не ўяўляеш, як прыгожа глядзеўся той нацюрморт на маленькiм агнi. А водар якi! Увесь iнтэрнат заглядаў на кухню i любаваўся сакаўною свежанiнаю, што калiхавала ў шкляной рандэлi. Нават Мулявiн заходзiў, я, дарэчы, нi разу не бачыў, каб ён нешта гатаваў, акрамя яечнi на сале. Гадзiну я любаваўся сваiм творам. I калi мяса згатавалася, я пагасiў полымя, узяў рандэлю за тоўстыя вушкi i... Бог мой! Рандэля так напалiлася, што я не змог яе ўтрымаць i ўпусцiў на падлогу. Выбух. Феерверк са шкла, мяса, бульбы, морквы... Я ледзь не заплакаў".

А галоўнае, калi глядзiш на Расцiслава Васiльевiча, — узнiкае радасць. Радуешся i сам не ведаеш — чаму. Падобная радасць з'яўляецца, калi глядзiш, як у алюмiнiевай конаўцы гарыць спiрт.

Занатоўкі мастака

ЗАЧАРОЎВАЕ...

* * *

Зачароўваюць хутказменлiвыя аблокi на густа-блакiтным шаўковым небе, асаблiва апошнiмi цёплымi вераснёўскiмi днямi.

* * *

Паркавы вадаспад спачатку клiча... Падыходзiш, глядзiш на заслону з тонкiх струменяў, на лёгкiя пухкiя шапкi шуму, на вiрлiвыя пераплаўленнi чорнае глыбiнi... Вадаспады зачароўваюць.

* * *

Люстэркi, пастаўленыя адно насупраць аднаго, зачароўваюць; яшчэ больш зачароўвае невялiкi пакой, сцены, столь i падлога якога абшыты люстэркамi. Адна, хай i вельмi вялiкая люстраная сцяна, нiколi не зачаруе.

* * *

Восеньскiм ранкам, калi я хадзiў у дзiцячы сад, нашую групу вадзiлi на прагулянкi ў парк. Мы збiралi ў кiшэнi i шапкi жалуды, а кляновыя "носiкi" падкiдалi ў кастрычнiцкую сiнечу. "Носiкi", мы iх называлi верталётамi, круцячыся, апускалiся долу. А мы iх падкiдалi зноў - хто вышэй? Мяне i цяпер зачароўвае палёт кляновага верталёцiка.

ЛЁГКА ЗАПОМНІЦЬ...

* * *

Лёгка запамiнаюцца прозвiшчы старшакласнiкаў i старшакурснiкаў. Спытаюць: з кiм ты вучыўся? I пачынаеш называць спачатку старэйшых, потым аднагодкаў i амаль нiколi не называеш малодшых.

ПОМНЮ З ДЗЯЦІНСТВА...

* * *

Добра помню з дзяцiнства будынiну гарадскога халадзiльнiка - доўгiя высозныя сцены без вокнаў i вялiзарныя плямiны цвiлi на iх.

* * *

Мамiна мацi, баба Ядзя, каляндарным лiстком падпальвала ў печы.

* * *

Бацькава мацi, баба Броня, казала, каб не даваў руку старым людзям, калi яны збiраюцца памiраць. Тлумачыла тым, што чортава сiла не дае лёгкай смерцi, а праз руку можна гэтую сiлу перадаць iншаму чалавеку, што жанчыне лягчэй перадаваць хлопцу, а мужчыну лягчэй, калi руку падасць дзяўчына. Баба Броня, калi расказвала, сядзела на ложку, а я тым часам, седзячы за сталом, маляваў чырвоныя дзверы дзедавай хаты. Прайшло, можа, хвiлiн пяць, я i забыўся пра бабiны словы. А яна раптам на ўсю хату: "Прасiць будуць, а ты не давай рукi!".

Так i запомнiлася папярэджанне.

* * *

Этажэркi вымерлi.

У нас была этажэрка з дыхтоўнымi палiчкамi, са стойкамi, састаўленымi з нiтачных катушак. Суседзi мелi этажэрку з бамбуку. Былi i лазовыя этажэркi - светлыя, з выпаленымi рыскамi арнаменту.

Я ўжо гадоў дзесяць не сустракаў "жывой" этажэркi.

Мэбля, як i жывёлы, вымiрае цэлымi вiдамi.

Этажэркi вымерлi.

* * *

Мой сваяк - Казiмiр Кiсель - шрот i насенне захоўваў у аднолькавых мяшэчках.

РОБІЦЦА НЯЁМКА...

* * *

Няёмка робiцца, калi ў час размовы пазяхнеш. Дзiўна яшчэ й тое, што ў няёмкае становiшча трапляеш не толькi сам, а i ўсе прысутныя - i тыя, што гавораць, i тыя, што слухаюць, i нават тыя, што не слухаюць.

ПРЫЕМНА Ў РУЦЭ ТРЫМАЦЬ...

* * *

Прафесiйна i таму крыху нядбайна завостраны аловак прыемна трымаць у руцэ.

* * *

Толькi што знойдзеную ў археалагiчным шурфе касцяную шахматную фiгуру прыемна паказваць, узважваючы на далонi.

* * *

Прыемна ў руцэ трымаць пясочны гадзiннiк; здаецца, пакладзi ты яго на бок - i спынiцца час.

* * *

Добра выдадзены, нiкiм не прачытаны асобнiк кнiгi твайго любiмага пiсьменнiка прыемна ў руцэ трымаць, прыемна пагартаць старонкi i прачытаць адзiн-два сказы.

МЕСЦЫ, ДЗЕ ЛЮБЛЮ БЫВАЦЬ...

* * *

Нiкуды не збiраючыся ехаць, люблю прыйсцi на вакзал i пашукаць людзей, што прыйшлi сюды не сустракаць i не ехаць, а паглядзець, як гэта робяць iншыя.

* * *

Дом хутка знясуць. У такiх, асуджаных на знiшчэнне, дамах з выламанымi дзвярыма i павыбiванымi шыбамi адчуваеш, як скразнякi выносяць чалавечы дух. Цяжка сцвярджаць, што люблю бываць у такiх вось дамах, дакладней будзе - не магу абмiнуць.

* * *

Люблю наведваць закiнуты стадыён. Брама павалiлася i, лежачы ў плыткай калюжыне, iржавее. Асфальт на сцежках патрэскаўся. Трыбуны i поле пазарасталi высокай травою. На прыступках зелянеюць купiны моху. Спакой...

1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 34
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)