Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 145 146 147 148 149 150 151 152 153 154
Перейти на страницу:

— Табе холадна, — сказала яна. — Кладзіся таксама сюды.

Ён лёг і адчуў яе побач. Подых з яе вуснаў часам нібы гладзіў яму шчаку, а побач, зусім блізка, блішчалі ў змроку яе вочы. Гэта было прыемна. І адначасова страшна.

— Ты накідай на сябе сена. А то давай я раскручуся і дам табе частку плашча.

— Не, — сказаў ён.

Яна нічога не разумела. Яна проста забыла пра ўсё ў хвіліну сумеснай непрыемнасці. Сябру было дрэнна, і яна прапанавала. Але яе шэпт здаваўся яму іншым, не такім, як пры сонцы, а прапанова спалохала так, што яшчэ некалькі хвілін ледзяныя хвалі страху падымаліся аднекуль ад ног, заліваючы сэрца.

Гэта было немагчыма: легчы з ёю побач, пад адным плашчом. Гэта было, як мяжа. І невядома было, што тады рабіць, як гаварыць, як заўтра паглядзець у вочы?!

Дый ці будзе яно яшчэ, тое заўтра, пасля такога найвялікшага ў свеце блюзнерства.

Вядома, не будзе.

Вецер веяў і веяў у шчыліны. Свежы і халодны, ён прабіраў наскрозь.

— Зусім ты нядобры, — сказала яна. — І самому халодна, і мне. Злуешся на мяне?

— Не.

— То чаму?

Алесь лёг у ямінку побач з ёю.

— Бачыш, так цяплей.

Ён прыціснуўся да яе бокам, адчуваючы пах яе скуры і пах піжмы, канюшыны і нібыта медуніцы. Ён адчуваў яе цеплыню і цеплыню сена, а вецер цяпер толькі зрэдку гладзіў ягоны твар.

Гэта было толькі як наканаванне, за якім ішла цемра і ўсё самае жахлівае, што магло быць на зямлі.

— Ну вось, цяпер добра. Я засну цяпер, — сказала яна.

Прамуркатала і заціхла. Пакінула яго аднаго.

Калі ён прысунуўся бліжэй, яна нешта муркатнула ў сне і даверліва прыціснулася да яго.

І тут ён зразумеў, што не можа, не павінен аддацца ва ўплыў гэтаму невядомаму, за якім канец усяму. Ён адчуваў, што назаўсёды перастаў бы паважаць сябе, што падмануў і растаптаў бы самае лепшае, што было дадзена кімсьці яму і ёй.

Але ад гэтага гора яго не было меншае.

— Божа, вызвалі мяне… Вызвалі мяне… Вызвалі…

Насланнё згасала і на згасала ў пакутным болю. І ён тужыў за ім, але што, што было рабіць…

За шчылястымі сценкамі зноў узнік незразумелы шум, а разам з ім — галасы.

"Адкуль? "

Ён асцярожна падпоўз да сценкі.

Наступная сіняя бліскавіца вырвала з цемры тое, чаго яны не бачылі з-за адрыны, калі пад'язджалі да яе. Бо адрына стаяла ў самым вузкім месцы галявіны, закрываючы ўсё астатняе.

Алесь убачыў маленькі ставок, грэблю і аксамітную страху млынка. Зусім недалёка. Сажняў за пяцьдзесят. Значыць, шум млынавога кола заглушыла сцяна дажджу.

Сцежка, па якой яны выехалі да адрыны, мела працяг на другі бок. Тут адно рзгалінаванне яе ішло да млына, а другое знікала ў лесе. І на скрыжаванні… ён заўважыў гэта пры другім усплёску маланкі… стаялі два чалавекі. Высокая жанчына ў чорнай хусціне і стары ў белым, па ўсім відаць — жабрак.

Вада залівала ўсё між стваламі, і калі наступная маланка секанула цемру, усё між дрэў і на паплаўцы ўспыхнула. Нібы зямлю залілі расплаўленым срэбрам.

Стары стаяў, прыкрыўшы крысом світкі ліру. Доўгія вусны падалі ніжэй барады.

"Дзе гэта мы? — падумаў Алесь. — Няйначай, гэта Паківачоў млын".

— Пойдзеш гэтай сцежкай, — сказала жанчына ўладна. — Берагам Папараці зараз нельга. Там дзве кладкі нізкія. Іх заліло. Ды тут нават бліжэй. Праз гадзіну выйдзеш да Дняпра.

І паказала рукою ў нетры.

— Бывай і прабач. Справа пільная. Лапаты цябе і сагрэюць, і накормяць, і адплацяць за ўсё. Ды я не забуду. Не першы раз, дзякуй богу, памагаем.

— Але ж.

— Баркалабаўскім, калі будзеш там, перадай: хадзіць пакуль не трэба. Скажы: воўчыя красы ў жніўні… А Лапатам скажы: на пэўнай хароміне хутка чырвоны Будзімір заскача, шэранькага Варгана да кучаравых божых авечак пусціць.

— Добра.

— Таму што, перадай, той, хто трэба, уцёк. З таго месца ўцёк, дзе людзі шышкі ядуць, а ў бочцы плаваюць… Ну, ідзі.

Жанчына тройчы пацалавалася з жабраком. Наступны ўсплёск азарыў белую постаць, што ўваходзіла ў лес, і чорную вялікую постаць жанчыны, якая прамавала да млына…

Алесь вярнуўся на сваё месца і, прытуліўшыся да Майкі, пачаў думаць. Некуды зніклі і жах, і насланнё. Ён проста адчуваў яе побач з сабою, слухаў яе ціхія ўздыхі і баяўся за яе, бо адчуваў, што вакол пануе небяспека, што ў гэтым лесе і гэтым млыне пануе, жыве і крадзецца да адрыны нешта нядобрае і пагрозлівае. І ён баяўся за яе, бо адчуваў: яна па-новаму бязмерна дарагая яму. Стала такой пасля гэтай ночы жаху і наслання. Але ехаць адразу таксама было нельга. Яны нагоняць жабрака на лясной сцежцы, спудзяць яго і гэтых людзей, якія рыхтавалі нейкую сваю цёмную справу. А за сценамі дождж. Хочаш не хочаш, а трэба было ляжаць.

1 ... 145 146 147 148 149 150 151 152 153 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)