Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 148 149 150 151 152 153 154 155 156 ... 264
Перейти на страницу:

— Да мужа?

Памятаючы шлюбную авантуру герцага Гіза, Радзівіл не мог не разумець, што Брусэль — апошняе месца на зямлі, куды варта было ехаць адданай жанчыне. Ферх і пан Пуцята, якія, вядома, таксама былі абазнаныя ў асабістам жыцці прынцэсы, няёмка пераглянуліся.

— Баюся, герцаг выехаў з горада, — нарэшце сказаў князь. — Мы сустрэлі яго карэту каля гарадской брамы. Няўжо ён вам нічога не пісаў? — пацікавіўся ён, спрабуючы зразумець, як далёка могуць сягнуць мяжы чалавечай бессаромнасці.

Ганна пачырванела яшчэ больш.

— Я ўжо даўно не атрымлівала яго лістоў, — адказала яна. — Напэўна, з-за гэтай праклятай вайны… А, можа, проста не жадае кідаць цень на мяне, бо ў Францыі… вы ж, напэўна, ведаеце, мансеньёр, яго чакае эшафот.

Багуслаў кіўнуў.

— Вы адважная жанчына, мадам, — сказаў ён, — калі вырашылі падзяліць лёс выгнанца.

— Я перад богам паклялася, што буду з ім і ў радасці, і ў бядзе, — з выклікам сказала прынцэса.

Пан Пуцята закашляўся ад хвалявання. Мяркуючы, што маршалак можа распусціць язык, князь строга паглядзеў на яго, загадваючы маўчаць. Яму самому вельмі не хацелася ўмешвацца ў гэтую справу, але не ўмешвацца ён таксама не мог.

х х х

У вартым жалю камбрэскім шынку, дзе падарожныя спыніліся, чакаючы, калі слугі парамантуюць карэту маркізы, падарожнікам змаглі прапанаваць хіба дах над галавой, яечню з толькі што спечаным хлебам і кубак гарачага віна. Зрэшты, Радзівіл, які меў з сабой дастаткова харчоў, не звяртаў увагі на такія дробязі. Куды больш яго хвалявала размова з Ганнай Ганзага.

— Я б не хацеў быць крумкачом, які прыносіць дрэнныя навіны, і хацеў бы, каб вы даведаліся іх не ад мяне, — нарэшце сказаў князь, калі яны з прынцэсай змаглі адасобіцца. — Але калі ўсё ж вырашыце працягнуць сваю паездку, думаю, вам лепш ведаць, што чакае наперадзе.

Ганна трывожна зірнула на яго.

— Пра што вы, прынц? — спытала яна.

Багуслаў адкашляўся.

— Некалькі тыдняў таму герцаг Гіз «ажаніўся» ў Брусэлі з графіняй Басут. Небарака абвясціла, што ляжа ў яго ложак не палюбоўніцай, а законнай жонкай, — сказаў ён. — Кажу вам гэта, каб зберагчы ад кпінаў, якімі абавязкова прывітае сталіца Фландрыі, калі, вядома, вы вырашыце туды прыехаць.

Пачуўшы гэта, прынцэса, як рыба, некалькі хвілін хапала ротам паветра.

— Вы… вы гэта прыдумалі, — прашаптала яна. — Гэта… гэта няпраўда! Ён не мог такое ўчыніць са мной!

Радзівіл маўчаў, і абурэнне маркізы Ганзага хутка змянілася слязьмі. На плач гаспадыні прыбегла і камерыстка, якая пачала яе супакойваць. Багуслаў, сэрца якога разрывалася ад спагады, адчуў, што ён тут лішні.

— Я прышлю да вас свайго лекара, — сказаў ён, выходзячы.

Заспакаяльная настойка княжацкага медыка сапраўды дапамагла, раніцай прынцэса Ганна здавалася спакойнай і змагла нават праглынуць некалькі кавалкаў халоднай кураціны.

— Вы сапраўды не прыдумалі гэтую гісторыю, прынц? — нарэшце спытала яна, пільна пазіраючы князю ў вочы.

— Хацеў бы прыдумаць, калі ўбачыў, як вы пакутуеце, — сказаў Багуслаў. — Але, на жаль, так яно і ёсць…

— Мярзотнік, — на вачах у Ганны зноў з’явіліся слёзы. — Які ж ён мярзотнік!

— Не буду адмаўляць, — сказаў Радзівіл і, убачыўшы, што жанчына зноў збіраецца расплакацца, хутка сказаў: — Мадам, я разумею ваша гора, але, баюся, павінен працягваць падарожжа. Слугі ўжо адрамантавалі карэту, і вы таксама можаце рухацца.

— І куды ж мне ехаць? — усхліпнула Ганна Ганзага.

Багуслаў узяў яе дрыготкія рукі ў свае.

— Думаю, вам лепш вярнуцца дадому і ўжо адтуль напісаць герцагу Гізу і ўсё высветліць. Думаю, у яго павінна хапіць рэшткаў сумлення хоць неяк растлумачыць вам свой учынак.

Ганна падняла на яго залітыя слязьмі вочы.

— Я вам не веру, — прашаптала яна.

Радзівілу здалося, што ён пачынае вар’яцець. Ён не мог бачыць жаночых слёз, асабліва слёз жанчыны, якую калісьці кахаў і (ён здзіўлена зразумеў) да гэтага часу… можа, і не кахае, але па меншай меры, не застаецца да яе абыякавым, бо першае каханне не забываецца.

— Тады ён напіша, што я мярзотнік і хлус, — усміхнуўся ён. — І ў мяне з’явіцца добрая нагода выклікаць яго на паядынак… Словам, мадам, — ён пастараўся, каб яго голас гучаў як мага больш пераканаўча. — Я еду ў Парыж і бяру вас з сабой.

Князь чакаў супраціву, але Ганна Ганзага і не думала супраціўляцца. Уявіўшы, якая ганьба чакае яе ў Брусэлі, калі ўсё сказанае князем — праўда, яна пагадзілася вярнуцца дадому.

Дарога ў Парыж у таварыстве жанчыны, якая аплаквала сваё няшчасце, ператварылася для Радзівіла на вытанчанае катаванне. Каб звярнуць думкі маркізы на іншае, ён перавёў размову на графа Суасона і французскіх арыстакратаў, якія цяпер хаваліся ў Брусэлі ад гневу Рышэлье. Багуслаў зусім не збіраўся выкарыстаць яе гора, каб атрымаць звесткі, для якіх ён, уласна, і ехаў у Францыю. Але жанчына не маўчала.

1 ... 148 149 150 151 152 153 154 155 156 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)