Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
— Таварыш малодшы лейтэнант, памкамузвода клічуць.
Секунду я перасільваў у сабе тое меркаванне, што не трэба б паўзці адсюль, хоць і было ціха, аднак, мабыць, нягожа на полі бою пакідаць узвод без нагляду. Але зноў жа, калі клікаў Хазяінаў, дык, напэўна, прычына гэтага выкліку была слушная.
Таксама, як 1 Маханькоў, я па-пластунску дапоўз да парога і ўскочыў у сені, з якіх насцеж расчыненыя дзверы вялі ў пакой. Ад ранейшых жыхароў тут няшмат чаго і засталося, падлога была завалена зляжалай саломай, ля парога грувасцілася куча зялёных скрынак ад боепрыпасаў. Ні стала, ні ложкаў, ні іншых прадметаў звычайнага сялянскага ўжытку нідзе не было — відаць, на хутары даўно ўжо гаспадарылі немцы. Пасярод хаты на каленях стаяў Хазяінаў; нахінуўшы тэрмас, ён сіліўся нешта разгледзець у ім.
— Лейтэнант, во трафей знайшлі, — зірнуўшы на мяне, сказаў памкамузвода.
— Тэрмас?
— Не тэрмас. У тэрмасе.
Без вялікай цікавасці я таксама зірнуў у лужонае нутро тэрмаса, дзе, да палавіны налітая, гойдалася, адбіваючы акно, нейкая вадкасць.
— Шнапс?
— Гарэлка. Наша, радзімая. Руска-горкая.
Прызнацца, я трохі расчараваўся. Не тое каб я не піў зусім, але ніколі не адчуваў да гарэлкі асаблівай ахвоты. Куды з большым жаданнем я б знайшоў тут што-небудзь гарачае, што можна было б з’есці. А то — гарэлка! Піць яе ў мяне не было жаданай ахвоты — я хацеў есці.
— Давай пагрэемся, лейтэнант, — сказаў Хазяінаў.— Маханькоў, у цябе кварта была.
Маханькоў зняў са спіны даволі пляскаты рэчмяшок і выняў з яго алюмініевую кварту з двайной ручкай у плоскім баку.
— Та-ак! Зараз мы гэта… Толькі я першы. Ці мала чаго…
Папраўдзе, усё гэта мне мала падабалася, але нейкая зважлівая нерашучасць перад старэйшым, болей вопытным на вайне чалавекам не давала настоіць на сваім. Хазяінаў жа яўна радаваўся знаходцы, буйныя рысы яго абветранага, не часта голенага і даўно не маладога твару разгладзіліся, вочы ажывелі і падабрэлі. Церануўшы далонню кварту, ён ашчадна зачэрпнуў ёю з тэрмаса, пры скупым святле з выбітых вокан яшчэ раз паўзіраўся ў вадкасць і выпіў усю да дна.
— Хараша! Наша, наркомаўская.
— Дарма вы, — няўпэўнена пачаў я, але зараз жа змоўчаў пад здзіўленым, амаль што абураным поглядам майго памкамузвода.
— Як дарма? Вы што? Не хочаце — Маханькоў, давай фляжку. Мы яе зараз…
Маханькоў таропка адвязаў ад дзягі шкляную, у брызентавым чахле флягу, беручы якую, Хазяінаў незадаволена хмыкнуў:
— Лепшай не мог дастаць? Ваяка…
Фляга сапраўды была не Бог ведае якой моцы, і памкамузвода, раней чым наліць у яе, пакруціў пасудзіну ў руках, зазірнуў у рыльца, нават панюхаў. Затым чарпануў квартай з тэрмаса і беражна, тоненькім струменьчыкам пачаў наліваць гарэлку.
— Ану збегай да хлопцаў. Яшчэ фляг пяток будзе. Маханькоў ускочыў на ногі і толькі пераступіў парог, як дзесьці ў паўзмроку зімовага вечара над хатай раздаўся кароткі аглушальны трэскат. Ад нечаканасці мне здалося нават, што гэта Маханькоў незнарок даў чаргу з аўтамата. Але ў наступны момант трэск паўтарыўся, з акна са звонам вылецела адзіная там шыба, недзе паблізу грукнуў выбух, і зараз жа дробна і часта затрашчалі наўкола аўтаматныя чэргі.
Спачатку мы ўпалі на салому, потым Хазяінаў, вылаяўшыся, кінуўся да акна, я — да другога, але наскочыў на тэрмас і зноў упаў, выпусціўшы аўтамат. Калі ж я схапіў зброю, Хазяінаў ля акна раптам ненатуральна выпрастаўся і з нейкай дзіўнай марудлівасцю стаў паварочвацца, паварочвацца ў мой бок. Устаючы з долу, я зірнуў у твар памкамузвода і не пазнаў яго — ніжняя сківіца сяржанта дробна тузалася, вочы расшырыліся, зрэнкі закаціліся ўніз. Марудна выпрастаўшыся ля акна і не сказаўшы ні слова, ён раптам усім целам рухнуў пад мае ногі.
Ушчэнт разгублены, я не разумеў, што адбываецца. Дзесь у падсвядомасці нават мільганула думка, што сяржант жартуе, але, здаецца, было не да жартаў. Упаўшы побач, я схапіў яго за плечы і пераваліў на спіну. Белы каўнер паўшубка быў заліты крывёю, кроў і пузырыстая ружовая пена білі з дзвюх кулявых ран на шыі, якраз паабапал горла. Я выхапіў з кішэні штаноў перавязачны пакет і дрыготкімі рукамі пачаў абмотваць бінтом яго шыю. Ля хутара ваўсю грымеў бой, я чуў, як кулі з глухім стукатам дзяўблі сцены, нехта прабег каля хаты, нехта на панадворку крычаў. Пацямнелае неба за акном прарэзаў вогненны бляск блізкіх трас. Трэба было быць там, я ўсёю істотай адчуваў, што сталася бяда, і, не завязаўшы канцы бінта, кінуўся ў дзверы.
У гэты час нехта ўскочыў на ганак.