Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 146 147 148 149 150 151 152 153 154 ... 254
Перейти на страницу:

— З учарашняга чакаюць, — сказаў Сушчэня і, памаўчаўшы, запытаў: — А што, фурманкі — няма?

— Фурманкі няма, — сказаў Войцік, зняў з пляча карабін і зморана апусціўся долу. — У Бабічах немцы.

— Во як!.. Дык як жа цяпер? — затрывожыўся Сушчэня. Вялікія рукі яго прыкметна здрыгануліся на каленях.

— А што цяпер? Прыхаваем і патопаем. Можа, прарвёмся.

— Куды?

— Ну хто куды. Я — у атрад, а ты ж, мабыць, да немцаў хочаш? — сказаў Войцік і сцюдзёнымі вачмі на абвялым, парослым шчэццю твары выпрабавальна ўставіўся ў Сушчэню.

— Я не да немцаў, — з зацятаю крыўдай сказаў Сушчэня. — Вядзі мяне ў атрад. Інакшай дарогі мне няма.

— У атрад, ага. Цябе там чакаюць, — няпэўна прабурчэў Войцік.

Яны памаўчалі трошкі, Сушчэня з пакутай уваччу пазіраў кудысь паверх хвойніку, на варон, што сям-там чарнеліся ў тумане. Ён зразумеў кепскі намёк Войціка, сам ведаў, што нічога добрага яго там не чакае.

— Бурава нада з сабой узяць, — сказаў ён нібы між іншым. — Нягожа тут яго кідаць. Вунь варання колькі.

— Калі сам панясеш, — пагадзіўся Войцік.

— Ну панясу, што ж…

Войцік памаўчыў, нешта згадваючы, а Сушчэня ўжо рашыў у думках, што панясе. Ён не можа тут пакінуць цела Бурава, бо… Бо з чым ён інакш з’явіцца ў той іх атрад? Хіба з сваёй недарэчнай віной.

— Трохі яшчэ пасядзеўшы, Войцік устаў на ногі, паазіраўся ў тумане на вяршалле дрэў і заспяшаўся раптам:

— Калі так — бярыся. Мне яшчэ вінтоўку трэба ўзяць.

На каленях Сушчэня падлез пад нізкае голле бухматай хвойкі, і, ашчаперыўшы нябожчыка пад пахі, выцягнуў яго на вальнейшае месца. Цела Бурава ўжо закалела і стала амаль нягнуткім. Сушчэня ашчадна заламаў угору ягоныя рукі, паклаў сабе на плечы. Затым з натугай узняўся з долу, праўда, ззаду яму трохі пасобіў Войцік, і яны неўзабаве выдраліся з хвойнага гушчару на прасеку.

Наўсцяж усёй прасекі, па лесе між камлёў старых хвой і ў падлеску курэў слотны туман, вяршалле дрэў угары хавалася ў яго плыўкіх рваных пасмах. Відаць было недалёка, на якіх паўсотню крокаў, і, трохі прайшоўшы па-над прасекай, Войцік спыніўся.

— Калі не ў Бабічы, дык трэба лявей браць, — сказаў ззаду Сушчэня. З падкручанай пад ношаю галавой ён локцем паказваў некуды ў туманныя лесавыя нетры.

— Харашо. Толькі вінтоўку вазьму.

Улезшы ў цёмны зараснік ядлоўцу, Войцік задам выбраўся адтуль з сваёй доўгай вінтоўкай, закінуў яе рамянём за плячо. На другім плячы ў яго вісеў карабін Бурава.

— Ну, вядзі! — сказаў ён. — Толькі глядзі мне, каб не прывёў да немцаў.

Сушчэня не адказаў — моўчкі прыдушыў у сабе крыўду, бо была яна далёка не першая, падумаў, што, мабыць, крыўд яму яшчэ хопіць. Яшчэ ён накрыўдуецца, трэба прывыкаць. Калі толькі ўсё як-небудзь абыдзецца. А калі не абыдзецца, дык што ж… Што яму тады тыя крыўды. Праўда, слухаючы цяпер шматзначныя закіды Войціка, ён адчуваў, што трэба б нешта сказаць дзеля свайго апраўдання, нешта растлумачыць з свае недарэчнай гісторыі. Але ён не мог наважыцца на тое, штось яму замінала, і ўсё. Калі б Войцік сам запытаўся ў яго, захацеў зразумець, а так… Аднойчы ўжо наважыўся, перад Буравым, і гэтак няўдала атрымалася — паспавядаўся мёртваму. Чамусьці, аднак, усё ж стала лягчэй, нібыта Бураў яго зразумеў, канаючы. Можа, і зразумеў. Сказаў жа ён Войціку перад тым, як сканаць: «Не чапай Сушчэню», значыць, зразумеў нешта. Першы чалавек за ўвесь час ягоных пакут, ды і той вось… мёртвы. І таму ён нясе яго на сабе, каб не кінуць варанню, немцам… Мабыць, нежывы Бураў быў патрэбны яму для ўпэўненасці і самаадчування праўды, і Сушчэня так трымаўся за яго, як тапелец трымаецца за саломіну. Ці шмат толькі паможа яму тая саломіна?

Гэтая, аднак, даволі-такі цяжкаватая саломіна хутка адбірала ягоныя сілы, Сушчэня пачаў часта спыняцца, папраўляць ношу. Бы прадчуваючы недарэчнасць яго намаганняў, нябожчык ацяжэла імкнуўся долу — туды, да чаго ён ужо належаў з учарашняга надвячорка і куды яго не пускаў гэты былы аднавясковец.

Яны доўга брылі так па золкатуманным лесе, астуджана дыхаючы яго густа спіртавым водарам. Абсыпаны ігліцай дол у бары быў мяккі і чысты, ісці па ім было лёгка і нячутна, верхавіны высачэзных хвой хаваліся ў нізкай туманнай навалачы, неба амаль не было відаць; рэдкі падлесак з параснікаў бярэзніку, ядлоўцу і хвоек таксама ціха стаяў, ахутаны клоччам туману. Было сцішана, глуха, ніводная галінка нідзе не кранулася. Птушак чамусьці не было чуваць, толькі аднойчы ўгары пастукаў на сухадрэвіне дзяцел і сціх. Сушчэня добра ўгрэўся пад шынялём з сваей нялёгкаю ношай, яму даўно ўжо карцела спачыць, але Войцік быццам не заўважаў таго, і Сушчэня быў змушаны брысці далей. Ім трапіліся ўжо дзве прасекі, але абедзве пралеглі ўпоперак іхняга напрамку. Час ад часу пазіраючы ў бакі з-пад локцяў напята расстаўленых рук, Сушчэня збольшага пазнаваў лес і меркаваў, што ідуць быццам правільна. За трэцяй прасекай павінен пачацца квартал старых, пераспелых хвой. Некалі, яшчэ да калгасаў, тут маладыя хлопцы з Масцішча нарыхтоўвалі зімой лес для вывазкі ў Данбас, і тут у яго ўпершыню пачалося з Анэляй… Пачалося быццам шчасліва, ды во як скончыцца… Ад гэтага квартала Бабічы ўжо застануцца ўбаку, лічы, яны мінулі вёску. Праўда, калі ісці прама, дык наперадзе іх чакала не лепшае — наперадзе была шаша; мабыць, шашу таксама прыйдзецца пераходзіць у лесе. Добра б перайсці ноччу, а ўдзень… Хіба што паможа туман.

1 ... 146 147 148 149 150 151 152 153 154 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)