Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Мэфіста. Раман аб адной кар'еры - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Мэфіста. Раман аб адной кар'еры

Электронная книга - «Мэфіста. Раман аб адной кар'еры». Краткое содержание книги:

Клаўс Ман (Klaus Mann; 1906 – 1949), нямецкi антыфашысцкi пiсьменнiк, старэйшы сын Томаса Мана. 1933 г. – эмiграцыя (Амстэрдам, Парыж, Цюрых, Прага), 1936 – пераезд у ЗША. Раман Мэфiста напiсаны ў 1936 г. Галоўны яго персанаж, актор Гёфген, стаўся сiмвалам канфармiзму часткi iнтэлiгенцыi ва ўмовах тыранiчнага, варварскага рэжыму. Упершыню быў надрукаваны ў Амстэрдаме ў эмiгранцкiм выдавецтве “Querido” (1936); у 1966 г. яго распаўсюджанне ў Федэратыўнай Pэспублiцы было y судовым парадку забаронена; у 1981 г. насуперак забароне з’явiлася новае выданне, i раман стаўся культавай кнiгай: як прыкладная i ў вышэйшай ступенi павучальная гiсторыя пра прыстасаванства i супрацiў, кар’ерызм i мастакоўскую мараль. Тыповасць сiтуацый i характараў тагачаснай Германii набывае сваю пазнавальнасць ва ўмовах сучаснага сужыцця iнтэлiгенцыi i ўладаў.
1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 126
Перейти на страницу:

Вельмі шкада! — правуркатала яна, страсянуўшы галавой, і яе рыжая грыва свабодна адкінутых валасоў, на якіх яна нічога не насіла, свабодна рассыпалася. — Мы і так страх як познімся!

Тут нехта ззаду прапхнуўся праз яе світу. Гэта быў Гендрык Гёфген. На ім быў смокінг, y якім ён выступаў на сцэне ў свецкіх ролях, ужо даволі паношаны і зашмальцаваны. Плечы аблягаў белы шаўковы шалік. Гендрык парывіста дыхаў, шчокі і лоб сухотліва гарэлі. Ён нервова і неспакойна смяяўся, тросся, калі схіліўся да ручкі дзівы, не без пэўнай уяўна-ідыёцкай пачцівасці.

— Прабачце, — сказаў ён, усё яшчэ над яе рукою і смеючыся. Нейкім дзівосным чынам на ім трымаўся манокль. — Фантастычна: я так позна, што вы падумалі б пра мяне... чыста фантастыка... — Ён тросся ад смеху, твар яшчэ больш пачырванеў. — Але я не магy адпусціць вас, — тут ён нарэшце выпрастаўся, — не сказаўшы вам, якую асалоду я атрымаў ад сённяшняга вечара, — казачна!...

І раптам тое бясконца камічнае, з чаго ён так надрыўна смяяўся, як бы перастала існаваць, і твар яго застыў у абсалютным сур'ёзе.

Але тут ужо прыйшла чарга смяяцца Доры Марцін, і яна чаргі не ўпусціла — засмяялася хрыпла і асабліва чароўна.

— Круцель-мyцель! — усклікнула яна, расцягваючы "у" мала не да бясконцасці. — Вас жа і ў тэатры не было! Вы хаваліся! — І яна лёгенька паляпала яго жоўтай скураной пальчаткай. — Але нічога, — распрамянілася яна. — Вы ж такі даравіты.

Гэтая нечаканая заўвага ўразіла і спалохала Гёфгена так, што з яго твару ўся кроў адліла. Аднак амаль адразу ён ялейна сказаў:

— Я? Даравіты? Гэта пустыя плёткі...

Расцягваць галосныя ўмеў і ён, не адна Дора Марцін. Яго моўнае какецтва мела свой стыль, ён нікога не пераймаў і не парадражніваў. Дора Марцін вуркатала; а ён манерна спяваў. І пры гэтым дэманстраваў ўсмешкy, якyю на рэпетыцыях паказваў дамам, калі разыгрываліся пікантныя сцэны. Гэтая ўсмешка адкрывала зубы і была даволі пошлая і вульгарная. Ён сам называў яе "сцярвознай". "Сцярвозней — чуеш, мілая?— яшчэ сцярвозней!" — прасіў ён на рэпетыцыях Рахэль Морэнвіц альбо Ангеліку Зіберт, і сам паказваў, як гэта робіцца.

Выскалілася зубкамі і Дора Марцін, але пакуль з вуснаў лілося дзіцячае лепятанне, а галоўка какетліва пакручвалася на футры, яе вялікія, разумныя, незамутнёныя і журботныя вочы вывyчалі Гёфгенаў твар.

— Вы яшчэ пакажаце ваш талент! — ціха сказала яна, і нейкую секунду сур'ёзным быў не толькі позірк, але і твар. Сур'ёзна, амаль пагрозліва, яна кіўнула яму. Гёфген, які яшчэ чвэрць гадзіны таму назад хаваўся за шырмай, вытрымаў яе позірк. Тады Марцін зноў засмяялася, завуркатала: — Мы вельмі познімся! — кіўнула і знікла разам са світай. А Гёфген увайшоў у кавярню.

Сустрэча з Дорай Марцін дзіўным чынам падбадзёрыла Гёфгена; здавалася, цяпер ён быў у самым святочным настроі. Твар азараўся святлом літасці. Усе глядзелі на яго, цяпер амаль гэтак жа багавейна, як перад тым на берлінскае свяціла. Перш чым павітацца з дырэктарам Кроге і фраў фон Гэрцфэльд, ён падышоў да Бёка.

— Паслухай, Бёк, — заспяваў ён, прыняўшы спакушальную позу: рукі ў кішэнях штаноў, плечы паднятыя, на вуснах сцярвозная ўсмешка. — Ты павінен пазычыць мне сама мала сем з палавінаю марак. Я хачу як след павячэраць, і нешта мне падказвае, што сёння татуля Ганзэман зышча з мяне гатоўкаю.

Яго вочы, пералівістыя, як каштоўныя камяні, кінулі косы позірк на Ганзэмана, які звесіў шызы нос над стойкай.

Бёк усхапіўся; ад выбрыку Гёфгена, які і ўлесціў і спалохаў яго, вочы зрабіліся яшчэ больш вадзяністыя, шчокі запунсавелі. Пакуль ён моўчкі і мітусліва корпаўся ў кішэнях, а Ганс Міклас з'едліва і варожа назіраў за ўсім, што адбывалася, да іх паспяшалася маленькая Ангеліка.

— Гендрык! — сказала яна нясмела. — Калі табе патрэбныя грошы, я магу пазычыць пяцьдзесят марак да першага!

У Гёфгена адразу вочы зрабіліся халодныя, як у рыбы. Ён фанабэрыста кінуў цераз плячо:

— Не ўблытвайся ў мужчынскія гешэфты, малышка. Бёк любіць даваць.

Гардэробшчык ўсхвалявана кіўнуў, а Зіберт адышла з мокрымі вачыма. Гёфген, не дзякуючы, нядбала апусціў Бёкавыя манеты ў кішэню. Міклас, Кнур і Эфой глядзелі на яго змрочна, Бёк збянтэжана, а Ангеліка са слязьмі, пакуль ён віхлява, белы шаўковы шалік усё яшчэ цераз плечы, праходзіў па кавярні.

— Татуля Шміц хоча замарыць мяне голадам, — патлумачыў ён, пераможна павярнуўшыся ўсмешлівым тварам да дырэктарскага століка. Адтуль ён быў прывітаны некалькімі "хэло"; нават Кроге прымусіў сябе да крыху шумнаватай і не зусім сардэчнай шчырасці:

1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 126
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)