Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая драматургия » Страсці па Аўдзею
Страсці па Аўдзею - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Страсці па Аўдзею

Электронная книга - «Страсці па Аўдзею». Краткое содержание книги:

Канфлікт у драме Бутрамеева — паміж філасофіяй селяніна-працаўніка і сілай руйнавання, якую ўвасабляе сталінская калектывізацыя. Аўдзей, аднаасобнік на хутары, трымаецца спрадвечнага, традыцыйнага ўкладу жыцця. Галоўная крыніца яго дабрабыту — праца: цяжкая, катаржная, але самаахвярная і сумленная. І неадольнае жаданне селяніна мець кавалак уласнай зямлі, гаспадарыць на ёй, мець плён ад працы, быць гаспадаром лёсу. Уладзімір Бутрамееў паказвае прывязанасць Аўдзея да зямлі як абсалютна натуральнае чалавечае пачуццё. Гісторыя раскулачвання Аўдзея падаецца як ачышчальная пакута, як ахвярніцкі акт — адсюль і евангельская назва пьесы.
1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16
Перейти на страницу:

Аўдзей. Дык тады ж ніхто не забараняў. А хто гэта ведаў, што потым забароняць?

Сват. Ніхто не ведаў. А выйшла ксплуатацыя. А я не наймаў. Не, я не наймаў, сваток!

Аўдзей. Таму што ты сквапны, а я лепш грошы заплачу, абы хутчэй убрацца па восені. I бабы ж самі просяцца, ім-то заробак.

Сват. Гэта так. Але я не наймаў. Не. Я не наймаў, а ты наймаў. Таму ты і ў гэтым спісе. Хто ведаў, а во як выйшла. Ты суседу свайму, Сцяпану, пшаніцы пазычыў паўмеха?

Аўдзей. Пазычыў.

Сват. А назад хацеў цэлы мех узяць?

Аўдзей. Ты што? З неба зваліўся? Не ведаеш, што паўмеха па вясне каштуе як мех па восені? Ды і дамаўляліся.

Сват. Я-то ведаю. Але цяпер гэта спікуляцыя. Ты ж хацеў і пабіць яго, а ён — бедната. А я нікога не біў, не наймаў — а баюся! Коней прадаў, карову адну пакінуў, у калгас запішуся, бо баюся, лепш у калгас, чым у Сібір. I ты падумай, Аўдзей! Пра дзяцей падумай, пра род падумай! Усе ўсё прадаюць, што ў каго ёсць.

Аўдзей. Дык вось чаму яны мне малатарню за палову грошай прадалі. Але я ад свайго не адмоўлюся. Я свайго не аддам!

З вуліцы чуваць грукат у вароты.

Сват (спалохана). Хто гэта?

Аўдзей. Мабыць, Зуёк. Дзеўкі хапіўся.

Сват. Якой дзеўкі?

Аўдзей. Сватаў сёння ў яго дачку, а ён не даў. А дзеўка ўвечары сама прыбегла.

Сват (з цікавасцю). Брухатая?

Аўдзей. Здаецца, не.

Сват. У Зуйка зяць у каміцеце. Вось ты яго і спытай. Ён павінен ведаць.

Аўдзей. Дык вось чаго ён дачку пабаяўся аддаваць, ён ведаў!

Зноў чуваць грукат у дзверы.

Сват (спалохана). Адзін гэтак не грукоча.

Аўдзей. Пойдзем.

Абодва выходзяць.

Карціна шостая

У двары злева бачны ганак хаты, за вуглом хаты — агароджа. Справа ў далёкім куце сцэны высокія дубовыя вароты, у абодва бакі ад іх цягнецца агароджа, Аўдзей і сват выходзяць з хаты. У вароты зноў грукочуць.

Аўдзей. Што трэба?

Голас з-за варот. Адчыняй! Рашэннем каміцета!

Сват. Гэта яны… Куды мне…

Бегае па двары.

Аўдзей. Чаго ты…

Сват. Сват, мне трэба ўцячы, я не хачу, я ж не ў спісе, сват, куды? Табе ўсё роўна, а я не хачу, сваток… Я ж не ў спісе!..

Аўдзей. Сціхні!

Сват. Сваток, не супраціўляйся, аддай сам, горш будзе!

Аўдзей. Я свайго не аддам!

Доўга грукочуць у вароты. Аўдзей і сват слухаюць грукат, а калі ён сціхае, быццам забываюць пра грукат. Аўдзей хапае свата за каўнер, сват вырываецца.

Сват. Аддай! Ты адзін, іх шмат, у іх каміцет, прапрыяцыя, яны рашылі, спіс напісаны…

Аўдзей. Што мне іх каміцет? Калі яны сабраліся, селі за стол, паперу напісалі, прапрыяцыяй назвалі, дык можна ў чалавека адабраць усё, што ён нажыў гарбом, мазалём? Яны хто — Бог, каб рашаць, жыць мне ці не?

Сват. Бога цяпер адмянілі. Аддай усё сам — жыццё даражэйшае.

Аўдзей. Гэта ты аддай. Навошта я ўсё жыццё жылы рваў — каб цяпер аддаць? Каб стаць гэтакім жабраком, як яны? А яны прагуляюць, прап’юць маіх коней, маіх кароў, маю зямлю?! Не аддам! Як гэта коней аддаць? Коні мае! Мне мая першая кабыла, з каторай хутар падымаў, даражэй за дзяцей была! Я яе да старасці трымаў, не прадаваў, колькі яна мне коней прывяла! Я яе за хлявом у ельнічку пахаваў, нават шкуру здымаць не стаў, толькі што дамавіну не зрабіў ды крыж не паставіў! Я плакаў, як яна прапала. Мы з ёй разам жылі, яна ўсё разумела, разам пот лілі, лес цягалі — упраж ірвалася. Я кожнага каня памятаю, як ступаў, як еў, мне кожны конь, што брат родны, — і я цяпер павінен аддаць сваіх коней? Каму? Ім? Яны не нажылі сабе коней, як я, ды і прыйшлі адабраць маіх, а я — аддай?! Зуйкову зяцю? Ён жа хамута каню падабраць не можа, ён жа прапіў, прагуляў усё тое, што яму Зуёк за старэйшай дачкой даў, яго ж залатымі пяцёркамі абсып, ён праз год зноў у лахманах сядзець будзе! Яму маіх коней! Не аддам!

Грукочуць у вароты.

Аддаць маіх кароў? Я дзесяць гадоў разводзіў гэтых малочных кароў — а цяпер аддай! Калі Чарнуха захварэла — ва ўезд за доктарам ездзіў, дваццаць пяць рублёў плаціў, ета ж амаль карову купіць можна, а цяжкі год быў, дзеці месяц без хлеба сядзелі, апошнія грошы аддаваў — і ім цяпер маіх кароў?! Не аддам!.. Навошта мне гэтакае жыццё — без каня, без каровы, без зямлі!.. Коні, каровы, зямля — гэта ўсё маё, усё маё жыццё, усё, чым жыву — усё ў зямлі…

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)