Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Сны iмператара
Сны iмператара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сны iмператара

Электронная книга - «Сны iмператара». Краткое содержание книги:

Кніга апавяданьняў пісьменьніка і гістрыка Уладзімера Арлова Сны імпэратара была надрукаваная у выдавецтве Мастацкая літаратура ў 2001 годзе. На сторонках выданьня аўтар вяртае нас у гісторыю нашага народа, бо менавіта праз гісторыю можна будаваць нашу будучыню. У выданьні сабраныя апавяданьні, аповесьці і эсэ розных гадоў, якія выйшлі з-пад пяра Уладзімера Арлова тут і пра радавод самаго спадара Ўладзімера і пра слынных герояў і постаці беларускай гісторыі. Аўтар ня проста знаёміць нас з падзеямі і асобамі Мінуўшчыны, але і прымушае кожнага задумацца і перажыць лёс свайго народа. Ад Полацкага княства да 20 стагодзьдзя шлях у 11 стагодзьдзяў. Гэта шлях птушкі фэнікс-Беларусі, якая нягледзячы на ворагаў і “братоў”, жыве і будзе жыць
1 ... 144 145 146 147 148 149 150 151 152 ... 166
Перейти на страницу:

Цяпер О’Міра ў Еўропе. Ён паведаміць свету, у якіх умовах жыве геній стагоддзя. О’Міра павінен дзейнічаць.

Якія ж навіны прывёз амерыканскі карабель?

Імператар снедае ў змрочнай сталовай Лонгвуда ўдвух з графам Манталонам, адным з тых, хто самахоць раздзяліў ягоны лёс выгнанніка.

Гэтыя гады, думае імператар, наклалі свой адбітак і на графа. Цяпер ён выглядае, прынамсі, зусім не на свае трыццаць пяць.

Пасля ад’езду графіні імператар адчувае сябе з яе мужам зусім нязмушана. Цяжка ўявіць, што граф мог не ведаць, хто саграваў ложак лонгвудскага вязня. Безумоўна, ведаў, аднак трымаўся заўсёды бездакорна.

Імператар з тужлівай пяшчотаю думае пра Альбіну Манталон.

Яго апошняя страсць... Іх ціхія начныя размовы і сціплыя балюшкі пад уздыхі ветру за цёмнымі вокнамі... Яе густыя і эфірна-бязважкія валасы з пахам прывялае травы... Яе пышная, але па-маладому лёгкая постаць на асноведзі цёмных дзвярэй у світальную гадзіну... Яму было добра з ёю нават тады, калі здароўе рэзка пагоршылася і яго адносіны з графіняй пачалі нечым нагадваць паводзіны маладога расейскага цара. Кажуць, у юнацтве Аляксандр ствараў міфы пра свае любоўныя перамогі, імітуючы раніцою вяртанні ад каханак...

— Як вы сёння пачуваецеся, мой імператар? — адсоўваючы талерку з салатаю, пытаецца Манталон. Ягоныя чорныя вочы свецяцца спакойнай увагаю.

— Дзякуй, граф. Сёння я здаровы роўна настолькі, наколькі гэта дазволена мужчыну майго веку.

— Бязмерна рады чуць вашы словы.

Твар у імператара застаецца непарушна спакойным, але сэрца здрадліва падскоквае. На змену афарбаванаму ўдзячнасцю і смуткам пачуццю, з якім ён толькі што ўзгадваў Альбіну, прыходзіць іншае.

Яго верны Луі перад ад’ездам графіні бачыў на ейным стале старадаўні зборнік рэцэптаў, сапраўдны падручнік па атручванні. Сярод яе рэчаў былі і «Біяграфіі» Плутарха — таксама з рэцэптамі розных атрутных зелляў.

— Ва ўсім, дарагі Маршан, трэба ўмець знаходзіць свае перавагі,— сказаў ён тады камердынеру.— У тым разе, калі мяне кормяць мыш’яком, маё цела лепей захаваецца ў труне, і калі мае сябры адкапаюць яго, каб везці ў Парыж, яны ўбачаць зусім не спарахнелы шкілет. Ну а калі гэта будуць не сябры, а ворагі, напрыклад, ангельцы, іх чакае колькі вясёленькіх хвілінаў.

Луі Маршан — сын старой пахолкі іхняга карсіканскага роду. Ён давярае яму, як сабе, але... Ён хоча памерці сваёй смерцю і лепей згадзіўся б на рак. Ягоны бацька памёр ад гэтае хваробы, не дажыўшы і да сарака. Ён, імператар, гаворыць з дактарамі пра магчымасць раку без усялякага страху. Аднойчы на лекарскім аглядзе ён уразіў доктара Антамаркі тым, што з алімпійскім спакоем афарыстычна зазначыў: «Рак — гэта Ватэрлоо, якое ўвайшло ў чалавека».

Урэшце, хіба можна атруціць яго, калі пасля першага адрачэння ад трону ён выпіў смяротную дозу цыяністага калію і, адпакутаваўшы ноч, уранні зноў быў здаровы.

Ён супакойваў сябе, ды пазбыцца падазрэнняў ужо не мог. Асабліва ў апошнія месяцы, калі пачалі выпадаць валасы і крышыцца зубы, калі ўзмацніўся боль у жываце і сталі азызаць і налівацца свінцовым цяжарам ногі.

Не чакаючы слугі, ён налівае графу Манталону свайго віна і ўважліва глядзіць на яго.

Нешматлікія насельнікі Лонгвуда ядуць тыя самыя стравы, што й імператар, але да нядаўняга часу пілі тутэйшае віно. Пасля трывожнага паведамлення Луі віном дзю Кап з Паўднёвае Афрыкі, якое раней прызначалася толькі імператару, пачалі раз-пораз частаваць і астатніх.

— Ваша вялікасць,— заўсёдным роўным голасам гаворыць граф,— у Джэймстаўн прыбыў карабель пад амерыканскім сцягам. Магчыма, у Лонгвудзе з’явяцца госці.

Імператар загадвае падаваць каву. Ён чуе навіну ўжо другі раз за гэтую раніцу, і ў душы праклёўваецца парастак хвалявання.

Дождж за высокімі вокнамі аціхае. Вецер таксама суняўся. Сёння зноў паўторыцца звычайнае ў гэтую пару згубнае надвор’е. Вядома ж, Лонгвуд адвялі яму пад рэзідэнцыю зусім невыпадкова. Цяжка ўявіць мясціну, клімат якой быў бы горшы, чым тут, на поўначы вострава, узнятага Госпадам з акіянскіх глыбіняў Атлантыкі паміж Афрыкай і Амерыкай. Цягам аднаго дня спачатку лье ледзяны дождж, потым скварыць сонца, потым апускаецца непраглядны туман або вокамгненна ўсходжваецца, пагражаючы сарваць з будынкаў дахі, страшэнная бура. Таму нічога і не атрымалася з ягоных заняткаў садоўніцтвам: клімат забівае ўсялякую расліннасць, а разам з ёю пагубіць і яго.

1 ... 144 145 146 147 148 149 150 151 152 ... 166
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)