Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Людзі на балоце - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Людзі на балоце

Электронная книга - «Людзі на балоце». Краткое содержание книги:

Раман «Людзі на балоце» Івана Мележа — першая частка «Палескай хронікі» — адна з вяршынь беларускай літаратуры. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
1 ... 140 141 142 143 144 145 146 147 148 ... 160
Перейти на страницу:

— З Куранёў…

— З Куранёў?

У хаце шарганула засаўка, дзверы крыху адчыніліся, і ў вузкую пройму высунулася галава. Толькі зірнуўшы, жанчына адчыніла дзверы смялей і ўпусціла Хадоську.

Адразу ж, як Хадоська ўвайшла, засаўка шарганула зноў. У хаце было ўжо зусім цёмна, і Хадоська стала, як сляпая.

— О тут — лаўка, — пацягнула, пасадзіла яе знахарка. Хвіліну яна маўчала, і гэтае маўчанне здалося Хадосьцы доўгім і нядобрым. Хадоська нібы пачула на сабе позірк, дзіўны ў такой цемры. Як знахарка магла што ўгледзець?

— Што ў цябе? — прасіпела нарэшце знахарка. — Баліць што?

Хадоська пачула, што твару стала горача. Не магла сказаць ні слова.

— А ты — калі што якое… не думай нічого!.. Не саромейся.

Хадосьцы зноў здалося, што знахарка ў цемры прыглядаецца да яе. Чагосьці чакае. Але Хадоська, як і раней, маўчала, няёмка, насцярожана.

Знахарыха раптам ударыла:

— Нагуляла?

Хадоська аж сціснулася, згорбілася. Ледзь не згарэла — здалося, знахарка смяецца з яе! Захацелася ўскочыць, кінуцца. Абы-куды, толькі б з хаты! Куды вочы глядзяць! Дурная, прыйшла! Панадзеялася!.. Але Захарыха сказала чула, спачувальна:

— Што ж — дзело маладое…

Яна падышла да печы, сунула к агню лучынку. Запаліла агонь на камінку. Хадоська недаверліва ўгледзелася ў Захарыху і паспакайнела — нічога страшнага, жанчына як жанчына. Не старая, не худая, твар, як у другіх жанок, нос шырокі, зусім не вядзьмарскі. І валасы падабраны пад хустку. На шчацэ чорная плямка сажы…

— Не адна ты… Не першая, не апошняя… — Захарыха таксама акінула позіркам Хадоську. — Даўно ето ў цябе? Месяц, два?

Хадоська, чырванеючы, адказала. Знахарка супакоіла:

— Нічого, не позно.

Калі Захарыха стала занавешваць посцілкамі акенцы, пасмялелая Хадоська агледзелася: агонь з камінка добра асвятляў палаці, накрытыя посцілкаю, стол, на якім пад абрусам горбікам значыўся хлеб. У кутку над сталом, абвешаныя ручнікамі, цьмяна паблісквалі абразы, такія, як і ва ўсіх. І ўсё было такое ж, як і ў другіх, і палічка з міскамі каля дзвярэй, і драўлянае вядро на лаўцы, і невялікая старая скрыня, толькі на цёмных, з мохам і крывымі шчылінамі, сценах многа касмылёў сушанай травы. Ды на палічках каля печы — нейкія пляшачкі…

— Глядзіш, як жыву? — перахапіла яе позірк Захарыха. — Пагано жыву! Зайздросціць няма чаму…

Хадоська ціха паківала галавою.

— Була пара — жыла! Ды кончылася ўсё! Дурноты ў людзей развялося!.. Не знаюць дабра свайго. Сляпыя, як дзеці… На анціхрыстаў, на душагубаў етых, дахтароў, надзеюцца!.. Надзеюцца — і прападаюць цераз тое, бо дахтары тыя толькі рэжуць ды труцяць!.. — Яна загаварыла даверна, шэптам: — Загад такі выйшаў, кеб усіх, каторыя нутром нядужыя, пераводзіць. Кеб, значыць, папсаваных не було. Усё адно як каторы нядужы саўсім, той і не чалавек! Я унь колькі такіх хворых вылечыла, жывуць ды Бога і мяне хваляць. Дак начальнікі дахтароў тых злосць вялікую на мяне займелі, што я лячу людзей… Не па закону, кажуць, лечыш. Не маеш права, маўляў, хворых лячыць, хворых па закону трэба пераводзіць!..

Хадоська слухала, вельмі спачуваючы няшчасным: хворых нішчыць загадваюць, падумаць толькі!

— І ад таго гразіцца сталі мне начальнікі. У цюрму нават абяцаў адзін шалапут, з сельсавета… — Захарыха ўздыхнула: — Цяжко, ой цяжко! Хоць у пельку… — Яна кінула вокам на Хадоську, дзелавіта запыталася: — Прынесла чаго?

Хадоська, задуменная, расчуленая, не зразумела:

— Што?

— Ну, етае, кеб заплаціць за работу…

— А-а… Прынесла.

Хадоська дастала з-за пазухі насоўку з грашыма, выбрала ўсё да капеечкі, аддала. Зняла світу, скінула скарб свой — каптанчык вышываны: скажа матцы, што згубіўся. Захарыха, якая хацела была лічыць грошы, ухапіла каптанчык, нецярпліва пакруціла ў руках, агледзела. Каптанчык, відаць, прыйшоўся даспадобы — дзіва, каб такі каптанчык не спадабаўся! Захарыха нават надзела яго, але тут жа схамянулася, зняла, згарнула.

Палічыўшы грошы, знахарка глянула на Хадоську.

— Ето — усё?

— Усё… — прашаптала Хадоська. Багата ж як ёй трэба! Яшчэ, чаго добрага, і не захоча рабіць!

— Мало етаго…

Хадоська маўчала. От, канечне ж, не захоча. Верне грошы, скажа: ідзі як прыйшла! Але ж дзе ёй, Хадосьцы, узяць тых грошай яшчэ!

— Няма болей!..

— Ну, няхай ужэ… — прамовіла мякчэй Захарыха. — Адно — што шкода мне цябе… Добрая я…

Яна схавала грошы кудысьці пад паху, паклала каптанчык у скрыню, якую тут жа замкнула на замочак, падалася к печцы. Упраўляючыся пры печцы, загадала Хадосьцы разуцца, дала рваныя сухія анучы, прынесла карэц гарачай вады з чабаровай заваркай. Хадоська пераабулася, напілася. Пачула, як па целе пайшла лагодная, млосная цеплыня.

1 ... 140 141 142 143 144 145 146 147 148 ... 160
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)