Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 140 141 142 143 144 145 146 147 148 ... 154
Перейти на страницу:

Прыйшоў туды і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць.

— Паніч прыйшоў! Вой, ды які ж харошанькі!

Дзеўкі спаймалі яго, пакацілі па сене і скончылі тым, што напхалі яму мурагу між целам і вопраткай. Ганьба была страшэнная. Дзеўкі!.. Мужчыну!.. Калі яны пусцілі яго, Мсціслаў выглядаў так, нібы яго надзьмулі.

Бараніла яго толькі дзевяцігадовая Янька Кагут. Крычала на дзевак, штурхала іх як магла і цягнула за ногі. Гаравала, што напалі на аднаго.

Мсціслаў вызваліўся як мог ад сена, а потым стаў нападаць на дзевак па адной. Раскідваў і валяў іх, як коз. Падстаўляў ножку, скідаў са стога і не даваўся, каб зноў схапілі.

Урэшце зразумеў, што ўсё адно спаймаюць, і разам з Янькай уцёк дамоў. З таго часу хадзіў з ёю і на рыбу, і па маліны, і «глядзець ласёў». Жартам называў «нявестай».

— А што? На восем год маладзейшая. Скончу вось універсітэт — ажанюся. Я дваранін, з невялікіх, яна — вольная сялянка. Рамантыка! Карамзін!

Рабіў выгляд, што падыходзіць да хаціны. Скідаў шапку:

— Здравствуй, добрая старушка. Чувствительное сердце твое не может отказать стрелку. Ибо и старые поселянки любить умеют, под сению дерев пляша. Не можешь ли ты дать мне стакан горячего молока?

Усе рагаталі. А ён з таго часу пакінуў гуляць у расчараванага каханка.

У жніўні Алеся і Вацлава запрасілі ў Раўбічы.

Пан Яраш сустрэў іх ветліва і цёпла, але дзіўна. Алесю адразу здалося, што Раўбіч быў бы куды больш узрадаваны, каб яны прыехалі праз дзень або паслязаўтра. Нешта такое было ў ягонай усмешцы, у залішняй гасціннасці, у тым, што ён, здаецца, не ведаў, куды яму падзець вочы.

Таму Загорскі адразу папрасіў дазволу пакінуць Вацака з Наталяй і Стасем, а самому ўзяць Майку і паехаць з ёй вярхі. Да вечара. Ён казаў гэта, не зводзячы позірку з вачэй пана Яраша. І ён упэўніўся ў тым, што яму сапраўды лепей знікнуць адсюль да самай ночы. І Майцы — таксама. Таму што пан Яраш зусім няўлоўна для старонняга вока, але ўзрадаваўся.

— Магчыма, мы заедзем да Басак-Яроцкага, — не адводзячы вачэй, сказаў Алесь. — Тады ён, вядома, не адпусціць нас.

— Не, сынок, — сказаў пан Яраш, — гэтага не трэба. Вядома, калі вы захочаце астацца ў пана Яроцкага, тады справа іншая. Думаю, у яго можа быць цікава, тым болей што ні Міхаліна, ні ты там яшчэ не былі. Але толькі ў тым выпадку, калі вам сапраўды захочацца там астацца.

— Добра, — сказаў Алесь. — Мы астанемся, толькі калі заедзем туды.

Пан Яраш першы адвёў вочы. Яму на хвіліну стала страшна ад недзіцячай пранікласці хлопца.

— Добра, — сказаў ён, — я дам Майцы загад збірацца. Пачакаем, пакуль тое, на стайні.

У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, манежы, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба.

Там заўсёды былі канапы, каб госці маглі адпачыць. Госці ацэньвалі коней, спрачаліся, мянялі і куплялі, заключалі пагадненні, пілі каву, закусвалі.

У пакоі, куды Раўбіч прывёў Алеся, стаяла вялізная турэцкая сафа, стол з бутэлькамі і закускай і некалькі крэслаў.

Алесь зайшоў і адразу страшэнна здзівіўся: у крэсле за сталом сядзеў чалавек, якога яму менш за ўсё хацелася бачыць і якога ён менш за ўсё спадзяваўся сустрэць тут. Слаба загарэлы, з празрыста-ружовым румянцам на тугіх шчоках, пан Мусатаў сядзеў за сталом і папіваў ледзяную ваду з лімонным сокам.

Вузкія, зеленаватыя, як у рысі, вочы пільна і весела глядзелі на княжыча. Учэпістыя, прыхавана-нервовыя рукі сціскалі сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі вузкую шклянку, усю запацела-дымную, у пацерачках кропель.

— Што такое, пане Аляксандр? — спытаў Мусатаў. — Вы не чакалі бачыць мяне тут?

— Чаму не, — сказаў Алесь. — Кожны мужчына можа прыехаць на стайню да пана Раўбіча.

Выйшла падобна на поўху, і Алесь пашкадаваў аб гэтым, убачыўшы Раўбічавы вочы.

— Яны, відаць, таксама не чакалі, — усміхнуўся ружовымі вуснамі жандар.

Алесь азірнуўся і ўбачыў пана Мнішака і Юлляна Раткевіча, таго самага прадстаўніка малодшага роду, які некалі на дваранскай зборні падаў запіску аб неабходнасці вызвалення сялян. Нервовае жаўтаватае аблічча Раткевіча было стрымана-злоснае.

— Я прасіў бы вас не жартаваць так, — спакойна сказаў Раўбіч. — Я, урэшце, сам запрасіў вас да сябе.

— Прабачце, — сказаў Мусатаў. — Я прыехаў не ўчора і не заўтра, як вы мяне запрашалі, а сёння. Самі ведаеце, справы… Але я ад усёй душы ўдзячны вам за лаяльнасць і за пастаянную гатоўнасць памагаць уладам.

1 ... 140 141 142 143 144 145 146 147 148 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)