Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Выбранае
Выбранае - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбранае

Электронная книга - «Выбранае». Краткое содержание книги:

У кнігу ўвайшлі аповесці «Абеліск», «Жураўліны крык». «Аблава», «Сотнікаў», а таксама апавяданні «Ружовы туман» і «Сцяна». Большасць твораў прысвечана паказу гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. У апавяданнях аўтар звяртаецца і да маральных праблем мірнага часу.
1 ... 139 140 141 142 143 144 145 146 147 ... 179
Перейти на страницу:

Так яны прыкрылі выхад атрада з бою і адарваліся самі – і ўсё дзякуючы Сотнікаву. Яны і сышліся тады з ім, амаль пасябравалі; хоць зусім мала што ведалі адзін пра аднаго, але ўжо трымаліся разам, разам вырываліся з-за чыгункі і, мабыць, таму разам трапілі на гэта заданне.

Але цяпер будзе капут, гэта пэўна. Мала што яны не адстрэльваліся – усё ж іх узялі са зброяй, і гэтага было дастаткова, каб расстраляць абодвух. Вядома, на што іншае Рыбак і не разлічваў, калі вылазіў з-за пакулля, але ж...

Ён хацеў жыць! Ён яшчэ і цяпер не траціў надзеі, кожную секунду шукаў выпадку, каб як абысці свой лёс і ўратавацца. Цяпер ужо Сотнікаў не меў для яго ранейшага значэння. Апынуўшыся ў палоне, былы камбат вызваляў яго ад усіх абавязкаў у адносінах да сябе. Цяпер абы толькі пашчасціла, і Рыбакова сумленне перад ім было б амаль чыстае – не мог жа ён уратаваць яшчэ і параненага. І ён прагна лавіў вачыма ўсё навакол з самае той хвіліны, як падняў рукі: на гарышчы, пасля ў сенцах усё лучыў момант, каб выскачыць. Ды там выскачыць не надарылася выпадку, а потым ім звязалі рукі – колькі ён неўзаметку ні высільваў іх з тае супонькі, нічога не атрымлівалася. І ён думаў: праклятая супоня, няўжо праз яе давядзецца загінуць?

Можа, варта было паспрабаваць кінуцца са звязанымі рукамі? Але на гэта патрэбна больш зручнае месца; не роўнядзь, а якая-небудзь паваротка, роў з хмызам, які-небудзь абрыў або лес. Тут жа, як на бяду, было поле, пагорак, потым дарога пайшла логам. Трапіўся масток, але раўчук пры ім быў зусім неглыбокі, адкрыты, у такім не схаваешся. Стараючыся не дужа круціць галавой у санях, Рыбак тым не менш пільна азіраўся навокал, шукаючы хоць колькі-небудзь прыдатную для ўцёкаў мясціну, і не знаходзіў нічога. І чым болей мінала часу, і чым яны бліжэй пад’язджалі да мястэчка, тым усё большы неспакой, амаль разгубленасць апаноўвалі Рыбака. Станавілася ўсё болей зразумела: яны прапалі.

11

У тым, што яны прапалі, Сотнікаў не сумняваўся ні на хвіліну, намеру ўцякаць у яго не было, надзеі на літасць паліцаяў таксама. І ён напружана маўчаў, прыдушаны цяжарам свае віны, што вісела над ім падвойным грузам. Асабліва яго непакоіла Дзёмчыха. Пакуль, аднак, невядома было, што дазналіся пра яе паліцаі і наколькі сур’ёзнае іх падазрэнне адносна яе сувязі з лесам. Ён думаў таксама і пра начную перастрэлку, у якой, мяркуючы па ўсім, дасталося некаму з гэтых бобікаў. Нейкаму Хадаронку. Вядома, падстрэліў яго Сотнікаў, тут ужо ні Рыбак, ні тым болей Дзёмчыха ні пры чым.

Яны ўязджалі ў мястэчка. Дарога ішла між прысадаў – два рады крывых вербаў стылі абапал гасцінца, пасля пачалася вуліца. Было ўжо не рана, але сям-там дымілі каміны, невысока пад заінелымі стрэхамі ў марознай смузе вісела зімовае сонца. Наперадзе цераз вуліцу таропка перайшла кабета з каромыслам на плячах. Адышоўшыся па сцежцы да дома, прыпынілася, пільна паглядзела на гэтыя двое саней з паліцаямі. У двары насупраць выскачыла з хаты проставалосае, у галёшах на голых нагах дзяўчо, пляснула на снег памыямі, таксама зыркнула на дарогу і хуценька схавалася ў дзвярах. Недзе гаўкаў сабака, мітусіліся вераб’і ў голым галлі дрэў. Тут ішло сваё – трывожнае, палахлівае, але ўсё ж мірнае жыццё, якога даўно не ведалі, а цяпер ужо ніколі не ўведаюць яны.

Сані пераехалі масток і каля драўлянага двухпавярховага дома павярнулі ў бакавую вулічку. Мусіць, яны пад’язджалі. Як ні дзіўна, Сотнікаву хацелася як найхутчэй прыехаць, ён пакутна намёрзся на ветры ў полі; паселішча, як заўжды, абяцала які-ніякі прытулак, хоць гэты раз, вядома, прытулак іх не парадуе. Але ўсё роўна карцела хутчэй у якое памяшканне, каб хоць трохі сагрэцца.

1 ... 139 140 141 142 143 144 145 146 147 ... 179
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)