Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 137 138 139 140 141 142 143 144 145 ... 171
Перейти на страницу:

Урэшце, Тумаш з Іудам рэдка калі і начавалі там, увесь час прападалі на мурах, у складах, на прыстані або на пляцы.

У гэты позні час усе дзесяць чалавек сядзелі ў пакоі з голымі сценамі. Шырокія лавы ля сцен, сталы, якія аж стагналі ад ежы, гарцаў з гарэлкай, бачонка з півам і цяжкіх гліняных куфляў.

Гарэла некалькі свечак. Вокны былі адчынены ў глухі цяністы сад, і адтуль павявала водарам лістоты, спелых антонаў і валовых мордачак, ваўчкамі і прахалоднай расою.

Размова, нягледзячы на вялікую колькасць выпітага, не клеілася.

— А я ўсё ж гляджу — паленым пахне, — баязліва сказаў Андрэй.

— Пабойваешся? — Піліп з неймавернай хуткасцю абгрызаў, абсмоктваў смажаную гусь, аж свіст стаяў.

— Эге ж. Нібыта падбіраецца нехта, ды як дасць-дасць.

— Гэта можна, — сказаў Ян Зеведзееў. — Лепей ад пана за нераты ў шыю атрымаць, чым дарэмна прапасці.

— А я ж жыў, — летуценна сказаў Мацей. — Грошы табе, жонка, ежа. Збан дурны, яшчэ некуды шчаміўся, дзіваў хацеў.

Навісла маўчанне.

— Уцячы? — спытаў Баўтрамей.

— Ну і дурань будзеш. Зноў дарогі, — сказаў Пятро. — Ведаю я іх. Ногі збітыя. У роце мох. Азадак павуціннем заткала. Трапілі як сучка ў кола — давайце бегчы.

Усе задумаліся. І раптам Пётр ускінуў галаву. Акрамя яго ніхто не пачуў, як адчыніліся дзверы.

— Ты як тут?

Няўлоўная ўсмешка блукала на вуснах госця. Шэрыя, плоскія, трохі ў зелень, бы ў яшчаркі, вочы аглядалі апосталаў.

— Т-ты? — спытаў Іліяш. — Як прыйшоў?

— Спяць людзі, — сказаў пёс Божы. — Розныя людзі. У дамах, у садках. Варта ля брамы спіць. Мужыкі спяць у раднай зале, і зброя ля сценак стаіць. Вартавыя на мурах і вежах не спяць, ды мне гэта…

— Ты?…

— Ну я, — Басяцкі падышоў да стала, сеў, наліў сабе на донца піва, прагна выпіў. — Не чакалі?

— А як варту гукнем? — зарыпеў Баўтрамей.

— Не гукнеце. Тады заўтра не бізуны па вас гуляць будуць, а клешчы.

— Савул ты, — сказаў Якуб Алфееў.

— Ну-ну, вы разумныя людзі. — Езуіт памаўчаў. — Вось што, хлопцы. Мне шкада вас. Выдадзіце мяне — вас на дне марскім знойдуць. Думалі вы пра гэта?

— Н-ну, — падступныя Пятровы вочы бегалі.

— Дык вось, — жорстка сказаў іезуіт. — Кідайце яго. Заўтра ў горадзе горача будзе. Таму ідзіце ўначы. Зараз. Калі дарагая вам шкура.

— Не ўцямлю, чаго гэта ты нам?… — працягваў Пятро.

Мяккі, незвычайна багаты інтанацыямі голас нібы зачароўваў, нібы душу цягнуў з вачэй:

— Што вы? Нам важнейшую рыбу забарболіць трэба, а не вас, махляроў.

— Тады нашто? — спытаў Пятро.

— Праўду? Ну, добра. Я ведаю, і вас ужо даняла. І вы, як на старой сасновай шышцы, седзіцё. І самі б вы яго кінулі. Ды толькі маглі б спазніцца і трапілі б незнарок з ім. І павесілі б вас. А ўсе крычалі б аб вернасці, з якой не кінулі вы настаўніка. А трэба, каб ён, каб усе ведалі: в е р н ы х н я м а. Бо не павінен верыць ні сусед суседу, ані бацька сыну.

— Нашто гэта вам? — спытаў Іліяш.

— А без гэтага нічога ў нас не атрымаецца. Вучыць трэба… Нічога, маўляў, страшнага, калі сын жадае смерці бацькавай, поп — смерці біскупавай, таму што мы мацней хочам дабрабыту дзеля сябе, чым зла бліжняму. І таму дзеці павінны даносіць нават на сваіх бацькоў-ерэтыкоў, хаця і ведаюць, што ерась пацягне за сабою пакаранне смерцю… Таму што, калі дазволена мэта, то дазволены і сродкі*.

* Зноў промысел Божы, прадбачэнне і празрэнне. Бузембаўм, аўтар гэтага афарызма і «Трактата аб маралі» стварыў яго на сто год пазней. Нічога! Хай бы сабе і на дзвесце.

— Што ж мы, так проста і на дарогу? — падступна спытаў Баўтрамей.

— Я іх ад смерці, а яны яшчэ і — «грошы». Ну, добра ўжо, дзеля такой вялікай мэты дамо і грошай.

— Колькі? — спытаў Тадэй.

— Не пакрыўдзіцеся. На кожнага па трыццаць.

— Давай, — пасля паўзы сказаў Пятро.

Усе пільна, як сабака на стойцы, глядзелі, як вузкія пальцы езуіта выкладаюць на стол вялікія, з дзіцячую далоньку, срэбныя манеты, як ён лічыць іх, складае слупкамі і падсоўвае да кожнага. Святло ад свечак мігцела на ўсім гэтым, на прыадкрытых пашчах, на руках, на вачах.

Езуіт паказаў на профіль Жыкгімонта на срэбным кружку:

— Дзяржаўна-карысны ўчынак робіце. І вось бачыце, нібыта сам уладар наш кожнага з вас па трыццаць разоў за подзвіг ваш бласлаўляе. А цяпер — ідзіце.

Басяцкі ўстаў.

— Дый вы спяшайцеся. — Ян глядзеў у акно. — Сам ідзе. У канцы завулка.

Мніх-каплан адчыніў дзверы. І раптам падаў свой насмешліва-абыякавы, здзеклівы голас Міхал Іліяш, ён жа Сымон-Кананіт:

— Басяцкі. А што будзе, калі мы грошай са стала не прыбяром? І той зразумее?

Дамініканец аглядаў яго. Пасля холадна паціснуў плячыма:

— Прэнг.

Дзверы зачыніліся за ім.

Усе як быццам чулі ўсё бліжэй і бліжэй крокі Хрыста, але, магчыма, гэта ўсяго толькі тахкалі іхнія сэрцы. Мацней і мацней. Мацней і мацней. Урэшце здрыганулася рука ў Баўтрамея. Ён не вытрымаў. Не думаючы пра тое, што будзе, калі астатнія не прыбяруць грошай, схапіў манеты, пачаў прагна рассоўваць іх па кішэнях. Працягнулася па грошы другая рука.

1 ... 137 138 139 140 141 142 143 144 145 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)