Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Ваўчыная яма
Ваўчыная яма - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ваўчыная яма

Электронная книга - «Ваўчыная яма». Краткое содержание книги:

Найбольш яскравым прыкладам твораў апошніх гадоў В. Быкава з’яўляецца аповесць «Ваўчыная яма». Адзінота і трагізм чалавечага існавання, дарэмныя імкненні іх пераадолець, сэнсастрата — галоўныя прыкметы дадзенага твора, якія прымушаюць па-новаму асэнсоўваць беларускую літаратуру і адлюстраваную ў ёй рэчаіснасць. «Ваўчыная яма» — твор гуманістычны, але адначасова і анты-чалавечны. Здаецца, у ім дзейнічаюць пэўныя героі, але яны не маюць нават імёнаў: проста салдат, проста Бомж. Ідучы рознымі жыццёвымі шляхамі, сышліся яны разам у страшным месцы — чарнобыльскай зоне, якая і стала іх апошнім прытулкам. Салдат-дэзерцір дзевятнаццаці гадоў ды стары алкаголік наўрад ці меркавалі калі-небудзь скончыць жыццё паяданнем жабаў з забруджанага балота, апынуўшыся ў ваўчынай яме, выкапанай чалавецтвам для сваіх блудных сыноў: «…каму хочацца лішні раз лезці ў атамнае пекла? Не хацелася і салдату, але во мусіў».
1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 29
Перейти на страницу:

— Дык еш. Нябось даўно ня ела?

— Даўнавата, — прызналася жанчына. — Тут дзе возьмеш?

— Тут нідзе няма. Апроч як у нас, — жартаваў бамж. — Рэстаранчык на беразе. Бы паплавок, праўда, салдат?

Салдат няўтульна пацепаў плячыма, падумаў: чаго ён чапляецца? Хай бы й чапляўся да яе, калі яму цікава, ды пакінуў яго ў спакоі.

Хутка яны скончылі тых жабаў, абсмакталі іх дробныя косткі, якія бамж сабраў у адну кучку ды затаптаў у пясок.

— Во й паабедалі! І павячэралі таксама. Ну як — нішто?

Жанчына няпэўна цепанула плечукамі — мабыць, адказу ў яе не знайшлося. Замест таго яна штосьці дастала з сумкі.

— Закурым?

— А мы некурашчыя, — адказаў бамж.

— Траўку…

— Траўку? Тады давай.

Жанчына спрытна згарнула з паперкі таўстую цыгарку, прыкурыла ад вугальку з кастра. Бамж падсунуўся да яе бліжэй.

— Цябе як зваць?

— А цябе?

— Мяне — Жора.

— Ну калі ты — Жора, дык я — Жаржэта. Чуў такое імя?

— А як жа! Толькі як ты тут апынулася? Тут жа зона.

— Ну і хрэн зь ёй, з зонай, — рэзка, без усьмешкі сказала жанчына. — Нам дык чаго баяцца?

— А сьмерці?

— Сьмерць я ўжо бачыла. Нават пацалавалася зь ёй. Во, паглядзі!

Яна ссунула з ілба вязаную шапачку, і на выстрыжанай скроні паявілася белае лапікла лейкаплястыру.

— Што гэта?

— Ад кулі. Кілер быў п'яны, не пацэліў.

— Кілер?

— А ты думаў — пятух клюнуў?

— І завошта?

— За грошы, канечне. За што ж яшчэ?

— І вялікія грошы? — зь цікавасьцю пытаўся бамж.

— Увогуле драбяза, — абыякавым тонам распавядала жанчына. — Асноўныя грошы пасьпелі перагнаць за рубеж. Во толькі самі зяўнулі, рэшту не хацелася губляць. Ну, сябрук мой і атрымаў у свой круты лоб. А мне з рыкашэту — таксама.

— Аднак! — задуменна мовіў бамж. — Рызыковая ваша жытуха — з грашыма.

— Была з грашыма. А цяпер пуста ў кішэні.

— Ну й добра. Ужо цяпер кілер адстане.

— Не скажы. Калі б адстаў, я б тут не апынулася.

— Во як!

Яны змоўклі, жанчына падала бамжу тоўсты недакурак, які той ашчадна ўзяў закапцелымі пальцамі.

— Што — ужо курыў?

— Было некалі…

— А пацан? Хаця яму яшчэ рана, — вырашыла жанчына, з усьмешкай азірнуўшы салдата.

Яму й зусім стала нялоўка, амаль пакутна. І гэтая размова пра грошы, кілераў, і курэньне «траўкі» непрыемна падзейнічалі на яго, карцела ўстаць ды пайсьці. Хай бы яны тут курылі й спавядаліся адзін перад адным, усё ж у яго быў інакшы, чым у іх, лёс. Аднак штосьці ў асобе гэтай жанчыны прыцягвала ягоную ўвагу, і ён, хоць і зь непрыязнасьцю да яе, сядзеў і слухаў.

— Адной табе кепска, — сказаў бамж. — Напарніка трэба.

— Дзе ж яго ўзяць — напарніка?

— А мяне вазьмі. Ці, можа, хлопца. А што — у войску служыў, дэзэрцір…

Салдат моўчкі ўстаў і берагам рэчкі пайшоў прэч.

Ён доўга й бяз справы хадзіў між хвояў, пазнаючы ўжо бачаныя мясьціны лесу, часам прыкмячаючы дзе сухія сукі, якія маглі б спатрэбіцца для агню. Лаўжоў у доле тут было мала, пад хвоямі шырока распаўзьліся зялёныя лапіклы чарнічніку, хутка павінны былі паявіцца й ягады. Але галоўнае баравое хараство буяла ўгары, у бронзавым пераліве хвояў, якія, бы на падбор, стаялі ўсе роўненькія — і таўшчынёй, і ростам, і колерам аздобы, які плаўна мяняўся з камля ад шэрага да ярка-залатога ў вершалінах. Ад гэтых хваёвых вершалін імкнула чароўнае лесавае хараство, якога не было ні ў якім іншым лесе. Аднак і тут панавала самота, і салдат не разумеў, чаму. Ужо гэткая баравая лагода павінна б суцешыць, заспакоіць, абнадзеіць чалавека, а во не абнадзейвала. Хіба паглыбляла тугу — добра яшчэ, што не бурыла спакой. Спакою было тут нават багата, і чалавек нярэдка пераставаў прыкмячаць яго.

Паяўленьне тут гэтай незнаёмай жанчыны, здаецца, сапраўды разварушыла трохі заспакоеныя пачуцьці салдата, пабудзіла ў ім паўзабытае пачуцьцё няёмкасьці. Падобна на тое, што ён пачаў адчуваць сябе лішнім ці, можа, пабаяўся страціць бамжа? Але бамж асабліва яго й не трымаў ля сябе. Болей за ўсё верагодна, што ён адчуў непажаданую пэрспэктыву адзіноты, ад якой ужо стаў адвыкаць. І цяпер гэтая жанчына…

Ён ніколі ня ўмеў нармальна адчуваць сябе побач з жанчынай, асабліва перад тымі зь іх, што былі старэйшыя, такія гаваркія і востраязыкія; іх жаночыя жартачкі, скіраваныя на яго, бянтэжылі й крыўдзілі яго. Ён злаваў часам, але не на іх — на сябе, ды нічога зрабіць ня мог, ня мог перасіліць сябе, толькі трываў. Калі не было магчымасьці ўстаць і пайсьці. Як во сёньня.

На чабаровай прагаліне ён паваліўся ў траву, прагна ўдыхаючы знаёмы гаючы водар, які памятаў яшчэ зь дзіцячых гадоў, як на канікулах жыў у бабулі. У полі ці ў лесе бабуля заўсёды зьбірала розныя зёлкі, сушыла іх у цёмных сенцах, і ён часам пытаўся: нашто? Ад хваробы, казала бабуля. Узімку прастудзісься, захварэеш, а я завару гарбаткі — пап'еш і паправісься… Калі б была жывая бабуля, пэўна, яна б і зараз заварыла якіх-небудзь лекаў — ад радыяцыі. Ён бы выпіў і быў здаровы. Але бабулі няма, а праклятая радыяцыя затаілася дзесьці паблізу й чакае. Чаго толькі чакае? І колькі будзе чакаць?

1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 29
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)