Віленскія камунары [calibre 3.42.0]
- Автор: Горецкий Максим Иванович
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Віленскія камунары [calibre 3.42.0]». Краткое содержание книги:
Калі мы прыйшлі, на палянцы было ўжо чалавек пяцьдзесят ці болей. У зямлю быў уваткнут высокі шост, а па ім вісеў вялікі чырвоны сцяг. Вакол сядзелі, ляжалі, размаўлялі, усе прыбраныя.
* * *
Адчынілі мітынг. Казалі прамовы. І пяялі рэвалюцыйныя песні, дэкламавалі рэвалюцыйныя вершы, плёскалі і крычалі «брава!».
Гаварылі па-руску. Былі тут яўрэі і палякі. Найбольш рабочыя.
Але быў там тады прыезджы з Варшавы польскі рэвалюцыянер Будзіловіч, брат таго віленскага пана Будзіловіча, інжынера, у якога пасля служыла мая маці. Бледны, з чорнаю бародкаю, у саламяным капелюшы.
Ён выступаў з прамоваю на польскай мове, гаварыў доўга, то ціха, спакойна, то вельмі горача, са слязьмі і трасучы кулакамі. Яму доўга плёскалі, моўчкі, ніхто нічога не крыкнуў.
І з ім была дзяўчынка маіх гадоў, звалі яе — Адэлька. Калі ўсе патроху пасля яго прамовы супакоіліся, яна прадэкламавала кароценькі рэвалюцыйны вершык, таксама на польскай мове.
І ёй усе дужа многа плёскалі, шумней чым бацьку (я тады думаў, што гэта яе бацька, а ён даводзіўся ёй войчымам).
Была яна ў харошай белай сукеначцы. А ў кудзерках у яе, беленькіх, папялястых, быў прыколаты чырвоны банцік.
Такая слаўная была дзяўчына! Спадабалася мне незвычайна. Я потым доўга быў у ёй закаханы, усё пра яе думаў і ўспамінаў. І гэта, можна сказаць, было маё першае каханне.
Пасля мітынгу ўсе селі, развязалі пакуначкі, выпілі, закусілі. І спакойна разышліся.
Х. ПРАВАКАТАРЫ
У самым лепшым лесе будзе крывое дрэва... У рэвалюцыйнай арганізацыі, якою кіраваў Тарусевіч і ў якой браў удзел мой бацька, завяліся правакатары. Яны яе і засыпалі.
Адзін быў — Пётра Гурскі, гарбар з мястэчка Смаргоні. Я яго не ведаў і чуў пра яго мала. А ён-то найбольш і нашкодзіў. А другі, драбнейшы паскуднік, — добра вядомы мне Павэлак.
За тую гусіну, што ўкраў у сяле Іванаўскім, за Псковам, у часе свайго «фрэндару», сядзеў ён у турме. Вярнуўшыся ў Вільню, паступіў на гарбарню да Гальдштэйна, на Паплавах.
Піць не кінуў, часам і хуліганіў па-даўнейшаму, але моду змяніў, і рабіў цяпер з гэтага не простае геройства, а геройства рэвалюцыйнае.
Удзелу ў рэвалюцыі 1905 года ён, праўда, ніякага не прымаў, але калі яна пайшла на спад — піў «з гора», як і многія тады, каму тошна было адчуваць наступ рэакцыі...
Напіўшыся, абліваўся п’янымі слязьмі, біў сябе брудным кулаком у голыя чорныя валасатыя грудзі і дзе крычаў, дзе ціханька казаў:
— Не магу не піць!.. Гарыць ува мне рабочая душа!.. За што змагггаліся?.. Змаггга-ліся... змагггалі-ся...
Але быў даволі хітранькі і слізкі. І вось гэткі-то п’яніца і злодзей, чорт яго ведае якім чынам, завязаў блізкія адносіны з некаторымі членамі арганізацыі.
Ён лез у арганізацыю — таму, што спадзяваўся часцей выпіць. Але ўлезшы і праканаўшыся, што на выпіўку там грошай не даюць, ён вельмі скора зрабіўся платным агентам паліцыі.
Бацька мой засцерагаў таварышаў, што Павэлак — чалавечак хліпкі, ненадзейны, што лепш яго адсунуць ад сябе — пакуль не позна.
Але бацьку не паслухалі, ведаючы, што калісьці яны разам кралі гусіну і што з тых час у іх асабістая непрыязнь...
Бацька мой гусіны не краў. Але ў такіх выпадках яшчэ і цяпер многія рабочыя ахвотна вераць таму, хто кажа: краў, і не хочуць верыць таму, хто адмаўляецца.
Гэта — спадчына буржуазных поглядаў. Не дзіва.
Раскрыў Павэлка нехта з таварышаў, выпушчаных з турмы, а забілі яго гальдштэйнаўскія гарбары, там жа на Паплавах, каля гарбарні.
Цэлую ноч з ім гулялі, пілі... А раніцою, на вуліцы, усадзілі яму кінжал. Ён яшчэ прабег крокаў сто і тады ўпаў, — каб болей пе падняцца і ўжо нідзе і ніколі не займацца правакацыяй.
* * *
Пасля правалу арганізацыі бацьку майму прыйшлося доўга хавацца. Работу на гарбарні Грыліхэса ён мусіў кінуць. У другіх месцах на работу яго не прымалі.
І зрабіўся ён як бы кур’ерам у арганізацыі. Ездзіў па розных гарадах для сувязі.
Быў прымецен, як аднавокі, і тады арганізацыя купіла і ўставіла яму вельмі добрае шкляное вока, — так лоўка зробленае, што адразу і не пазнаць, што яно не жывое, а штучнае.
Арганізацыя прапанавала яму выехаць за межы, у эміграцыю. Ён адмовіўся — пад тым прадлогам, што не ведае іншакраінных моў.
А я думаю, што проста кроў бабулі пераважыла ў ім... Як некалі бабуля не магла выехаць у Сібір да дзядулі, бо ніяк не асвойвалася з думкаю, што трэба прадаць сваю хату, — так ён цяпер ніяк не мог адважыцца пакінуць маці і мяне.
Маці і я жылі ў Вільні, толькі перайшлі на другую кватэру — з Магаметанскага завулка на Антокаль. Маці ізноў працавала тады на мармеладнай фабрыцы, а мне бліжэй было хадзіць у школу.