Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Час second-hand - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Час second-hand

Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:

“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў.
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
1 ... 131 132 133 134 135 136 137 138 139 ... 185
Перейти на страницу:
(Глядзіць у акно.) У мяне з тых часоў няма сур’ёзных гісторый… Былі раманчыкі… Я лёгка ўваходжу ў сэкс, але гэта не тое, гэта іншае. Мне не падабаецца пах мужчын, не пах кахання, а пах мужчын. У ванным пакоі я заўсёды чую, што тут быў мужчына… хай у яго дарагая парфума, дарагія цыгарэты… Мне вусцішна падумаць, колькі трэба працаваць, каб каля цябе быў іншы чалавек. Як раб на галерах! Забыцца на сябе, адмовіцца ад сябе, вызваліцца ад сябе. У каханні няма свабоды. Нават калі вы знойдзеце свой ідэал, у яго будуць не тыя духі, ён будзе любіць смажанае мяса і смяяцца з вашых салацікаў, не там пакідаць шкарпэткі і штаны. І заўсёды трэба пакутаваць. Пакутаваць?! Ад кахання… ад гэтай кампазіцыі… Я не хачу больш рабіць гэтую працу, мне лягчэй спадзявацца на сябе. З мужчынамі лепш сябраваць, працаваць разам. Мне нават какетнічаць неахвота, лянота апранаць гэтую маску, уступаць у гульню. Спа-салон, фрэнч-манікюр, італьянскае нарошчванне. Макіяж. Баявая афарбоўка… Божа мой! Божа мой! Дзяўчынкі з Цьмутараканска… З усёй Расіі — у Маскву! У Маскву! Там чакаюць іх багатыя прынцы! Яны мараць, што з Папялушак іх ператвораць у прынцэс. Чаканне казкі! Цуду! Я праз гэта… ужо праехала… Разумею Папялушак, але мне іх шкада. Раю без пекла не бывае. Каб адзін рай… так не бывае… Але яны яшчэ гэтага не ведаюць… у няведанні… Прайшло сем гадоў, як мы рассталіся… Ён мне тэлефануе, тэлефануе заўсёды чамусьці ўначы. У яго ўсё дрэнна, страціў шмат грошай… кажа, што нешчаслівы… Была адна маладая дзяўчынка, цяпер іншая. Прапануе: давай сустрэнемся… Навошта? (Маўчыць.) Мне доўга яго не хапала, я выключала святло і гадзінамі сядзела ў цемры. Гублялася ў часе… (Маўчыць.) Потым… потым былі толькі раманы… Але я… Я ніколі не змагу закахацца ў мужчыну без грошай, са спальнага раёна. З панэльнага гета, з Гарлема. Я ненавіджу тых, хто рос у галечы, з «жабрацкім» менталітэтам, грошы значаць для іх так шмат, што ім нельга давяраць. Не люблю бедных, прыніжаных і абражаных. Усіх гэтых Башмачкіных і Апіскіных… герояў вялікай рускай літаратуры… Не давяраю ім! Што? Нешта са мной не так… не ўпісваюся ў фармат? Пачакайце… Ніхто не ведае, як упарадкаваны гэты свет… Мужчына мне падабаецца не за грошы, не толькі за грошы. Мне падабаецца ўвесь вобраз паспяховага мужчыны: як ён ходзіць, як ён кіруе, як гаворыць, як заляцаецца — усё ў яго іншае. Усё! Я такіх выбіраю… За гэта… (Маўчыць.) Ён тэлефануе… ён не шчаслівы… Чаго ж ён такога не бачыў і не можа купіць? Ён… і ягоныя сябры… Грошы ўжо заробленыя. Вялікія грошы. Вар’яты! Але за ўсе свае грошы яны не могуць купіць сабе шчасце, гэтае самае каханне. «Любовь-морковь». У беднага студэнта яно ёсць, а ў іх няма. Вось такая несправядлівасць! А ім здаецца, што яны могуць усё: на прыватных самалётах лётаюць у якую заўгодна краіну на футбольны матч, у Нью-Ёрк — на прэм’еру мюзікла. Усё — пад’ёмна! Зацягнуць у ложак найпрыгажэйшую мадэль, прывезці іх у Куршавель — цэлы самалёт! Усе мы Горкага ў школе праходзілі, ведаем, што такое купецкі загул — біць люстэркі, ляжаць мордай у чорнай ікры… купаць дзяўчат у шампанскім… Але ўсё надакучыла — сумна ім. Маскоўскія турагенцтвы прапануюць такім кліентам адмысловыя забавы. Напрыклад, два дні ў турме. У рэкламе так і напісана: «Хочаце пабыць два дні Хадаркоўскім?» У міліцэйскай машыне з кратамі іх вязуць у горад Уладзімір у самую страшную турму — Уладзімірскі цэнтрал, там пераапранаюць у арыштанцкую адзежу, ганяюць па двары з сабакамі і б’юць гумовымі дубінамі. Сапраўднымі! Напіхваюць, як селядцоў, у брудную смярдзючую камеру з парашай. І яны — шчаслівыя. Новыя адчуванні! За тры-пяць тысяч долараў можна яшчэ пагуляць у «бамжоў»: ахвотнікаў пераапранаюць, грыміруюць і разводзяць па маскоўскіх вуліцах, яны жабруюць. Праўда, побач дзяжураць ахоўнікі — уласныя і ад турфірмы. Ёсць прапановы і круцейшыя, для ўсёй сям’і: жонка — прастытутка, муж — сутэнёр. Ведаю гісторыю… Аднойчы больш за ўсіх за вечар зняла кліентаў сціплая, з савецкай знешнасцю жонка найбагацейшага маскоўскага кандытара. І муж быў шчаслівы! Ёсць забавы, пра якія не гаворыцца ў рэкламных праспектах… Цалкам сакрэтна… Можна зладзіць ноччу паляванне на жывога чалавека. Няшчаснаму бамжу даюць тысячу баксаў — вось яны «зялёныя» — твае! Ён ніколі такіх грошай не бачыў! А за гэта — папрацуй зверам! Выратуешся — значыць, лёс, прыстрэляць — не крыўдуй. Усё сумленна! Можна ўзяць дзяўчынку на ноч… Даць волю фантазіям, нізу жывата, ды так, што маркізу дэ Саду не снілася! Кроў, слёзы і сперма!! Гэта называецца — шчасце… Шчасце па-руску — трапіць у турму на два дні, каб потым выйсці адтуль і зразумець, як у цябе ўсё добра. Выдатна! Купіць не толькі машыну, дом, яхту, дэпутацкае крэсла… але і чалавечае жыццё… Пабыць калі не богам, то бажком… звышчалавекам! Ну так… І ўсё!! Усе народжаныя ў СССР, яшчэ ўсе адтуль. З гэтым дыягназам. А такі… Такі наіўны быў свет… марылі добрага чалавека зрабіць… Абяцалі: «жалезнай рукой загонім чалавецтва ў шчасце…» У зямны рай.

1 ... 131 132 133 134 135 136 137 138 139 ... 185
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)