Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
"Швэндал!" – выклікнуў я, не стрымаўшыся ад радасьці.
"Так, шаноўны пане, так, – мармытаў Масьляк, палічыўшы, што я разьюшыўся, а ня ўсьцешыўся. – Такі дабраўся Швэндал да іх, і яны зь ім і пацягнуліся, хоць я адгаворваў, і Швэндала таго да іх не пускаў. Яны ўвесь час паводзіліся такімі дзівакамі, бачыце, пане, нават, можна сказаць, свавольнічалі".
"Ну й дурань ты! Галава масьляная! Найдаражэйшы мой, найлюбімейшы Масьляку! – выклікнуў я. – Ды я ня чуў лепшых навінаў зь Ліпак! Гэта ж весткі на залаты талер. Каб тваё піва сем гадоў было найлепшым на сем ваколіцаў! Сёньня я ўпершыню, ня памятаю за колькі часу, пасплю спакойна".
Я асталяваўся ў шынку, раздумваючы, што адбылося зь Вершнікамі. Бо, паводле відочных прыкметаў, Прыгор'е наведалі ўсяго два. Але той самай ноччу загадка разгадалася, бо яшчэ сама менш пяцёра прымчалі з захаду, вышыблі браму й пранесьліся па Прыгор'і, выючы, бы ўраган. Прыгорцы дасюль трасуцца й чакаюць канца сьвету. А я на досьвітку выправіўся сьледам за Вершнікамі.
Дакладна ня ведаю, але мяркую, адбылося вось што: іхні правадыр хаваўся на поўдзень ад Прыгор'я, пакуль два праехалі празь вёску, а чатыры ўварваліся ў Шыр. Пасьля няўдачаў у Прыгор'і й Цвыркуновай Лагчыне яны вярнуліся да ачольцы, пакінуўшы Шлях без нагляду – хіба што віжоўцы іхнія яшчэ вартавалі. Тады правадыр адаслаў некалькі Вершнікаў проста на ўсход, праз глухамань, а сам з астатнімі памчаў па Шляху, разьюшаны й шалёны.
Я ветрам ляцеў да Наветранай стромы, сягнуў яе да ночы другога дня пасьля выезду з Прыгор'я, а яны ўжо былі там. Адразу адступілі перад мною, бо адчувалі маю злосьць і не наважыліся напасьці, пакуль сонца было ў нябёсах. Дачакаліся ночы, і мне давялося трымаць асаду на вяршыні, у кольцы руінаў Аман Сулу. Давялося парупіцца. Напэўна, столькі бляску й полымя на Наветранай ня бачылі з часоў вартавых агнёў даўніх войнаў.
З раніцою я прарваўся з стромы й уцёк на поўнач. Наўрад ці я здолеў бы зрабіць болей. Шукаць цябе, Фрода, у глухамані, падалося безнадзейным, а з Дзевяцьцю за сьпінай, дык і неразумным. Давялося даверыцца Арагорну й спадзявацца на тое, што заваблю колькі Вершнікаў да сябе, прымушу перасьледаваць мяне, а ня вас. А там дабяруся да Долага Яру раней і вышлю дапамогу насустрач вам. Сапраўды, чатыры Вершнікі пагналіся за мной, але неўзабаве павярнулі да броду. Тое дапамагло крышачку, бо на Наветранай вас атакавалі толькі пяцёра.
Долага Яру я сягнуў доўгім цяжкім шляхам празь вярхоўі Бруйнену й Тролевыя логі, спусьціўся да яго з поўначы. Адлічваючы з Наветранай, на тое спатрэбілася амаль чатырнаццаць дзён, бо я ня мог ехаць верхам паўз камяні трольскіх прыгор'яў. Я адаслаў Ценяра на радзіму да былых гаспадароў. Аднак паміж намі ўзрасло вялікае сяброўства, і калі мне спатрэбіцца, ён адгукнецца на мой покліч і прыскача. Гэтак атрымалася, што я прыбыў у Долы Яр за тры дні да пярсьцёнка, калі навіны пра здарэньні вакол яго ўжо былі тут, і на іх, на шчасьце, пасьпелі адрэагаваць.
Вось, Фрода, і заканчэньне маёй гісторыі. Няхай Эльранд і астатнія даруюць мне даўжыню расповеду. Ніколі раней не здаралася, каб Гэндальф парушыў дамову й не зьявіўся, калі абяцаў. Ахоўнік Пярсьцёнка меў права ведаць, чаму так адбылося.
Ну, цяпер усё сказана, ад пачатку да канца. Мы ўсе тут, і пярсьцёнак таксама. Адылі мы ні на крок не наблізіліся да нашай мэты, да вырашэньня. Што нам рабіць зь ім?
Павісла доўгая цішыня. Яе парушыў Эльранд.
– Навіны пра Сарумана – найжурботнейшыя. Мы давяралі яму, ён ведае да дробязяў нашыя пляны. Небясьпечна далёка паглыбляцца ў вывучэньне майстэрства й звычак Ворага, дзеля ліха або дабра, бо яны пераходзяць на дасьледніка. Раней гэткія здрады, на жаль, здараліся ня раз. З усіх жа сёньняшніх расповедаў гісторыя Фрода – найдзівосьнейшая для мяне. Я амаль ня ведаю хобітаў, апрача Більба, і цяпер мне падаецца, што ён мо не такое ўжо выключэньне, як я лічыў. Сусьвет значна зьмяніўся ад тых дзён, калі я апошні раз вандраваў па шляхох Захаду.
Мерцьвякоў Скляпеньня мы ведаем пад мноствам імёнаў, і безьліч расповедаў ёсьць пра Старую пушчу – апошнюю рэшту вялікіх лясоў поўначы. Быў час, калі вавёрка магла праскакаць з дрэва на дрэва, не апускаючыся на зямлю, ад сёньняшняга Шыру да Дунлянду на захад ад Ізенградку. У тых землях я вандраваў калісьці й бачыў шмат рэчаў дзікіх і незвычайных. Але я амаль забыўся на Бамбадзіла – калі ён і на самай справе той, хто ў спракаветную даўніну бадзяжыў па лясох і пагорках, і ўжо тады быў старэйшы за старых. Тады яго называлі ня так. Мы клікалі яго Ярвэн Бэн-адар – бязбацькавы, найстарэйшы. З той часіны іншыя далі яму шмат імёнаў. Гномы назвалі яго Форнам, людзі поўначы – Оральдам. Ён – незвычайная асоба. Мажліва, мне варта было запрасіць яго на Раду.