Сны iмператара
- Автор: Орлов Владимир Алексеевич
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Сны iмператара». Краткое содержание книги:
Гнеў мой, і слёзы, і боль. Без падтрымкі, бясконца
Войны вядзём мы адзін на адзін за свяшчэнны
Братні саюз хрысціянства з навалай з усходу.
Вораг страшэнны адольвае нас і зламысна
Рэжа пад корань наш род і вучэнне Хрыстова
У душах народаў на ўсіх заняволеных землях.
Ён, спадцішка ўварваўшыся ў нашы ўладанні,
Цэламу свету нахабна сцвярджае: ваюю
Не за прастору сабе, а за лад у прасторы.
З верай сваёй ён ідзе і ў імя нам чужацкага бога
Лад свой агнём і мячом усталёўвае ў землях
Іншага веравызнання і іншых парадкаў.
Там, дзе арда саранчой прапаўзе, застануцца
Толькі асмолкі ды печышчы, попел ды косці,
Зграі варон ды чароды сабак адзічэлых.
Бог барані, калі нас перамогуць прышэльцы,
Лепш ужо смерць нам усім без пары, чым такая
Доля — жыццё пад’ярэмнае ў чорнай няволі...*
* Тут і далей пераклад з лацінскай Язэпа Семяжона.
Васіль імпэтна ўстаў.
— Злыя языкі сцвярджаюць, што Эразм Вітэліус і ягоны сакратар выракліся Бацькаўшчыны і шукаюць славы і пашанотаў у Ватыкане. Цяпер я ведаю, чаго вартыя гэтыя размовы. Усё гаворыць за тое, што аўтару паэмы наканавана еўрапейская слава.
— Тваімі вуснамі прамаўляе маладосць,— перапыніў Гусоўскі.
— Не. Доктар Скарына сее асвету сярод нашага люду, але не менш важна сеяць у свеце праўду пра нашу зямлю і яе пакуты.
— Якія ж кнігі былі ў тваіх саквах? — перавёў размову на іншае паэт.
— «Арыстоцелева брама» і Скарынаў Псалтыр з Еклезіастэсам.
Прыклаўшы правую руку да сэрца, Гусоўскі працягнуў бакалаўру кнігу, з якой не разлучаўся ўжо чатыры гады. То быў Псалтыр, першая друкаваная кніга, у якой загучала жывое слова іхняга народа. Абаронца младых і радасць, старым пацеха і песня, жонам пабожная малітва і пакраса, дзецям малым пачатак усякае добрае навукі, мужам моцнае ўцвярджэнне. Паэту здалося, што прадмову чытае сам Скарына, што душа ягоная недзе тут, з імі...
Яны доўга не клаліся спаць. У спічастым вакне стаяла поўня, і яна нагадвала абодвум спелы яблык-папяроўку з садоў далёкай радзімы.
VI.
Напрыканцы верасня, калі ў сухой спякоце рымскага лета пачулася дыханне восені, якая абяцала сплытчэламу Тыбру ўжо блізкія дажджы, Эразм Вітэліус вярнуўся з падарожжа ў Фларэнцыю і Парму. Увечары таго ж дня паэт і мецэнат ужо гутарылі ў багатай бібліятэцы пасла, якой зайздросцілі нават кардыналы. Адзінай аздобаю бібліятэкі была шпалера з Дантэ і Вергіліем і цудоўнай залаціста-блакітнаю перспектывай. Усю астатнюю прастору сцен займалі друкаваныя і рукапісныя кнігі. Сярод лаціны тэалагічных і юрыдычных трактатаў, сярод кніг гуманістаў і антычных аўтараў тут можна было сустрэць кірыліцу летапісаў і выданняў апальнага Фіёля*. Было тут і слова пра паход ноўгарад-северскага князя Ігара на полаўцаў, якое Гусоўскі любіў час ад часу перачытваць, заўсёды знаходзячы падабенства між Вітаўтам і Усяславам Чарадзеем, князем полацкім.
* Швайпольт Фіёль - заснавальнік кірылічнага кнігадрукавання.
Усцешаны спатканнем, Вітэліус з тонкасцю сапраўднага знаўцы апавядаў пра роспісы Карэджа, захапляючыся зграбнасцю і лёгкасцю пуццы* пармскіх храмаў. Раз-пораз ён кідаў позірк на стос спісаных знаёмым почыркам аркушаў, якія суседзілі на стале з «Дэкамеронам». Гэтае суседства здавалася Эразму добрым знакам, і ён ужо смакаваў наперад хвіліны, калі будзе ўчытвацца ў першыя пяцьсот радкоў паэмы.
* Выявы хлопчыкаў - улюбёны дэкаратыўны матыў у мастацтве Адраджэння.
У такім гуморы ён успамінаў вандроўку са шчыраю асалодай.
— Уяві сабе, што ў царкве святога Яна анёлы лунаюць настолькі вольна, што купал знікае і ператвараецца ў неба. Пэндзаль мастака нараджае цуд, роўны боскаму. Ты ніколі не думаў, што менавіта ў геніях Госпад найпаўней выяўляе сябе і нагадвае нам пра сваю ўсемагутнасць?
Разважанні Вітэліуса перарвала з’яўленне слугі.
— Нейкі чалавек просіць у монсеньёра аўдыенцыі. Ён назваўся турэцкім купцом.
Вітэліус і Гусоўскі перакінуліся здзіўленымі позіркамі.
— Няхай зойдзе,— сказаў Эразм.— Мы выслухаем яго.
Нізкарослы турак, які праз вялікі блакітны турбан выглядаў амаль што карлам, схіліўся ў нізкім паклоне.
— Падзішах хім чок яш сана! Няхай жыве султан! — паўтарыў ён па-італьянску.— Няхай доўжыць Алах на зямлі ягоны цень!
— Вітаем цябе, купец,— адказаў Вітэліус на лаціне.
— Асаблівасці маёй справы,— турак лёгка перайшоў на лаціну,— вымушаюць мяне прасіць у пана пасла размову адзін на адзін.