Азірніся ў каханні
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-01164-Х
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Азірніся ў каханні». Краткое содержание книги:
— Ты, бацька, ужо ў філасофію палез, — незадаволена папракнуў Сяргей. — Мы ж не толькі асушаем, а і ваду даем тым мясцінам, дзе не хапае вады: арашэнне праводзім.
— Адкуль вы ведаеце, колькі вільгаці хоча зямля ў гэтым годзе, колькі ў наступным? Прырода сама ведала пра тое. Л атрымліваецца што: прыходзіць вясна, разліваюцца рэкі, ваша арашэнне ці асушэнне прыродзе невядома, і яна стараецца даць зямлі столькі вады, колькі ёй трэба...
— Ды не так, бацька, ты разумееш. Ёсць жа датчыкі, якія гавораць пра ўсё. І летам па дрэнажных трубах і падаецца вада. А хіба ж не было засухі, што пакутавала зямля, і ніхто не мог ёй памагчы...
— Было. І не раз.
— Вось бачыш. А на тых палях, дзе мы зрабілі ўсё, такога не назіраецца — расце ўсё і буяе. Бачыў такое?
— Чаму ж не — за Бобрыкам.
— Правільна. Дык што — ворагі мы сваёй зямлі?
Цяпер маўчыць Косцік, цыгарэтай зацягваецца, паціскае плячыма. Зноў Сяргей не за тое хапаецца, усё даказаць хоча, стараецца — сабе і бацьку, што іх, меліяратараў, няма ў чым папракнуць.
— Не, не ворагі. Мы крыўдуем на зямлю, калі яна не апраўдвае нашых надзей. А як ёй, беднай, сапсаванай і атручанай, быць добрай і ўдзячнай? Га? Ты думаў пра тое?
— Не, не думаў.
— Дык ты супраць асушэння балот?
— Супраць. Акрамя, канешне, старых балот, дзе нічога не знаходзіць для сябе ні звер, ні птушка. А вось маладыя балоты... О, тут чалавек не ведае, што гэта такое. Гэта само жыццё, яе самы буйны цэнтр. Дзе знікаюць балоты, там робяцца сухімі лясы, міма пралятаюць гусі і качкі, не спыняюцца там жоравы і буслы. Тады мялеюць рэкі. На асушаных месцах тонкі ўрадлівы пласт абавязкова размыецца, зносіцца вясновай вадой. Тады не застаецца ні лугоў, ні ворнай зямлі — адзін пясочак. Гэта прамая дарога да засухі, да пустыні — такім можа стаць наша Палессе. Вось так, калюх-калюха...
Сяргей нахмурыў лоб, закусіў губу. Задумаўся.
— Ты вельмі злы на мяне, бацька. І таму несправядлівы.
— На цябе злы, — Косцік кісла ўсміхнуўся, паклаў яму руку на плячо, сціснуў яго. — І на тых людзей, хто прыдумаў машыны, на якой ты працуеш, на тых, хто ў асушэнні балот бачыць багацце Палесся. Не ў гэтым яно, не ў балотах...
Ён глядзеў са шкадаваннем на сына, што той шмат чаго не разумеў, бо ніколі не прыдаваў значэння простым рэчам, з якімі сустракаўся кожны дзень. У вучылішчы пра «другі бок медаля» не тлумачылі, замоўчвалі, а меліярацыйныя арганізацыі заманьвалі да сябе доўгім рублём, зрэдку жытлом. Адчуваў Міхалап: той размовы, дзеля якой прыйшоў да Сяргея, на жаль, не атрымалася. Пакуль што. Значыць, сын яшчэ не гатовы да яе. Няхай хоць пакуль задумаецца. Не сёння, дык заўтра дойдзе да яго, цюкне ў галаву што пэўнае...
— А чаго ты на мяне злы, бацька?
— Чаго? — звузіў пачырванелыя вейкі Косцік, уперыўся позіркам у сына. — А таму, што неразумна жывеш. Таму, што нішчыш тое, што я ратую. Што грошы атрымліваеш за глум, шкоду, а не за добрыя справы.
— Гэта ж дзяржаўная...
— Не перабівай, — прыкрыкнуў бацька, павысіўшы голас, — за глум грошы атрымліваеш. Карацей, маё рашэнне такое — заўтра ж, неадкладна, падасі заяву на звальненне...
Сяргей недаўменна глядзеў на бацьку.
— Я не змагу спакойна жыць, ведаючы, што ты плугамі курочыш Палессе, самыя прыгожыя куточкі. Цяпер спіць навука, спіць сумленне ў людзей, толькі зямля і прырода крычыць, крычыць нема, — ніхто не чуе... Л таму і табе тут не месца. Не, не месца... Такое маё слова.
— Ты ў мяне не спытаў, ці хачу я гэтага?
— А я ў цябе і пытацца не буду. Я ў зямлі пытаўся. І пачуў яе адказ.
— Бацька...
— Што — «бацька»? Што? Каб і нагі тваёй заўтра не было тут, ясна табе?
Голас у бацькі стражэў, наліваўся нейкай перакананай злосцю, крыўдай. Але ўжо цішэй і з адчаем дадаў:
— Не ганьбі бацьку на старасці гадоў. Не для таго я цябе гадаваў, не для таго...
Сын маўчаў. Канец размовы павярнуўся нечакана, мусіць, і для самога бацькі.
— Механізатары ў лясніцтве трэба. Работы хопіць. Не хочаш у нас, у калгас ідзі — сей і расці хлеб. Аб сабе добрую памяць пакінеш, а не такую, як тут, халтурную...
Сяргей нічога не адказаў.
Косцік узышоў на пагорак, азірнуўся: не было чуваць таго праціўнага гудзення. У Міхалапа адразу паспакайнела на душы. Нешта ж павінна перамяніцца ў лепшы бок, павінна. І Паласацік вернецца на сваё селішча...