Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Станаўленне - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Станаўленне

Электронная книга - «Станаўленне». Краткое содержание книги:

Кніга прысвечана пакаленню, што нарадзілася і гадавалася ў зямлянках. Ім прыйшлося зведаць ваеннае ліхалецце, нялёгкія пасляваенныя гады, але яны пад апекаю старэйшых здолелі набыць дастатковы запас трываласці i дабрыні.
Пісьменнік імкнецца пазнаёміць юнацтва ca светам дарослых людзей, не асцерагаецца падкрэсліць яго складанасць, але пры гэтым найперш выяўляе ідэалы маралі, шчырасць, чуласць, паэтызуе дзіцячы i юнацкі свет, першае пачуццё i каханне.
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 111
Перейти на страницу:

Мне не хочацца выпускаць з рук такую знаходку, але я не мог выцерпець такіх слоў маці, шкадаваў i любіў яе — шпурнуў абцугі далей ад дарогі, у куст алешніку.

— Не відаць, што i мыўся, — сказала маці, гледзячы, як я пакручваў брудныя рукі, стараўся ix недзе схаваць, пасля падабраў шматок саломы, спрабаваў выцерці ёю мазуту, але рукі мае не пачысцелі: салідол расціраўся i ўядаўся ў цела.

Добры настрой мой пагоршыўся. Я захваляваўся, растрывожыўся, i мне стала крыўдна на самога сябе. Чаму я такі бесталковы? Калі ўжо сапраўды прыйдзе да мяне гэты «розум»?

Злаваўся я на сябе i адчуваў, як моцна паліць сонца, прыпарвае. Лес нагрэўся, прымлеў — цягне душным, густым пахам ад шыгалля, пяску i мурашніку. Смалою пахнуць зялёныя ігліцы, карэнні i залысіны на камлях сосен. Хтосьці зачасаў сякераю хвою — кропелькамі-слёзамі выступіла жоўтая сырыца-смала, прыцвярдзела, пабялела i пахне.

Даўнавата не быў я ў лесе, але адчуваю, што пачынае ўжо красаваць верас: прыемна пахне салодкім цёпленькім мядком. Здаецца, прыгледзься добра i ўбачыш, як садзіцца на верасоўку пчолка, гойдаецца, нахінаецца ледзь не да самай зямлі i суне галоўку ў кветачку — п’е соладзь…

Ад гарачыні мітусяцца, медна звіняць разамлелыя авадні; даўно стаіць суш, пыліцца зямля — не зялёнымі, a шэрымі сталі кусты, вецер не можа стрэсці з ix пыл, як не здолее ix абмыць раса, вызеленіць i прасвяжыць. Чакае ўсё дажджу.

I тут я ўспомніў, што мы ідзём купляць касцюм, які будзе прыгожы, з доўгімі штонікамі, у якія можна будзе зацягваць пояс, у кішэні якіх пакладу палавіну свайго дабра — гаечкі, шпунцікі, складанчык. Да ножыка я зашмаргну матузок, які прывяжу i да штаноў — каб не згубіць.

Падумаў так — i адразу павесялеў, шпарчэй затупаў, паразважаў, што рукі памыю ў рачулцы, якая цячэ перад самым мястэчкам, i будуць яны чыстыя. Чаго так па ix бедаваць? Самае важнае, што мы ідзём у магазін, будзем купляць «мужчынскі» касцюм, якога я ніколі не меў, але які хутка ў мяне будзе…

Пясок цёплы, пульхны, i я мякка тупаю, маці стараецца ісці сцежкаю, дзе цвярдзей: там не паднімаецца пыл, i ёй лягчэй шанаваць, каб туфлі блішчалі, а не былі запыленыя.

— Не забалелі ногі? — усміхаецца маці.

— Не, — адказваю я, хоць i паколвае ад быстрае хады ў лытках.

— Напомні, каб кніжак паглядзелі, а то магу забыцца, — просіць маці.— Хоць усё роўна, купляй ці не купляй, толк з цябе малы, вучыцца не хочаш. Троек вунь колькі.

— Не, — адмаўляюся я.

— A кім жа ты хочаш стаць?

— Лётчыкам.

— Ого! Хоць бы за якога шафера вывучыўся б! А Антонік твой кім думае быць?

— Камандзірам-пагранічнікам.

— Ого, начальнікамі хочаце стаць, — кажа маці,— хоць цяпер мала думаеце, што трэба меней мячык ганяць, а болей кніжак чытаць.

— A настаўніца нам гаварыла: каб быць дужым, трэба болей бегаць, хадзіць, — апраўдваўся я.

— Трэба, — згадзілася маці,— але розуму вялікага ад бегатні не набярэшся. Трэба чытаць, калі хочаш лётчыкам стаць. Я хацела настаўніцаю быць, дужа многа чытала, што толькі пападала ў рукі, але бацькі далей чацвёртага не пусцілі вучыцца: сям’я, сказалі, вялікая, няма ад каго вучыць цябе, налаўчыся во на швачку, дык скарэй толк убачым… Паплакала я ад крыўды i пачала хадзіць да адной тутэйшай швачкі, глядзець, як яна шые. За месяцы два вывучылася i з таго часу абшываю вёску… У навуку вы ўжо ідзіце, мы з бацькам дарогі вам заступаць не будзем i знойдзем, з чаго вучыць.

Маці азіраецца, i мы, прыслухаўшыся, чуем, як непадалёку грукоча па карэннях, ляскае бартамі, падтрасаючыся на выбоінах, машына. Прыпыняемся i чакаем яе, бо вельмі хочацца пад’ехаць, хутчэй трапіць у магазін.

Веска наша маленькая, у адну вулачку, у баку ад вялікіх дарог, i аўтобус да нас не заглядвае. Вось i мусім хадзіць у школу ці ў магазін за колькі вёрст у суседняе мястэчка.

Шафёр трапіўся добры, прыпыніў машыну i дазволіў нам пад’ехаць. Мы залезлі ў кузаў, пасталі. Калі паехалі, нас трэсла, кідала, біла бочкаю, якая шалёна качалася, але мы не падпускалі яе да сябе нагамі, радаваліся, што едзем.

Мігам праскочылі лес, рачулку, у якой я збіраўся памыць рукі, i ўехалі ў Налібакі. Мястэчка гэтае вялікае — шырокі пасярэдзіне пляц, тут стаіць высокі помнік, адсюль разыходзіцца многа вуліц, па якіх багата дамоў, садоў, магазінаў. Кожная вуліца мае сваю назву, а дамы пазначаны нумарамі.

Я люблю бываць у гэтым мястэчку, але заўсёды, як i цяпер, калі мы злезлі з машыны i пайшлі, губляюся: здаецца мне яно чужое. Я здзіўляюся, як тут дзеці могуць добра гуляць, у нашай вёсачцы болей волі…

1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 111
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)