Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Вёска. Нічые. Рэвізія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вёска. Нічые. Рэвізія

Электронная книга - «Вёска. Нічые. Рэвізія». Краткое содержание книги:

Аповесці Нічые, Вёска і раман Рэвізія, што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
1 ... 125 126 127 128 129 130 131 132 133 ... 198
Перейти на страницу:

Як жа ж доўга ішоў ён да гэтай ночы! Да гэтай вось хвоі! Чаму не верыў розным кніжкам, у якіх мудрыя людзі пісалі пра слодыч адзіноты, пра раскошу адчування зліцця з прыродай, пра шчасце «ні-чога-ні-ад-кога-не-хацення»... Не, усё скончана! Да д'ябла вашыя рэвалюцыі, войны, вашыя межы і радзімы! У Бога няма ні межаў, ні граніц, ні нацыянальнасцей! Зямлі вам мала?! Неба мала?! Месца пад гэтым небам?!

Але раз ужо выбар, дык сто разоў правы Лебедзеў - тады на баку мацнейшых! Каб хутчэй скончылася ўсё гэта. Каб хоць хто перамог нарэшце. І напляваць хто: немцы ці палякі, расейцы ці беларусы! Галоўнае, будзе ціха. Будзе жыццё. Гэта для таго важна, усе гэтыя так званыя «перамогі», хто ўлады хоча, кіраваць хоча іншымі. А яму апастылела кіраваць! З яго вось так хопіць кавалачка зямлі, на якім хатка памесціцца...

Хатка! Дадуць яны табе хатку! Пакуль не пажруць адзін аднаго, як тыя шчупакі, - большыя меншых, а самы большы - апошняга, датуль і самі не супакояцца, і цябе з-пад зямлі дастануць!

І ўсё адно - ніколі раней не ведамае адчуванне волі не адпускала. Наадварот, рабілася мацнейшым. Ён дыхаў часта-часта, і лёгка было ад гэтага галаве. Падумалася ў прычэпку да апошняга - а і праўда, «з-пад зямлі»... Зашыцца ў які лес, зямлянку выкапаць і жыць у ёй, пакуль не скончыцца ўсё. А не скончыцца - да смерці жыць. Як?.. Зіма наперадзе... Есці што? Няважна. Горш не будзе!

Холадна было стаяць. Чайка выбраўся на дарогу і пайшоў, песцячы ў думках гэты новы, з нічога ўзніклы, план. Ён ішоў, нікуды не спяшаючыся і нікога не баючыся. Ён быў вольны. Нарэшце нічый. І амаль шчаслівы...

1998-2000

Рэвізія

Раман

Частка першая

1

«…Унукаў панаванне...»

Вечар, рэдкі сухі сняжок сыплецца і не растае, а беліць вуліцы, тратуары, дрэвы, дахі дамоў — увесь гэты вялікі і, нягледзячы ні на што, прыгожы — самы лепшы ў свеце горад.

Падмарожвае, таму крокі, галасы, шум машын — усё выразнае, па­зімоваму звонкае, хоць яшчэ і не зіма зусім, а восень, усяго толькі сярэдзіна кастрычніка 1989 года. І тут, у цэнтры Мінска, каля былога Губернатарскага, а цяпер чамусьці імя Горкага, парку, у будынку дзіўнай планіроўкі і архітэктуры, такім нязграбна­аляпаватым звонку і такім утульным усярэдзіне, у зале на другім паверсе, дзе авальны стол і крэслы паўз усе чатыры сцяны, яшчэ толькі пачынаюць збірацца людзі. Чуваць беларускую гаворку, паўсюль маладыя, расчырванелыя пасля вуліцы твары; пакрысе зала запаўняецца, падыходзяць усё новыя і новыя, хто распранаецца ўнізе ў гардэробе, хто проста тут, у зале, дзе каля дзвярэй стаіць пара вешакоў, хто трымае куртку ці паліто ў руках; рассаджваюцца за стол, на крэслы паўз сцены, і хутка ўжо не хапае месцаў, але людзі ўсё йдуць, і вось ужо стараюцца прыляпіцца хоць дзе, хоць на падаконніку.

«Жыве Беларусь! — з’яўляючыся ў дзвярах, гучна аб'явіў рослы дзяцюк у шырокім і доўгім белым кажусе, трымаючы ў руцэ сабачую шапку з апушчанымі вушамі. Ён аббег вачыма залю. — Усе ў зборы? Ну, а цяпер сюды не хапае адной невялікай бомбы. І скончылі б з гэтай няшчаснай Беларуссю за хвіліну!»

Ён здзеў кажух і ўпэўнена пакіраваўся ў канец стала, «на покуць», дзе, відаць, і было пакінута яму месца.

Злева ад дзвярэй у глухім кутку на двух крэслах неяк месціліся трое: Нэлі Кавальская, Алесь Церашкоў і Алесь Трухан. Хлопцы сядзелі па баках, а дзяўчына, заціснутая, пасярэдзіне. Усе яны былі студэнтамі гістфаку, толькі Трухан з Нэлі вучыліся на другім курсе, а Церашкоў на трэцім. Нэлі гэтая пісала вершы, Церашкоў умеў маляваць і афармляў універсітэцкую сценгазету, абое былі тут не ўпершыню і пачуваліся як дома; што да Трухана, ён прыйшоў сюды (калі яму верыць) проста так, дзеля цікавасці, заманены расказамі Церашкова, з якім жыў у адным інтэрнаце, пра нейкіх маладых напаўзабароненых пісьменнікаў, пра тое, што яны нібыта збіраюцца разам, каб ствараць «новую літаратуру», і ўсе без выключэння размаўляюць па­беларуску. Трухану ніколі ў жыцці яшчэ не даводзілася бачыць больш за трох такіх у адным месцы.

Цяпер ён употайкі разглядваў гэтых людзей, уражаны найперш тым, як іх многа, і якія яны сапраўды ўсе маладыя! І няўжо ўсе пішуць? У яго яшчэ са школьнай парты моцна засеў у мазгах стэрэатып пісьменніка «сапраўднага» — абавязкова мужчыны, высокага, мажнага, лысага або сівога, абавязкова ў касцюме з гальштукам ці ў тоўстым ваўняным світары і ў акулярах…

Таму ён не дужа здзівіўся, калі раптам побач з сабою, праз якіх тры крэслы, такіх і ўбачыў. Адзін — лысы, у касцюме, другі — сівы, у тоўстым, прыгожай вязкі ў рознакаляровыя ромбы світары. Побач з імі сядзеў яшчэ чалавек, з нейкай сумнай, як бы вінаватай усмешкаю на маладжавым, да сіні паголеным твары. Як і Трухан, ён увесь час круціў галавою, да ўсяго прыглядаўся, прыслухоўваўся, нават, здавалася, прынюхваўся і ўсім усміхаўся сваёй сумнай усмешкаю.

1 ... 125 126 127 128 129 130 131 132 133 ... 198
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)