Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
Вораг, здаецца, адскочыў, застагнаў і мякка паваліўся на дол. I ў той жа час капітан з цемры кінуўся да яго. Адчуўшы самае страшнае, Турок прысеў, стуліўся, але капітан зараз жа гучным шэптам гукнуў яму:
— Давай сюды!
Ад гэтага яго шэпту Турок трохі апрытомнеў, у свядомасць цюкнула думка, што схібіць цяпер нельга, інакш яны абодва загінуць. I хлопец, інстынктыўна прыгнуўшыся, падаўся ў змрок да паваленага немца, на якога ўжо ўссеў капітан. Турок таксама рынуўся на варожае цела, ашчаперыў яго за калені, тыя напружыліся і разы два бяссільна трапянуліся. Некалькі часу хлопец толькі трымаў іх так — з усяе сілы. Пасля капітан ухапіў з немцавай галавы пілотку, ямчэй прыналёгшы на яго, запіхнуў яе ворагу ў рот і строгім загадным шэптам кінуў салдату:
— Абмотку, жыва!
Турок здагадаўся і, не выпускаючы з-пад пахі немцавых ног, дрыготкімі пальцамі аднае рукі адарваў завязку сваёй абмоткі і хуценька раскруціў яе. Капітан перакуліў немца на жывот, заламіў на спіне яго рукі і, пакрэктваючы, укруціў іх абмоткай. Немец не супраціўляўся, Турку нават здалося, што ён нежывы, але хуткія засцярожлівыя рухі супольніка прымушалі думаць, што трэба быць пільным.
Здаецца, усё адбылося нечакана, удала і хутка. I вось капітан выпрастаўся, Турок намацаў у траве вінтоўку; яны ўдвох прыўзнялі пад пахі цяжкое нерухомае цела. Але капітан адразу ж спаткнуўся — замінала нага, і ён загадаў салдату:
— Ану цягні!
Турок уздзеў на плячо вінтоўку, аберуч ухапіў немца і павалок яго ў цемру — туды, адкуль яны ішлі. Немцавы ногі валакліся ў доле, але ён не падаваў ніякіх адзнак жыцця і быў вельмі цяжкі. Зрэшты, хлопец не асабліва ўглядаўся ў немца, уся яго ўвага цяпер скіравалася туды, у поле, дзе былі іншыя, але тыя маўчалі, і трэба было спяшацца.
Капітан хуценька пракульгаў наперад, збочыў у хмызняк, расхінуў вецце, і хлопец звалок пад змрочны схоў гушчару сваю ношу. Шастаючы голлем, капітан прадзіраўся далей. Ы трэба было як найхутчэй уцячы адсюль. Турок разумеў гэта і стараўся як мага цягнуць немца. Цягнуць жа было дужа дрэнна, скрозь замінаў хмызняк. У Турковы грудзі аднойчы балюча тыцнулася нейкая патарчака, і хлопец, застагнаўшы ад болю, ледзьве ўстаяў на нагах.
Гэтак мінула, мусіць, багата часу. Чапляючыся за суччо і штомінутна спатыкаючыся, зашчэмліваючыся ў ляшчынніку, яны караскаліся ў хмызняку, пакуль урэшце не выбраліся на нейкую прагаліну.
Капітан прыпыніўся і ўслухаўся, Турок жа адразу чмяк — нуў немца на дол і сам паваліўся побач. Ягоныя грудзі пякла такая гаркота знямогі, што ён не мог сказаць слова. Толькі цяпер ён пачаў разумець, што яны пазбыліся бяды і, здавалася, зрабілі нешта большае, чым толькі ўратавалі сябе. Гэтае разуменне прыглушала страх, і таемная іскрынка радасці ўзгарэлася ў хлапечай душы. Некалькі хвілін ён перамагаў сваё непадуладнае сэрца, якое тугім камяком калацілася ў грудзях, а пасля з прыхаванай палёгкаю спытаў афіцэра:
— Ці жывы ён хаця?
Капітан, таксама змораны, прысланіўся да нятоўстай бярозкі, і гэты раз адказаў ахватней і неяк амаль пасяброўску — як старэйшы таварыш маладзейшаму:
— А дзе ён дзенецца? Жыў будзе. Прыглушыў толькі занадта.
Нахіліўшыся над нерухомым палонным, ён расшпіліў светлыя гузікі яго шыняля і засунуў руку за пазуху.
— Жывы, — яшчэ раз задаволена пацвердзіў ён, вымаючы з кішэняў немцавы паперы. — А ты што: ніколі яшчэ па языка не хадзіў?
— Дзе там мне! — сумеўся ў цемры Турок. — Я ж не разведчык.
— Ну вось і разведчыкам пабыў,— усміхнуўся капітан.
Яны памаўчалі, аддыхваючыся, і капітан занепакоіўся:
— Але куды ж нам кіраваць далей?
З цёмнага неба імжыў дробненькі дожджык, недзе ў вяршалінах елак шумеў вецер, наўкола па-начному заўзята шапацела лістота. I капітан і Турок дужа намоклі ў хмыз — няку, і ў кароткі гэты супынак абодвум стала холадна. Трошкі адпачыўшы, трэба было ісці далей, да сваіх — толькі куды? За час блукання без проваду і цяпер, уцякаючы ад немцаў, яны зусім збіліся з кірунку і маглі зноў трапіць дзе-небудзь да немцаў.
— Не ведаю, таварыш капітан, — шчыра прызнаўся Турок.
— Але ж, — згадзіўся капітан. — I я вось таксама. А ўсё ж пойдзем.
Яны ўсталі, Турок узяўся за немца, які нібы яшчэ больш пацяжалеў за якіх дзесяць хвілін адпачынку. Хлопец намогся, учапіўшыся за дзягу палоннага, прысеў, капітан дапамог, і яны ўдвох узвалілі непрытомнага ворага на салдатавы плечы. Немец перавешваўся напалам, спаўзаў са спіны, ад яго смярдзела застарэлым потам і дустам. Ён быў дужа цяжкі, і ў Турковых вачах ад знямогі пачалі расплывацца жоўтыя плямы. Але хлопец ішоў, хістаючыся, дзе — нідзе ледзьве ўтрымліваючыся, каб не ўпасці. Праўда, лес стаў радзейшы, не так замінаў хмызняк, але нябачныя ў цемры яловыя камлі, нібы штыхі, выстаўлялі ў бакі абломкі ніжніх сукоў, аб якія можна было знявечыцца. Капітан ішоў побач і, як мог, прытрымліваў немца.