Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Палеская элегія
Палеская элегія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Палеская элегія

Электронная книга - «Палеская элегія». Краткое содержание книги:

Мікола Купрэеў (1937 – 2004) – вандроўны паэт з Айчынай у «жураўліным сэрцы». «Палеская элегія» – пасмяротная кніга пісьменніка. Аповесці, сабраныя пад адной вокладкай, – гэта яго мастацкая аўтабіяграфія. Пісьменнік, які воляй лёсу амаль ўсё жыццё адпрацаваў настаўнікам літаратуры ў школах Палесся, які ўздоўж і ўпоперак зведаў гэтыя мясціны як краязнаўца, вельмі тонка вывучыў своеасаблівую натуру палешукоў з іх непаўторным укладам жыцця, звычкамі, светапоглядам. Таму вобразы купрэеўскіх герояў надзвычай каларытныя, як і асоба самога аўтара, які пакінуў пасля сябе на нашай зямлі не толькі «светлае імгненне», але і бяспрыкладную любоў да роднага краю. А кніга ў цэлым – гэта светлая споведзь сірочай душы пасярод агульнай адзіноты, скоранасці і сумненняў.
1 ... 121 122 123 124 125 126 127 128 129 ... 138
Перейти на страницу:

Паленца на камінку дагарае, у хаце змяркаецца, баба Наста кажа дзядзьку:

   —  Падкладзі яшчэ... Вунь пад печчу дровы.

Вуголе на камінку слаба палае, дзядзька Сцяпан кладзе на вутолле паленца, зноў яловае, яно імгненна ўспыхвае агнём, трашчыць, і іскры зноў ляцяць на падлогу. А баба Наста паціху тэпае да дзвярэй, адчыняе іх, гукае ў цемру:

   —  Го-о, Восіп! Дзе-е ты? Хадзі ўжо у хату! Паямо. Хадзі ўжо!

Баба Наста пастаяла ў дзвярах: у сенцах і ў двары ціха — і адышла

ад дзвярэй, не зачыніла іх, у хату з двара дыхнула свежасцю. Дзядзька Сцяпан дастае з торбы і кладзе на стол хлеб, сала, маладзенькія гуркі, яшчэ нешта, кажа гаспадыні:

   —  Прыбірайце вячэру, цётка Наста.

   —  То і я ж пастаўлю на стол... Як вёз мяне сюды ўнук, дык панапіхалі ўсяго ў машыну... Ідзі, Сцяпан, знайдзі Восіпа.

А мне стала так шкада дзядзьку Восіпа. Наста ўсё з яго здзекуецца. Во сядзіць ён цяпер, мусіць, на лаўцы, пад дубам, апусціў галаву, заплюшчыў вочы — бо калі заплюшчыш вочы, то шмат што і далёка бачыш, я гэта ведаю па сабе... Дык во, сядзіць цяпер на лаўцы ў двары, пад дубам, дзядзька Восіп, родны брат маёй мамы, сын невядомага мне нейкага пана Канстанціна, нядаўні настаўнік, даўно ўдавец — і пра што ён там думае, што ўспамінае? А я ведаю: ні пра што не думае, нічога не ўспамінае, проста сядзіць, апусціўшы галаву, і адчувае сябе адзінока. Гэта я ведаю — бо нярэдка ўжо і сам адчуваў сябе адзінока, асабліва ў інтэрнаце і асабліва пасля ўрокаў, калі хлопцы збіраюцца ў калідоры, ці на вуліцы, ці ў туалеце, ці кураць і гавораць брыдкімі словамі, а я ненавіджу брыдкія словы, уцякаю ад іх, затуляю далонямі вушы, і з брыдкімі словамі яны білі мяне, калі праганялі з хаты, каб я не бачыў іх п’янымі, не чуў іх п’яных спеваў, каб не бачыў, як яны б'юцца — можа, яны гэтак шкадавалі мяне, аберагалі ад дурноцця ўсякага, ад брыдоцця? Мне так цяпер здаецца, таму мне так цяпер і шкада таты і мамы... Дзе яны і што з імі? Можа, гаруюць, сумуюць па мне? Можа, усё думаюць недзе, што я хворы які — бо нарадзіўся ноччу дваццаць шостага красавіка... А я ж здаровы расту, у мяне на руках вышэй локцяў ужо і мускулы пацвярдзелі, і ўжо я ў інтэрнаце гэтай вясной так даў рукой у сківіцу дзевяцікласніку Шурыку, што той паляцеў спінай на сцяну і пайшоў з калідора, ударыў за тое, што ён пры мне брыдкім словам абазваў маю аднакласніцу Алесю, калі яна ішла міма Шурыка і мяне, а я збоку і спадылба глядзеў ёй услед, бо з гэтай вясны хочацца глядзець мне ўслед Алесі, лавіць тое імгненне, калі яна кідае цераз плячо сваю залацістую касу...

Дык во, сядзіць дзядзька Восіп у цемры на лаўцы пад дубам, а дуб той тоўсты, высокі — што, калі раптам блісне маланка, ударыць гром і дуб зламаецца над дзядзькам?.. I так ужо, мусіць, шмат чаго над ім зламалася. Ёсць у мяне ў мястэчку сябрук-равеснік, маці яго — настаўніца тут у школе, а дзеці настаўнікаў ведаюць шмат з таго, што робіцца ў школе, — дык гэты мой сябрук расказаў мне: майго дзядзьку, настаўніка Восіпа Канстанцінавіча, паклікала начальства ў горад, а калі раніцай на другі дзень прыйшоў на ўрокі, то быў сумны, з апушчанай галавой, і ў той жа дзень распусціў школьнае таварыства беларускай мовы, ён ім кіраваў, у гэтае таварыства ўваходзілі некалькі настаўнікаў і вучняў-старшакласнікаў, і яшчэ ў той дзень ён сказаў вучням у класах, каб звалі яго ўжо Іосіфам Канстанцінавічам, і яшчэ з таго дня стаў ён гаварыць па-беларуску толькі на ўроках, а ў школьных калідорах, у настаўніцкай і на вуліцы — па-руску, праўда — на роднай мове гаварыў ён яшчэ з суседам Сцяпанам і суседкай бабай Матрунай, ды Кучараўцы: ідзі адсюль, не замінай, — сталі ўсюды гаварыць па-руску і настаўнікі з былога таварыства, але — во цікава! Тыя вучні-старшакласнікі як гаварылі, так і гавораць толькі па-беларуску, а адзін з іх, адзінаццацікласнік Андрэй, устаў з-за стала на ўроку і проста ў вочы сказаў: «Восіп Канстанцінавіч! Вы — здраднік!» Дзядзька Восіп паставіў выдатніку Андрэю чацвёрку па беларускай мове на выпускных экзаменах. Во тут я ўжо не шкадую дзядзьку, нават абвінавачваю: навошта помсціць свайму вучню? Андрэй з-за той чацвёркі не атрымаў залатога медаля. Я во, як вырасту, стану дужы, то нікому не буду помсціць — бо я буду дужы. Ну, ударыў я таго хлопца ў інтэрнаце — дык ён жа старэйшы і дужэйшы за мяне і гэткія брыдкія словы сказаў пры Алесі…

Сорамна, дзядзька Восіп!.. А цяпер мне зноў шкада цябе: сядзіш недзе там адзінока на лаўцы пад дубам, у цемры, апусціўшы галаву...

Дзядзькі ўваходзяць у хату.

1 ... 121 122 123 124 125 126 127 128 129 ... 138
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)