Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 120 121 122 123 124 125 126 127 128 ... 230
Перейти на страницу:

— Тару якую, — азірнуўся Сямён.

Агееў знайшоў у куце палаткі невялікую пластмасавую шкляначку — для сябе, для госця ж зняў з тэрмаса кварту. Сямён спрытна падчапіў зубамі металічны каўпачок з бутэлькі.

— Зубы зламаеш, — сказаў Агееў.

— Нічога! Жалеза на жалеза. Вытрымае, — адказаў Сямён і засмяяўся — прастадушна, зусім па-дзіцячы, бліснуўшы металічнымі зубамі. Агееў глядзеў на яго немалады, у зморшчынах, з няголеным падбароддзем твар і думаў, што, мабыць, яны блізкія па ўзросту, мо нават аднагодкі.

— А ты родам адкуль? — запытаў ён, хаця ўжо ведаў, што Сямён прыезджы і жыве ў пасёлку некалькі апошніх гадоў.

— Я? А смаленскі, з-пад Ярцава. Чуў?

— Чуў. Блізка…

— Блізка, — ахвотна пагадзіўся Сямён. — Я так лічу: што Смаленшчына, што Беларусь — адзін чорт. Бульбянікі. Ну, давай вып’ем. Ілья ж сёння.

— Во як!

— Ілья нарабіў гнілля. І я табе скажу: правільна заўважана.

Яны выпілі. Агееў не да канца, пакінуўшы ў сваёй шклянцы на другі раз. Сямён жа за тры глыткі ўвабраў усё да дна і страсянуў пад дождж апошнія кроплі з кварты. Агееў падумаў, што трэба было б пашукаць што на закусь, але госць адразу схапіўся сваёй учэпістаю рукой за туга напханую кішэню і выцяг адтуль скамечаны пачак «Прымы».

— Курыш? Не? Ну, дык я задымлю.

Неўзабаве цесная нізенькая палатка напоўнілася цыгарэтным дымам, Агееў няўзнак шырэй расхінуў брызент на ўваходзе. Ён быў трохі насцярожаны і пабойваўся, што Сямён пачне пытацца ў яго, навошта ён капае тут, у гэтай яміне. Але Сямён ні пра што не пытаўся ні пры іх нядаўнім знаёмстве, калі неяк ранічкай забег у кар’ер закурыць, ні пасля. Здаецца, гэты чалавек меў не часты ў ягоным узросце лёгкі, гаваркі нораў і ці то ад прыроднай ветлівасці, ці з-за адсутнасці цікавасці да чужых спраў не набіваўся з роспытамі. Агееву гэта ўвогуле было даспадобы.

— Руку дзе згубіў? — кіўнуў ён на яго кульцю.

— На вайне, дзе ж! Руку што — руку згубіў, жыць застаўся. Мог жызню згубіць.

— Гэта канечне, — пагадзіўся Агееў.

— Точна! Рука — яна перабіта была, а дзяржалася. Гэта ў шпіталі адцяпалі. А во тут горай!

Сунуўшы цыгарэту ў зубы, ён усё той жа рукой тузануў за ніз безрукаўкі, агаліўшы шырокія кашчаватыя грудзі са страшным сінім рубцом у правым баку.

— Во саданула. Мёртвым суткі ляжаў. Крывёй сплыў. Бушлат да зямлі прымёрз, ададраць не маглі. Ану яе!.. Давай яшчэ патрошку.

Ён падставіў шырокую кварту, Агееў наліў яму і сабе і, перш чым выпіць, падумаў, што, мабыць, болей не трэба. Гэтую яшчэ вып’е, і ўсё. Сямён жа з ранейшай ненасытнай прагнасцю выпіў да дна, глыбока зацягнуўся «Прымай».

— Гляджу, малавата бярэш. Ці мо апасаешся? — хітравата прыжмурыўшы праз дым адно вока, уставіўся ён у Агеева.

— Апасаюся, — сказаў Агееў. — Ужо, знаеш, званочак быў.

А, ерунда гэтыя званочкі! У мяне ўжо колькі было іх. І лічыць перастаў. А вып’ю калі — палягчэе. Дык во думаю: каб не піў, даўно б ужо зямлю парыў. — Ну, гэта як сказаць.

— Точна! Вунь Шумакоў Даніла Васільевіч: і званкоў не было, і ўжо як сцярогся. Выйшаў на пенсію, не піў, не курыў. Раніцой усё рукамі махаў, гімнасціку рабіў. Памёр! Вясной пахавалі. На сем гадоў маладзейшы.

— Каму як.

— Во, іменна. Каму так, а каму гэтак. Я табе скажу: каму чаго хочацца, таму бог таго і не дае. А каму пляваць на што-небудзь, таго ў таго навалам. У жыцці не трэба быць сквапным! — з націскам скончыў Сямён.

— Яно так…

Сямён прыкметна п’янеў, і Агееў адчуў невялікую прыкрасць, падумаўшы, што цяпер разгаворыцца і трэба будзе доўга слухаць яго балбатню, а ён даўно не любіў захмялелых балбатуноў. Аднак Сямён прымоўк, штосьці ў ягоным бесклапотным настроі пачало мяняцца, і ён, дакурыўшы цыгарэту, ціха запытаўся:

— Франтавік?

— Ды як сказаць, — трохі збянтэжыўся Агееў. — У сорак першым — на фронце, параніла. Пасля ваяваў у партызанах. Пасля зноў…

— У парцізанах тожа не мёд. Скажу табе, пад канец вайны ваяваць навучыліся, але што паявілася — хітрасць. Каб выжыць! Стала магчымым выжыць. Во некаторыя і ўхапіліся за гэтую магчымасць. Хітрыя каторыя… Давай разлівай рэшту, чаго там…

Агееў наліў — зноў сабе трошкі, астатняе выліў у кварту, якую з гатоўнасцю падставіў Сямён. За палаткай роўна і спорна ліў летні дождж, дым ад цыгарэты ляніва цягнуўся да выхада. Ад выпітага Агееву стала цяплей, з адвыкласці ад спіртнога паявілася лёгкае кружэнне ў галаве і нейкая міжвольная добразычлівасць да гэтага гаваркога госця.

1 ... 120 121 122 123 124 125 126 127 128 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)