Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 119 120 121 122 123 124 125 126 127 ... 154
Перейти на страницу:

— І простую, і чынаватую, і клятчастую. Але ўсё ледзь не пайшло макам. Выручыла лібаўская філія данцыгскай фірмы "Ленке і Берг". У іх на палатніну заўсёды попыт, а ў нашым пасведчанні сказана, што нашы сурвэткі і абрусы не горшыя, а чынаватае палатно лепшае за замежнае.

— Спадобіўся пан Сымон, — сказаў Вежа.

— Спадобіўся, ды не дужа, — сказаў Кастусь. — Бо якраз памерла маці.

— Ты яе памятаеш? — спытаў Алесь.

— Дрэнна, — адказаў Каліноўскі. — Амаль не памятаю. Ведаю толькі: прыгожая была. Часам сустрэнеш жанчыну з добрым гожым абліччам — і шукаеш у яе рысах матчыны. Мо такая была. А мо і не такая. Не помню. Ведаю толькі: маладая была надзвычай прыгожая.

— Якога роду? — спытаў Вежа.

— Вераніка з Рыбінскіх.

— Н-не ведаю, — на гэты раз ужо ўсур'ёз сказаў стары.

— Я дрэнна яе памятаю. Толькi рукi. I яшчэ вочы. Ды песню, якую спявала. Захварэла задоўга да смерцi. Расказвалi, якраз калi хрысцiлi мяне. Прывезлi ў Ялаўскi касцёл. Быў познi вечар. Пакуль на бабiнцы рыхтавалiся, купель ставiлi, пакуль тое — матуля з кумою ды мной пайшлi па цвiнтары прайсцiся. Цвiнтар там вялiкi. Падышлi да магiлы Леакадзii Купчэўскай, швагеркi ялаўскага пана (яна маладая памерла, i ўсе казалi, што матуля чымсьцi на яе падобная была, толькi прыгажэйшая, i таму мацi заўсёды там спынялася). Стаяць. А з-за помнiка, з-за барэльефа панi Лiёшкi — раптам морда. Ды страхалюдная, зарослая.

Пакуль зразумелі, што гэта мясцовы юрод, Якубка Кот, — ногі ў абедзвюх самлелі. А той ідзе за імі да касцёла, вытанцоўвае ды кажа нешта накшталт: "Кумы дзіця хрысцілі, горла крапілі, у кажушаны рукаў паклалі, па дарозе згубілі… Ляжыць дзіця на марозе, свечачкі вакол. Пальчыкам варухне — перуны смаляць, кулачок сцісне — грамніцы б'юць. У "чорнага"! У "чорнага"! Маці крок паскарае, а той плача: "Падбярыце дзіця, добрыя людзі. Ці доўга яму, халоднаму, пальчыкам варушыць? А людцы міма ідуць, а грамнічкі слабнуць. Вох-вох!!!" Юрода, вядома, пагналі. Ледзь пачалі хрысціць — грымоты за цвінтаром. А гэта сусед, Цыпрук Лазарэвіч, сабраў хлопцаў і кажа: "Пагрымім на шчасце кугакалу". Ну, і стралялі ў неба. А ўсім спачатку здалося — грымоты. Пасля юродавых слоў жанчыны аж абамлелі: грымоты ўзімку. Хросная казала: з гэтага дня ў маці і пачалося. Пачала марнець, чэзнуць. Работы шмат. Дзяцей адных дванаццаць чалавек. А яшчэ маладая. Мяне чамусьці вельмі шкадавала.

"Чым жа вы багатыя, панове? — успомніў дзед. — Дзецьмі, ды смехам, ды дняпровай вадой".

А Кастусь расказваў далей:

— Памерла. Бацьку трэба было думаць, як з дзецьмi. Без мацi не кiнеш. А ў таго Цыпрука Лазарэвiча, што на маiх хрэсьбiнах у неба страляў, — сваячка. Трохi з тых гадоў выйшла, калi сваты ля варот ацiраюцца, i прыгажосцi не першай, але добрая баба. Так i з'явiлася ў мяне мачыха Iзабела, ды яшчэ сем братоў i сёстраў. Дзевятнаццаць было б усiх, але двое памерла.

Кастусь памаўчаў.

— У мачыхі знайшліся сякія-такія грошы, бацька наскроб, i купілі мы фальварак, а пры ім дзве сотні трыццаць дзесяцін зямлі. Па трынаццаць дзесяцін на чалавека. Фабрыку перавезлі, жыць стала як адной купай — дык i не дрэнна. Ну i што? Падзеліш — зноў бязглуздзіцца. Горш за іншых сялян. Бацька старэйшых сыноў — вучыцца, на свой хлеб. I, карыстаючыся, што зямля ёсць, — парогі абіваць. "Куку ў руку" даваць. І вось у гэтым годзе, урэшце, уганорылі, далі сенацкую пастанову: лічыць уладара фальварка Якушоўка, Сымона Стафанава Каліноўскага, год шасцідзесяці аднаго, веравызнання рымска-каталіцкага, як i нашчадкаў ягоных, дваранінам. Дваццаць чатыры гады спатрэбілася на прысуд. Пачаў дабівацца малады, у трыццаць пяць год, маці была маладая, здаровая, а дабіўся — руінай. Ненавіджу я ўсё гэта.

На сківіцах у Кастуся хадзілі ўпартыя жаўлакі. Гарэлі на шчоках дзве чырвоныя плямы.

— Нішто, брат, — сказаў Вежа. — Вывучышся вось, галава ў цябе добрая, дойдзеш да вялікіх начальнікаў — толькі перайка з "меншых" ды з "малодшых" братоў паляціць.

— А што, — усміхнуўся Кастусь. — I тарыф над галавою павешу, як зэльвенскі пісар: за подпіс тры рублі ды пірог з вязігай, за пацвярджэнне дваранскай годнасці — тысячу рублёў ды жонцы сем аршынаў аксаміту. А я сам — у сенаце шышка дужа вялікая. Заходзіць гасудар імператар выпадкова: "Гнаць, — кажа, — яго за такую таксу".

— Правільна, — буркнуў Вежа. — "Бо ён нам усім цану збівае, — скажа імператар. — Мне унь за канцэсію на пабудову чыгункі колькі плацяць, ды і то мала. А тут… пі-рог з вязігай. У дурня і песня дурная"[72].

вернуться

72

Прадажнасць вышэйшых колаў дасягнула небывалых памераў. Нягледзячы на частыя працэсы, кралі ўсе, і вінаватых не было. Канцэсія на пабудову чыгуначнай лініі каштавала таго, што каштуе, плюс мільён-паўтара рублёў хабару. Калі пасля забойства Аляксандра ІІ ацэньвалі ягоную маёмасць, дык толькі "добранабытая" ім самім сума дасягала амаль шасцідзесяці мільёнаў.

1 ... 119 120 121 122 123 124 125 126 127 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)