(- Было так хораша,- потым распавядала Аліса сястры,- праз колькі часу мы хорам пачалі спяваць “Вакол шаўкоўніцы ідзем” (Англійская дзіцячая песенька-гульня). Не памятаю, калі мы пачалі, але здаецца рабілі гэта даволі доўга.)
Нарэшце тоўсценькія танцоры запыхаліся.
- Чатырох паўтораў для танцу дастаткова,- цяжка дыхаючы, сказаў Цілідзін, і танец, як нечакана пачаўся, так і скончыўся, разам з дзівоснай музыкай.
Браты адпусцілі рукі і хвіліну-другую моўчкі глядзелі на Алісу. Пачатак размовы зацягваўся, бо дзяўчынка не ведала, з чаго пачаць гаворку з людзмі, з якімі толькі што танчыла.
- Цяпер ужо запозна казаць “Дзень добры ў хату!”- думала яна,- але трэба неяк пачаць.
- Ці вы не надта стаміліся?- паразважаўшы вымавіла дзяўчынка.
- Ніяк. Але вялікі дзякуй, што пацікавілася,- адказаў Цілідон.
- Наша ўдзячнасць,- дадаў Цілідзін.- Ці любіш ты паэзію?
- Та-ак! Зразумела... сёе-тое люблю,- з недаверам сказала Аліса.- А ці не падкажыце, як выйсці з лесу?
- Што будзем чытаць?- спытаў у брата Цілідзін, гледзячы на яго агромістымі, зачараванымі вачыма, не заўважаючы Алісінага пытання.
- “Аб нешляхетнасці!” самае доўгае,- адказаў Цілідон, пяшчотна абдымаючы брата.
Цілідзін адразу ж пачаў:
“Паліла Сонца...”
Але дзяўчынка рызыкнула перарваць яго.
- Калі яно вельмі доўгае,- самым ветлівым чынам прамовіла яна,- ці не маглі б вы спачатку паказаць мне дарогу...
Цілідзін ціха ўсміхнуўся і пачаў нанова:
“Паліла Сонца так, нібы
Сто тысяч сонц гарыць
І запускала па вадзе
Прамення ліхтары...
Што вельмі дзіўна, бо была
Апоўнач на двары.
Быў Месяц ад падобных спраў
Ў вялікае смузе
Крычаў ён Сонцу: “Робіш ты
Зусім не балазе.
Мы ж дамаўляліся свяціць
Заўсёды па чарзе.”
Быў пляж сухім, а мокрымі
Былі марскія хвалі.
Аблокі не ляталі па
Блакітным небакраі:
І птушачкі над галавой...
Тым разам не ляталі.
Уздоўж пяску Цясляр з Маржом
Шлі, горка смуткавалі;
Яны глядзелі на пясок
І слёзы выціралі:
“А, калі б гэта хто прыбраў!”-
Сябры пакутавалі.
“А калі б сем прыгожых дзеў
Ўзяліся працаваць,
За поўгады,- спытаўся Морж,-
Паспелі б тут прыбраць?”
Цясляр ў адказ пачаў ізноў
Ад слёз сваіх стагнаць.
“Мае ж вы Вустрыцы! - пачаў
У хвалі Морж крычаць,-
Прыходзце, будзем разам мы
Уздоўж пляжу шпацыраць!
Але не шмат, каб кожнай мы
Змаглі руку падаць.”
Старыя слухалі, але
Спакусы не адчулі.
Разумныя з-пад глыбіні
Сябрам казалі дулю...
І мелі выгляд, што даўно
У ложачках паснулі.
Але хто былі маладзейш,
Спакусніка пачулі.
Яскравыя сукеначкі
Яны ўраз апранулі
І, хай зусім не мелі ног,
Чаравікі абулі.
І хуценька па моры плыў
Какетак юных шэраг,
А па-за імі шчэ і шчэ
Радочкі Вустрыц смелых...
Праз хвалі пенныя яны
Спяшаліся на бераг.
Цясляр з Маржом ад мора прэч
Адразу паспяшалі.
Сябровак за сабой ісці
Сардэчна запрашалі:
А Вустрыцы за імі ўслед
Амаль не паспявалі.
“Мы зараз,- Морж прапанаваў,-
Разову распачнем,
Аб сургучы, аб карале,
Капусце і чаўне,
Аб тым чаму ня маем мы
Лятаючых свіней.”
Сяброўкі ўз’енчылі: “Перш чым
Размову распачнем
Мы, панны тлустыя, у кутку
Хоць крыху адпачнем!”
“А мы з Маржом,- сказаў Цясляр.
І не спяшаем! Не.”
“Дастану з торбы,- Морж сказаў,-
Я воцату і перцу,
Ты ж, калі ласка, сябра, дай
Мне чорненькага хлебцу.
Цяпер вячэру распачаць,
Гатовы мы здаецца.”
Ускрычалі Вустрыцы: “Няўжо
Мы толькі ваша ежа?
Так шчыра вы прасілі нас
Марскія кінуць межы!”
“Які прыгожы,- Морж сказаў,-
Світанак на ўзбярэжжы!”
“Як добра, Вустрыцы, што вы
Прыйшлі да нас на гулі!-
Сказалі ім Цясляр з Маржом
І ў воцат акунулі,-
Мы гэта й двойчы паўтарым,
Калі вы дрэнна чулі!”
“Зрабілі блага мы з табой,-
Морж вырашыў сказаць,-
Што тлустых Вустрыц за сабой,
Прымусілі бяжаць!”
Цясляр у адказ: “Не ўмееш ты
Лімоны наразаць!”
“Па вам я буду слёзы ліць
Шэсць дзён і сем начэй.”-
Морж прамаўляў, ды выціраў
Струменьчыкі з вачэй,
І што хвіліны енк яго
Рабіўся ўсё грамчэй.
“Як добра, што змаглі да нас
Вы ў госці завітаць!-
Сказаў Цясляр,- А зараз час
Да дому вам спяшаць...”
Але, хто з’едзены, ужо
Не ў стане адказаць”.