Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.
1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 21
Перейти на страницу:

І цяпер нібыта тыя птушачкі шчабяталі вакол русявай галавы Пранцыся. Ён нават не адразу скеміў, што паненка Паланэя яму шэпча:

— Гэй, ты што, глухі? Хочаш зарабіць дзесяць дукатаў?

Пранцысь страсянуў чубам: вось і яшчэ адна прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца… І ад якой, ясна, таксама давядзецца займець на сваю шкалярскую галаву перуноў. Але галоўнае — не здрадзіць ідэалам куртуазнасці! Так, схіліцца ў паклоне, руку пакласці на нябачную шаблю…

— Няхай ваша мосць вельмішаноўная панна толькі выкажа сваю просьбу, і я выканаю яе як мага больш пільна і дасканала, не прамарудзячы ані хвілі дзеля ясных вочак найяснейшае панны, і дзеля палкага жадання майго сэрца служыць яснай панне!

Гаворка Пранцыся цякла, як мёд, ён нават заганарыўся сабою. Але паненка такога мёду каштавала як відаць не лыжкамі, а збанамі, таму толькі нецярпліва нахмурыла чорныя броўкі.

— Найяснейшая панна хоча, каб пан узяў у яе ліст і перадаў асабіта ў рукі ваяводы полацкага Аляксандра Сапегі, які зараз мяшкуе ў Слуцку, а за гэта пан атрымае дзесяць дукатаў ад мяне, а можа, яшчэ нешта ад шчодрасці пана Аляксандра.

Пранцысь адчуў укус расчаравання: той Сапега, падобна, быў амаратам панны Паланэйкі, а быць пасыльным у амурных справах — гэта ж зусім іншае, чым самому амуры круціць… Панне, відаць¸ не спадабаліся ваганні хлопца, таму што яна зморшчыла носік і прагаварыла пагардліва:

— Пан баіцца расейцаў альбо Гераніма Радзівіла? Калі так — то…

— Нікога я не баюся! — паспешліва выгукнуў Пранцысь, скеміўшы, што справы хутчэй не пра амуры, а пра палітыку, ад якой хаця Вырвічы й былі ўбаку, але ж магнатаў, што хаўрусаваліся з расейцамі, Вырвіч-старэйшы не любіў, параўноўваючы іх з сабакам, якога прыкарміў злодзей, каб залезці беспакаранна на гаспадарскі двор. — Я з вялікай прыемнасцю выканаю волю панны…

Паланэйка сумніўна зірнула ў дужа сумленныя блакітныя вочы Пранціша, дастала з-за карсажу складзены ўдвая канверцік і аддала суразмоўцу.

— Толькі асабіста ў рукі пану ваяводзе! І глядзі, пану Герману Ватману ні слова — гэта той, што мяне суправаджае. Ён дужа небяспечны чалавек.

Вырвіч запытальна зірнуў на ваевадзянку, узважваючы на далані паперку… Дзяўчына дадала да канверціка самае істотнае — мяшэчак з манетамі. Потым, відаць, скеміўшы, што цяпер з пасланцом, які валодае ейнай таямніцай, належыць быць пяшчотней, усміхнулася, ад чаго Пранцыся як алеем па душы памазала, і нават прыклала да вуснаў і адняла пальчыкі, нібыта намякаючы на магчымы пацалунак… З самой Паланэяй Багінскай! А чаму б у такім разе баявітаму шкаляру не атрымаць аванс? Пранцысь ірвануўся да паненкі, але дзверы зачыніліся рыхтых перад носам Вырвіча.

— Напачатку — паслуга, потым — удзячнасць! — прагаварыў за дзвярыма дзявочы галасок.

Калі б у людзей маглі вырастаць крылы, Пранціш адчуў бы за спінай іхні лопат, бо ледзь над падлогай не прыўзняўся… У прыгоды будзе працяг! Падумаеш, у Слуцак! Ды хоць бы і ў краіну маўраў!

Між тым на лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў… Падымаўся відочна не Лёднік, і Пранціш хуценька нырнуў у свой пакой. Там ён пратаньчыў з кута ў кут мазурку і паваліўся на ложак, прыціскаючы да твару канверцік, які захоўваў пах дарагой парфумы. Вось будзе чым пахваліцца Лёдніку! Хаця не, няма чаго раскрываць слузе таемныя справы гаспадара — хай толькі падзівіцца, што той раздабыў за раніцу дзесяць дукатаў, ды мае нейкія важныя, звязанныя з першымі асобамі каралеўства справы! На гэта варта, вядома, намякнуць… Вось толькі дзе той лекар падзеўся? Можа, з Адэляй вуркоча? Цяпер Пранцыся гэта не крыўдзіла. Карчмарка — слузе, ваевадзянка — гаспадару! О так!

Лёднік абяцаў ежы здабыць… Карчма ўжо ва ўсе прасмаленыя сцены гудзе, і ўяўляюцца ва ўсёй неміласэрнай духмянай смакаце гарачыя клёцкі, палітыя смятанай…

Пранціш пераканаўся, што страшны невядомы Ватман замкнуўся ў пакоі з падахоўнай ваевадзянкай, шлях вольны, і рушыў уніз.

Найперш ён яшчэ зверху забачыў Адэлю, што моўчкі стаяла каля лесвіцы, схаваўшы рукі пад фартух, нібыта яны ў яе змерзлі. Дастаткова было аднаго позірку на яе твар, каб зразумець, што здарылася нешта жахлівае. Твар быў застылы, нават з усмешкай, але такой, якую зацюканы шкаляр адрасуе цэнзарам, што стаяць ля ганебнай лаўкі з розгамі ў руках, чакаючы, пакуль ён спусціць нагавіцы ды ўкладзецца зручненька.

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 21
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)