Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Роман, новелла » Пошукі будучыні
Пошукі будучыні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пошукі будучыні

Электронная книга - «Пошукі будучыні». Краткое содержание книги:

Кузьма Чорны — летапісец свайго часу. Грандыёзную задуму паставіў перад сабой пісьменнік: паказаць жыццё беларускага сялянства ад часоў прыгону да сучаснасці.
«Тыя гады прымусілі нас змалку дзён прывучвацца да плута і касы, да пілы і сякеры, да гэбля і долата, да молата і кавадла. Гэтае начынне і прыламзе, па якім яшчэ нядаўна хадзілі бацькавы рукі, было яшчэ і цяжкое і вялікае кожнаму з нас…»
1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16
Перейти на страницу:

— А я не баюся. — Бледная ўсмешка прайшла па яе губах. Ён лепш акрыў яе і пайшоў у рух. Перш за ўсё ён падпаліў у печы і зрабіў гарачае ёй выпіць. Пасля, надаваўшы ёй сотню наказаў — ляжаць і не ўставаць, грэцца і чакаць яго з фельчарам, ён зазірнуў ёй у твар і жахнуўся. Няўжо яна так адразу заснула?! Абыякавая да ўсяго, яна зноў цяжка дыхала, твар яе яшчэ больш гарэў, і вочы заплюшчыліся.

— Я буду ляжаць і чакаць, — ледзьве вымавіла яна, і ён, увесь уздрыгануўшыся, выскачыў на двор, дрыжачымі рукамі ледзьве патрапляў перавязваць і перакрыжоўваць вяроўкі, вымошчваючы сядзенне ў возе, запрог свайго каня, свіснуў пугаю і рынуўся ў дарогу. Цяпер конь яго ўжо не быў той здарожанай, хоць і маладой, худзізнай. Гэта быў ужо выгладжаны бягун, і імчаўся ён на злом шыі, аднак жа яшчэ ўсё чуючы над вушыма свіст пугі. Кастусь даімчаўся так да мастка над неглыбокаю рэчкай і раптам убачыў, што вада, пасля былых дажджоў, яшчэ ўсё стаяла даволі высока і сарваны ёю масток толькі палавінай сваёй трымаецца пад той бераг, а бліжэйшая палавіна расплылася бярвеннямі. Ён павярнуў каня берагам паўз рэчку, выглядаючы броду. Паплаўны бераг замакрэў — пачыналася адліга. Колы клалі след на вялістай траве. Конь замакрэў, а ён усё гнаў яго. «Божа мой, спазнюся!» І вось ён убачыў пратву. Плыткая вада дробна білася ў пясчаны бераг. Ён нацягнуў ляйчыну і ўвагнаў каня ў ваду. Усё больш падаючыся ў рэчку, ён ужо стаў на ногі, пасля стаяў на сядзенні, каб вышэй быць над вадою. А вада ўсё паднімалася. Вада ўжо ў яго ў халявах і вышэй кален. Сэрца яго разрывала грудзі. Але як выбрацца з рэчкі? Той бераг вельмі круты. А Божа, як жа ён павязе так цераз ваду фельчара? Ён пачаў заварочваць каня назад і ледзь выехаў назад на плыткі бераг. Вада з яго лілася цурком, а на лбе стаялі кроплі поту. Тузаючы лейцы і круцячы пугай, ён доўга гнаў каня берагам, выглядаючы новага броду. І такі ўбачыў: нават след чужых калёс вёў у ваду. Адным махам ён пераскочыў рэчку і аж да самага мястэчка не даў каню перадыхнуць. Ён жа і так колькі часу праваждаўся ў гэтай вадзе! Тады ў вадзе яму было горача ў галаву, цяпер ён дрыжэў з холаду. Здавалася, мокрая адзежа яго лубянее на ветры. Да фельчаравага дома ён даскочыў тады, калі ўжо на небе цяжка валакліся хмары і збіваліся ў адзін на ўсё неба засціл. Імгла зацярусілася густа. Фельчар, з раскудлычаным сівым кліночкам барады, выскачыў на двор насустрач мокрай фурманцы. Вельмі можа быць, што ён не ведаў, за што ўзяцца ў такі нудны дзень, і таму быў такі рухавы, калі ўбачыў праз акно, што нехта пад’ехаў. У яго пасярод двара стаяла карова і ела з кучы капуснік. Певень хацеў умасціцца на мокрую жэрдку і з крыкам саскочыў на зямлю. Божа, як непрытульна і нудна! Але ўсё гэта глупства, бо ёсць самае важнае: «А можа, там Волечцы яшчэ горш стала? Хутчэй трэба, хутчэй!» Мокры хлапец сам сябе падганяў. Як падстрэлены кінуўся ён да фельчара:

— Дзянь добры вам, я так імчаўся па вас, што траха не астаўся ў рэчцы з канём…

— Праўда, масток сарвала, — разважліва сказаў прывыклы да ўсяго фельчар і пагнаў у хлеў карову і, ідучы, запытаў:

— Сам адкуль? А што здарылася?

— З Волечкай вельмі дрэнна!

— З якой гэта Волечкай?

— Ну а з той, што вы прыязджалі да яе ў хату палоннага немца лячыць.

— А-а, дык ты з Сумліч? Той самы выгнанскі сын? Ну, бачыш, як добра, што я параіў табе астацца там жыць. Хто б цяпер аб хворай Волечцы падбаў бы? Ну, ідзі ў хату сушыся. А то з цябе, пане-браце, вада, як з рукава, джгае.

— Няма калі сушыцца, трэба назад імчацца, яна там ледзьве жыве.

— А што з ёю?

— Ляжыць без памяці.

— Можа аб’елася чаго?

— Не, у яе баліць галава, горла і грудзі.

— Пастаў каня ў хлеў, а пасля паедзем, калі на небе расчысціць.

— Не, родненькі мой, паедзем цяпер.

— Чаго ты гэтак спалохаўся? Відаць, што ніколі хворых не бачыў.

— Як гэта не бачыў! У мяне бацька на дарозе памёр!

Фельчар нічога не адказаў і моўчкі стаў корпацца ў шафе. Кастусь так жа моўчкі чакаў. Нецярплівасці яго не было меры. Аднак жа ён вытрымаў і аж уздрыгануўся, калі фельчар сказаў, што можна ехаць. Ён сам сваім вушам не верыў, ён баяўся, што фельчар не захоча ехаць. А тым часам на небе і сапраўды расчышчалася. Фельчар сказаў:

— Па паўдні зусім распагодзіцца.

Кастусь пагнаў змучанага каня з усіх сіл. Дождж усё пабольшваўся. Цераз брод праскочылі ў момант. Фельчар сам пачаў пакрыкваць на каня. Кастусь бесперастанку тузаў лейцы. Як уехалі ў двор, фельчар не даў Кастусю апомніцца, сагнаў яго з воза адразу і ўвапхнуў у хату.

— Ты ўвесь ссінеў і калоцішся, як святы на споведзі. Каб ты не смеў мне да самага вечара з печы злазіць! А то Волечцы прыйдзецца ехаць па мяне і ў бродзе плаваць. Ну а ты, малая, дзе ты там? Як маешся? А, вось ты якая. Ну, нічога, пакажы шыю. Каб ты мне цэлы тыдзень вылежала, а тады ўставай сабе і рабі што табе трэба. Ляжы, Волечка, ляжы. Пакажы язык. А ты там на печы? Яшчэ ўсё дрыжыш? Не глядзі, што ты на печы, а на табе гэтую адзежыну, акрыйся і дыхай сабе ў жывот. Але ж і кажушок злубянелы! Чый гэта? Твой?

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)