Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Детская проза » Добры хлопец Дзік
Добры хлопец Дзік - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Добры хлопец Дзік

Электронная книга - «Добры хлопец Дзік». Краткое содержание книги:

Новая аповесць вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Максіма Лужаніна — гэта эмацыянальная і шчырая споведзь пра верную дружбу чалавека з сабакам. Старонкі твора прасякнуты цяплом і сардэчнасцю апавядальніка, тонкага псіхолага і мудрага субяседніка.
1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 36
Перейти на страницу:

Рэзонныя гэтыя захады заваёўнікі рабілі, не пра нас, вядома, дбаючы. Баяліся тыфусу і гішпанкі, што валілі тады людзей — на хатах, куды ўпадала хвароба, крэйдай пісалі назву яе, быў такі надпіс і ў нас на сцяне: доўга не ачуньваў старэйшы брат. Не менш палохала немцаў і магчымасць усшалець: хопіць за лытку кручаны сабака, і гатова.

Гразнуць па калені на вясковых вуліцах ім таксама не выпадала, а хадзіць трэба было, перапісвалі і таўравалі на канфіскацыю сялянскіх коней і кароў.

Ці мы не паспелі выканаць загад пра навязванне сабак, ці Саід злузаўся з прывязі, адным словам, ён здуру гыркнуў на немца.

Салдат злажыўся і стрэліў. Сабака ўпаў, але неяк адпоўз ад варот, зашыўся ў куток пад паветкай і з тыдзень не еў і не піў, мы не ведалі, ці застанецца жыць. Яму пашанцавала: куля засела ў левай лапатцы, глыбей не пайшла. Потым, калі рана загаілася, мы намацвалі тую кулю пад скурай, сабака злаваў і гыркаў нават на сваіх.

Пад старасць Саід рэдка вылазіў са свайго сховішча, нават калі немцы адступілі. Амаль не брахаў, калі ж падаваў голас, дык не на чужога, а на сваіх, відаць, лаяўся, што малая пенсія.

Гулялі вяселле мае старэйшай сястры. Не забылі і сабаку, занеслі нечага з абруса, і хлопцы, падпіўшы, улілі яму ў горла шклянку самагону.

Саід сп’янеў і ўспомніў свае абавязкі: падаў голас і гаўкаў усю ноч.

Урсон, Шаста, Саід… Усяго наўспамінаў. А Дзік?

НА ЗАСТАВЕ

У Гродна я прыехаў з растрывожаным сэрцам. З вакзала пазваніў дадому. Адказ не суцешыў, ветэрынар глядзеў, прыйдзе і заўтра, але надзея малая.

Заставалася чакаць. Пачаў рыхтавацца да сустрэч з пагранічнікамі — клопат заўжды адганяе трывогі і непатрэбныя думкі.

Пайшлі да арганізатараў паездкі. Гаворка не вельмі доўгая, але грунтоўная. Мы так і папрасілі: расказвайце ўсё, што можаце, і падрабязна, быццам мы вось-вось нарадзіліся на свет. Устанавілі маршруты, час наведвання застаў і — дзень пры канцы.

За адной размовай — другая. Паклікаў у абком С. Прытыцкі, тагачасны першы сакратар у Гродне. Яму быў прыхоплены падарунак: паштоўка-здымак — буйны твар юнака і надпіс па-польску: «Свабоду Сяргею Прытыцкаму!» Так камсамол Заходняй Беларусі адваёўваў некалі жыццё свайго таварыша, над чыёй галавой вісела пакаранне смерцю.

Сяргей Восіпавіч пакруціў адозву, чамусьці патрымаў супраць святла:

— А я ўжо і забыўся пра гэта! — I нечакана разгаварыўся.

Успомніў бясконца даўгі дзень і яшчэ даўжэйшую ноч, праведзеныя без даху над галавою. Валячыся з ног ад зморы, галодны, пільнаваўся, каб не трапіць на паліцэйскае вока, блукаў па Вільні ў пошуках неправаленай яўкі. Так і не знайшоў. На цемнаватай вулачцы — кінулася ў вочы шыльда фатаграфіі. «Можа, і ўсяе па мне памяці будзе», — абудзілася думка. Зайшоў, зняўся, а ўжо з турмы пераслаў сябрам квіт на атрыманне фота. Тыя адразу ж сабралі скупыя капейкі і надрукавалі паштоўку-адозву з патрабаваннем вызваліць паплечніка.

Упершыню мы выслухалі гэтую гісторыю, што вышэй за чалавечыя магчымасці, і, галоўнае, — з вуснаў яго самога, таго — ён як бы ажыў перад намі — адважнага хлопца.

У белы дзень мінуў дзесяткі пастоў, сотні шпікоў і паліцаяў і трапіў у святое святых, белапанскі суд. Там мела адбыцца застрашвальная працэдура працэсу над семнаццаццю рэвалюцыянерамі.

Апрануты ў афіцэрскі мундзір, лёгка, нібыта і не праседзеў ноч на лаўцы ў скверы, наблізіўся пад самы бар’ер, за якім круцілася гадавай душы істота, прадаючы і заблытваючы камуністаў, да каго ён ушыўся ў сяброўства, уцёрся ў давер, стаўшы правакатарам.

Прытыцкі падышоў амаль усутыч. Стрэліў раз і адразу ж другі. Павярнуўся і таксама павольна — выканаў даручэнне, пакіраваўся да дзвярэй.

Абудзіўся ўкамянелы суд, спахапілася варта. Пачалі страляць, але ўбезладзь, звалілі не адразу.

— Упаўшы, — Прытыцкі пасміхаецца, — яшчэ нешта кеміў. Дай паспрабую дрыгну нагою, падумаюць: «Гатоў» — і не стрэляць у галаву.

Перажываючы тую страшную хвіліну, мы слухалі не зварухнуўшыся. За вокнамі стала шарэць, з касцельных вежаў заблямкалі званы на імшу.

Каля гасцініцы чакала машына, рушым у госці да пагранічнікаў.

Праскочылі гарадскую ўскраіну і вось — на многія дзесяткі кіламетраў некранутыя бары. Выносістыя сосны, як ні задзірай галаву ўгару, верхавіны іх хутчэй угадваюцца, чым бачацца, пашумліваюць, амаль не парушаючы цішыні. Не варушацца і лапіны маладзейшага лесу, асабліва ціха стаяць маладыя хваінкі, вельмі мілыя пад нячэпаным снегам, акурат школьніцы ў белых пуховых хусцінках.

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 36
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)