Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 115 116 117 118 119 120 121 122 123 ... 230
Перейти на страницу:

— У другім батальёне таксама: дзве скрынкі з ручкамі і ніводнай — з галоўкамі.

Тады Агееў ураз зразумеў, дзе дапусціў промах, які, напэўна, яму дорага абыдзецца: не разабраўшыся, ён пагрузіў у машыну некалькі скрынак з ручкамі ад РГД, а скрынкі з баявымі галоўкамі, напэўна, засталіся на складзе, мабыць, у іншым ці разбомбленым штабелі. Пэўна, што так. Паводле правіл захоўвання боепрыпасаў у мірны час, абедзве часткі разборных гранат належала хаваць асобна — каб пазбегнуць магчымасці дыверсіі.

— Вы абяззброілі полк! Вы сарвалі абарону! Пойдзеце пад трыбунал! Я вас расстраляю!

Маёр схапіўся за кабуру дрыготкімі рукамі, спрабуючы выняць з яе пісталет. Агееў, унутрана напяўшыся, стаяў насупраць, гатовы да ўсякага прыгавору, — ён і на самай справе не знаходзіў для сябе апраўдання. Але ў той самы момант начштаба нагнуўся да тэлефоннага апарата і ўстрывожаным голасам паклікаў камандзіра палка:

— Вас ноль-першы!

Агееў не ведаў, хто гэта быў ноль-першы, можа, камандзір дывізіі ці хто вышэй, але адразу пачуў, што гэта давала нейкі перадых, амаль палёгку. Маёр з пісталетам у адной руцэ пацягнуўся да трубкі, а начштаба выразным жэстам даў Агееву знак, каб той зараз жа знік. Не змусіўшы сябе ўгаворваць, начбой перажыргнуў цераз схіленую спіну сувязіста і схаваўся за паваротам акопчыка. Пасля ён выскачыў на адкрытае поле і, прыгнуўшыся, па градах пабег да аборы. Ён ужо сцяміў, што павінен зрабіць, каб калі не апраўдацца зусім, дык хоць бы змякчыць прысуд камандзіра палка.

Абстрэл між тым прадаўжаўся, міны з прарэзлівым віскам праносіліся над галавой і рваліся між хат, на гародах і асабліва густа — на выездзе з вёскі, дзе засталася яго палутарка. На шчасце, яна была яшчэ цэлая, і Агееў, гукнуўшы шафёра, ускочыў у кабіну. Яны паспешліва развярнуліся на закіданым грудамі зямлі падворку і, ужо не зважаючы на абстрэл, панесліся па гравійцы да ахопленага полымем фальварка.

На гэты раз нямецкіх самалётаў тут не было, хаця амаль не было і фальварка, замест алеі грувасціліся завалы паламаных, пасечаных, вывернутых з каранямі ліп, увесь сад быў перакапаны варонкамі, уцалелыя дрэвы стаялі з голым, без лісця суччом; штабялі пад імі або згарэлі, або паўзрываліся ад дэтанацыі; раскіданыя навокал, валяліся снарады, латунныя гільзы, упакоўка, дошкі ад тары. Але ўсё ж нейкая частка боепрыпасаў уцалела, і Агееў, падбегшы да рэшты штабялёў, узрадаваўся: аказваецца, не так проста нават для авіяцыі знішчыць вялікі склад боепрыпасаў. Яны з шафёрам пабеглі сярод раскіданых скрынак са снарадамі, супрацьтанкавымі і супрацьпяхотнымі мінамі, разматанымі стужкамі буйнакаліберных зенітных патронаў, якія ім былі без патрэбы. Агееў стараўся знайсці знаёмыя зялёныя скрынкі з галоўкамі ад РГД, але іх нідзе не было — можа, паўзрываліся, а можа, як і ён, іх прыхапілі, не разабраўшыся, шафёры з другіх палкоў. І тут на краі абгарэлага з вугла штабеля ён згледзеў знаёмую маркіроўку на драўляных скрынках — то былі гранаты Ф-1, або, як часцей іх называлі, «лімонкі». Узрадаваўшыся нечаканай знаходцы, ён крыкнуў шафёру і, падхапіўшы ў абедзве рукі па скрынцы, пабег да машыны.

Гэтымі гранатамі яны загрузілі амаль увесь кузаў палутаркі, яшчэ прыхапілі некалькі скрынак вінтовачных патронаў і зноў ірванулі па разбітай гравійцы да свайго палка.

Аднак дзень ужо быў на сконе, нізкае сонца зайшло за хмары, поле пачало засцілаць туманам. За лесам, у баку, дзе была вёска, грукатаў моцны бой, і, як здалося Агееву, на гэты раз чамусьці бліжэй, чым удзень. Кепская здагадка засмуціла яго, але, усё яшчэ баючыся цалкам паверыць у горшае, ён спыніў машыну на ўзбочыне ў маладым сасоннічку, дзе наводдаль ад дарогі акопваліся некалькі байцоў, і выскачыў з кабіны. На ягонае пытанне, з якой яны часці, першы баец не сказаў нічога, толькі, быццам нямко, паўзіраўся ў яго спадылба, другі сказаў, што гэта ваенная тайна, якую ён не можа паведаміць незнаёмаму камандзіру, і толькі трэці, стрыжаны, белабрысы баец, мабыць, пазнаўшы яго, растлумачыў:

— Ды з другога батальёна мы, таварыш начальнік боепітання.

— Як з другога? Другі ж батальён быў у вёсцы?

— Быў, ды адступіў. У акружэнні мы.

«Вось табе і на!» — паныла падумаў Агееў. Час ад часу не лепш. Ён пабег уздоўж ланцуга і хутка ад знаёмага камандзіра роты даведаўся, што другі батальён па загаду адышоў з вёскі, а першы і трэці чамусьці прамарудзілі, не паспелі выканаць загад і цяпер чакаюць ночы, каб прарвацца з кальца. Камандзір са штабам палка таксама застаўся ў вёсцы, рыхтуе прарыў; другі батальён будзе падтрымліваць іх агнём з гэтага сасоннічку.

1 ... 115 116 117 118 119 120 121 122 123 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)