Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 115 116 117 118 119 120 121 122 123 ... 241
Перейти на страницу:

— Добра. Я папрашу заўтра ў штабе. А скажы мне свой адрас.

Папоў чухае патыліцу і ўздыхае.

— Якуція. Раён Оймякон…

— Гэта ён баіцца, што жонка к шаману перабегла… Пакуль ён тут кукурузу есць, — зазначае Лёшка. Люся крыўдліва папракае яго:

— Ну што вы, Задарожны? Заўсёды з жартамі. Ці нельга сур’езней?

— Жона нету хадзі шаман. Шаман нету Якуція, — сур’ёзна кажа Папоў, робячы націск у слове «Якуція» на «і».

— Не слухай ты яго, Папоў. Я зраблю заўтра, — проста абяцае Люся, збіраючы сваю сумку.

— Ну, давай бліжэй ды павячэрай з намі, — запрашае камандзір Люсю. Тая, аднак, ускоквае з долу.

— Не, не. Вы ешце. Я ўжо…

Яна зашпільвае на баку сумку, і мне раптам становіцца вельмі крыўдна ад таго, што яна вось-вось пойдзе і застануцца адно толькі мае думкі і маё доўгае чаканне новага няскорага вечара. Яна спяшаецца і на хаду заканчвае справы.

— А як у вас з акрыхінам, Лук’янаў, вы ўсё хварэеце? Акрыхін папілі?

— Яшчэ на два прыёмы максімальна, — сцішана, але з нейкаю годнасцю адказвае Лук’янаў.

— Гэта мала. Наце вам яшчэ трохі. Толькі прымаць рэгулярна. А то некаторыя выплёўваюць…

— Ого! З такіх ручак выплёўваць! — прытворна здзіўляецца Лёшка. — Ось мяне ніякая халера не бярэ! А то б з тваіх, Сінявочка, ручак па кілаграму гэтай атруты з’ядаў. Далібог! Каб я здох! Толькі па адной штучцы з пальчыка.

— Ох і весялун вы, Задарожны! Насмешнік! — смяецца Люся.

Жаўтых тым часам раскладвае на палатцы шэсць роўных салдацкіх паек і, бачачы, што мы марудзім разбіраць іх, прывычна гыркае:

— Ну, чаго чакаеце? Калача? А ну хапай мне жыва!

Не, нам няёмка паказаць перад гэтай дзяўчынай нашу галодную нястрыманасць, мы марудзім яшчэ, адзін толькі Задарожны, так, нібы нікога тут чужога няма, усаджваецца на зямлю, па-турэцку падкурчыўшы ногі. Вялізнаю пяцярнёй ён лапае акраец і адразу адкусвае ад яго ладны кавалак.

— Нечага драмаць — крупнік прастыў. Налягай, гвардзія! Сінявочка, калі ласка, да мяне, будзем на пару, так сказаць, есці і так далей, — з лёгкасцю слабадскога дзецюка звяртаецца ён да дзяўчыны. Люся спрабуе яго абысці.

— Не. Вы ешце, а мне яшчэ ў другі разлік, да Скварышава трэба.

— Без цябе? Ні ў жысць, — ускоквае і загароджвае ёй шлях Лёшка. Ён наглавата разводзіць свае разлапістыя рукі і затрымлівае дзяўчыну. — Только зняць пробу. Ну хоць адну лыжачку…

Люсі, відаць, зусім не хочацца есці, але паспрабуй адчапіся ад гэтага Лёшкі. Крывёнак нерухома сядзіць на брустверы і, мне здаецца ў змроку, толькі кусае вусны, гледзячы, як распінаецца Лёшка. Мне таксама чамусьці вельмі ніякавата ад гэтага і вельмі хочацца, каб яна не паслухала Лёшку і пайшла. Па-ранейшаму сумна расставацца з ёю, але гэтая прыліпчывасць Задарожнага становіцца зусім ужо нясцерпнай. І ўсё ж яна не ідзе, а ён далікатна і настойліва бярэ дзяўчыну за яе вузенькія плечы і падводзіць да свайго месца каля палаткі. Мне здаецца, што Люся адштурхне яго нахабныя заграбастыя рукі, я ўжо хачу крыкнуць: «Адчапіся, прытвора!», ды Люся раптам паслухмяна і лёгка сядае з ім поруч, Лёшка рад, ён дамогся свайго і, змяніўшы лісліва-салодкі голас на грубы, гукае ў наш бок:

— Гэй, Крывёнак! Не ясі — дай лыжку!

— Ідзі да д’ябла, — буркае Крывёнак і выцягваецца ў доле, а я ў нейкім бяздумным імкненні дастаю з-за халявы лыжку і даю Люсі. Толькі Люсі яна не дастаецца — Задарожны вырывае яе з маіх рук, а сваю з нахабнаватай услужлівасцю перадае дзяўчыне.

— Ну, я толькі паспытаць, — смеючыся, але, здаецца, задаволена кажа Люся. — Калі вы ўжо такія гасцінныя…

— Мы? Ого! Мы і самога румынскага караля кукурузай накармілі б. Пальчыкі б аблізаў! — самаўпэўнена хваліцца Задарожны. Люся дробненька смяецца і зачэрпвае крупніку. Нейкі час усе маўчаць, бразгаючы ў кацялках, пасля Жаўтых аб’яўляе:

— А крупнік быццам і нішто: есці можна… Ну, што там чуваць у вашых медыцынскіх тылах? — пытаецца ён у дзяўчыны. — Ці хутка нам, дармаедам, у наступленне? А то ўсю малдаўскую кукурузу паямо.

— Ерунда! Куды спяшацца?! Ад кукурузы гэта не залежыць, — кажа Задарожны. Але Жаўтых не любіць, калі яму хто пярэчыць.

— От шмат ты разумееш. Не залежыць! А ну скажы, Лук’янаў, ці залежыць наступленне ад харчу?

— Безумоўна, залежыць, — ціха зазначае Лук’янаў. — Харч — эканамічны фактар, састаўны элемент усіх дзеючых на вайне сіл…

Люся слухае гутарку, з’ядае з Лёшкавага кацялка некалькі лыжак крупніку, але кідае позірк убок і бачыць нас двух на брустверы.

— Што ж гэта: я ем, а хлопцы сядзяць галодныя…

— Ерунда, жывы будуць. Госцю першае месца. Законна!

1 ... 115 116 117 118 119 120 121 122 123 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)