Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
Расьпеў скончыўся. Фрода расплюшчыў вочы й пабачыў, што Більба сядзіць на крэсьліцы, аколены слухачамі, якія ўсьміхаюцца й пляскаюць яму.
– Ну, а цяпер яшчэ раз! – папрасіў эльф.
Більба ўзьняўся й пакланіўся.
– Дзякуй вялікі за пашану, Ліндыр, – сказаў ён. – Але ж было б надта стамляльна паўтараць гэта.
– Ну, толькі не для цябе, – засьмяяліся эльфы. – Мы ж ведаем, уласныя вершы аніколі цябе не стамляюць! Але ж, сапраўды, як мы можам адказаць на тваё пытаньне, пачуўшы верш аднойчы?
– Ды няўжо? – ускрычаў Більба. – Вы ня здольныя адрозьніць радкі, якія склаў Дунадан, ад маіх?
– Для нас надта цяжка адрозьніць аднаго сьмяротнага ад другога, – апраўдваўся эльф.
– Ну, гэта глупства, Ліндыр, – буркнуў Більба. – Не магу ўявіць сабе, каб вы былі ня здольныя адрозьніць чалавека ад хобіта. Грушы ад яблыкаў вы ж адрозьніваеце.
– Напэўна. Пастухі адрозьніваюць кожную сваю авечку, – сьмяяўся Ліндыр. – Дый авечкі адна адну таксама. Але ж мы не займаемся вывучэньнем сьмяротных. У нас іншыя справы.
– Ну, спрачацца ня стану. Я й так ужо зусім сонны ад гэткай колькасьці музыкі й сьпеваў. Калі жадаеце – здагадвайцеся самі, а я пайду.
Ён падняўся й падышоў да Фрода.
– Ну, скончылася, і нядрэнна, – ціхенька падзяліўся Більба, – лепей, чым я чакаў. Мяне нячаста запрашаюць прачытаць другі раз. А як табе?
– Ну, я таксама не адгадаю, якая частка чыя, – прызнаўся Фрода.
– I патрэбы няма. Фактычна, усё тут маё. Арагорн толькі настояў, каб я згадаў зялёны камень, смарагд. Яму гэта падалося істотным, ня ведаю чаму. А ўвогуле, ён, відавочна, палічыў, што я намагаюся скакнуць вышэй за галаву. Сказаў, што калі ўжо я набраўся дзёрзкасьці ствараць пад Эльрандавым дахам песьню пра Эярэндыля, дык гэта цалкам мая ўласная справа. Напэўна, ён мае рацыю.
– Ну, ня ведаю, – сказаў Фрода. – Мне падалося, што гэта якраз да месца ды ўдала, толькі вось чаму – наўрад ці патлумачу. Я ўжо й заснуў быў, калі пачуў цябе – быццам словы прыплылі аднекуль з сну. Я нават і не зразумеў, пра што гаворка, амаль да самага канца.
– Так, тут цяжка не заснуць, пакуль няма звычкі. Нам, хобітам, наўрад ці магчыма сягнуць эльфскага апэтыту да сьпеваў, расповедаў і музыкі. Іх хлебам не кармі, дай толькі памузычыць. Яны шчэ доўга будуць практыкавацца. Як наконт таго, каб прасьлізнуць у які зацішны куток ды паразмаўляць у спакоі?
– А ці магчыма гэта?
– Вядома. Забавы – ня праца. Прыходзь, сыходзь – як пажадаеш – толькі не перашкаджай.
Яны ўзьняліся, адышлі ціхенька ў цень і скіраваліся да выхаду. Сэма пакінулі – напаўсоннага, з шчасьлівай усьмешкай на твары. Хоць і ўзрадаваны Більбавай кампаніяй, Фрода адчуў і раптоўнае шкадаваньне – ня надта хацелася пакідаць залю Агменю. Калі толькі крочылі за парог, пачулі адзіны чысты голас, што выпяваў:
Фрода прыпыніўся й азірнуўся. Эльранд сядзеў на стальцы, і сьвятло полымя спачывала на ягоным твары, як летняе сонца на дрэвах. Побач зь ім сядзела панна Арвэн. У зьдзіўленьні Фрода пабачыў побач зь ёй Арагорна. Плашч ягоны быў адкінуты на сьпіну, і пад ім нібы паблісквала эльфская кальчуга. На грудзёх ягоных зьзяла зорка. Яны размаўлялі, і раптоўна Фрода падалося, што Арвэн павярнулася да яго й паглядзела – і сьвятло ейных вачэй здалёк працяла ягонае сэрца.
Ён яшчэ стаяў, зачараваны, покуль чыстыя згукі эльфавай песьні каціліся над ім дыямантам зьлітай музыкі й словаў.
– Гэта песьня пра Эльберэт, – сказаў Більба, – яны яшчэ яе прасьпяваюць, і іншыя песьні Добраславёнай Зямлі, яшчэ шмат разоў! Хадзем!
Ён завёў Фрода ў свой маленькі пакойчык з акном на сады, на поўдзень, і на другі бок цясьніны за Бруйненам. Ля вакна яны й паселі, назіраючы за калючымі зорамі над крутымі залесенымі схіламі й ціхенька гамонячы – не пра дробныя шырскія зьвесткі й не пра сьмяротныя небясьпекі й страх, якія давялося сустрэць, але пра найчысьцейшыя, найцудоўнейшыя рэчы, якія пабачылі ў гэтым сьвеце разам, пра эльфаў, зоры, дрэвы й пра мяккую восень добрага году ў лясных краёх.