Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ноч - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ноч

Электронная книга - «Ноч». Краткое содержание книги:

Новая кніга Віктара Марціновіча ёсць рукапісам невядомага аўтара, што быў набыты Сацішам Сівачарыярам у бенгальскага крамніка за літр чыстай вады, пасму прадзіва і пару амаль не ношаных сланцаў. Рукапіс, спісаны незразумелымі кірылічнымі пісьмёнамі, быў дбайна перакладзены аўтарам знаходкі на ангельскую мову.
Беларускі пісьменнік падрыхтаваў пераклад для выдання на радзіме з разлікам на шырокае кола чытачоў.
1 ... 113 114 115 116 117 118 119 120 121 ... 139
Перейти на страницу:

Я выйшаў з мытнага пункта, пайшоў малалюднай вулачкай, адзінай функцыя якой — адасабляць памежны пункт ад гарадской весялосці, завярнуў за рог і ў момант аглух ды саслеп.

Схаваны за будынкамі правінцыйнага ампіру праспект віраваў, танцаваў, спяваў, піў, ванітаваў, дудзеў у дуду ды грукаў у барабаны. Тут была атмасфера адной з вялікіх тусовых вуліц былой пары: Фамгулао ў Сайгоне, Каосан у Бангкоку, Ла Рамблы ў Барсе, Унтэр дэн Ліндэн у Берліне. Людзі рухаліся лавінай, абцякаючы музыкаў, якія стаялі так шчыльна, што іх грукат і лямант зліваўся ў суцэльную какафонію.

Побач з хлапцом, які вырачана выводзіў на гітары “Белы снег, шэры лёд” забытага рускага менестрэля, падскоквалі ад энтузіязму шансанье з маленькім гармонікам і скрыпачкай — яны на добрай французскай узнаўлялі рэпертуар кабарэ-дуэта “Серебряная свадьба”. За тры крокі месціліся эквадорцы ў каляровых понча. Стоячы паўколам, з засяроджанымі тварамі, яны выводзілі на флейтах пана той самы матыў, без якога раней не абыходзілася аніводная сапраўдная сталіца свету. І было пры поглядзе на іх птушыныя твары адчуванне, што людзі не музыку ствараюць, а ткуць тканіну быцця спосабам, вядомым толькі насельнікам узбярэжжаў Амазонкі. За перуанцамі дзіравіў паветра востранькім уступным сола з “Whish you were here” стары хіпан — ён прасветлена ўсміхаўся, раздзіраючы струны сваёй электрагітары, і паловы зубоў у яго не было, а побач стаяў пераносны дынамік, з якога гучаў стары як свет гітарны рытм “Пінк Флойда”.

А лавіна цякла — не азіраючыся, не засяроджваючыся, не здзіўляючыся, што такі выбух весялосці магчымы сярод чорных змярцвелых пустак. Я абмінуў гандляроў кітайскімі паветранымі ліхтарыкамі, прыцаніўся да хот-дога (паўтара цынкі, але ў мяне не было і столькі), шугануўся ад выкрыку хлопчыка, які стаяў са стосам толькі што надрукаваных на машынцы аркушаў:

— Газета “Відавочца”! Прадаем толькі навіны ад сведак! Народная дыктатура Кальварыя ўсталявала кантроль над Гарой! Цар Гары аб’яўлены ў вышук!

За газетчыкам туліўся гандляр маскамі белага зайца. Хіт мінулага сезону быў прадстаўлены ва ўсіх магчымых формах — ад вушастых кардончыкаў, якія трэба трымаць ля твару за спецыяльны драўляны пруток, да пухнатых шлемаў з раскошнымі ружовымі вушамі, задушліваму нутру якіх трэба даверыць усю сваю галаву. Выгляд у маскарадзьера быў маркотны: зайцаў ніхто не набываў, хаця шмат хто з натоўпу ўжо ўбраўся да яшчэ не аб’яўленага карнавалу. Тут сустракаліся Ван Гогі з тварамі з пап’е машэ, Арлекіны і П’еро ў розных ступенях падабенства, Мальвіны ды Артэмоны, Д’артаньяны ды Рышэлье (Рышэлье было болей), імперскія пехацінцы і Прынцэсы Леі, Індыяны Джонс, Людзі ў чорным, Уладзіміры Леніны, Гэндальфы, Міндоўгі і коні Міндаўга, Уладзіміры Пуціны і Дональды Трампы.

— Малады чалавек, набудзьце зайчыка! Зайчык — сімвал пладавітасці і шчасця ў асабістым жыцці, — безнадзейна звярнуўся да мяне масачнік. І, заўважыўшы, што я не затрымліваюся, дадаў, зусім ужо сумна: — Два па цане аднаго,— і, калі я ўжо быў далёка: — Прэзерватыў у падарунак!

Так выглядае камерцыйны крах. Трэба было спытаць, ці не Вова Чэлсі яго завуць.

Канечне ж, тут гандлявалі сувенірамі: магніты на лядоўню ў выглядзе трох ампірных дамкоў з падсветленымі вокнамі за тры цынкі, адзін дамок за два, свецяцца ад энергетычнага элемента ААА. Налепкі ў выглядзе лямпачкі напальвання, з подпісам “Town of Light” — такі начнік на лядоўню я б, можа, набыў і сабе, калі б планаваў вярнуцца ў кватэру з лядоўняй. За турыстычным хлудам пайшоў іншы — ювелірны. І хаця золата і дыяменты ўжо даўно нічога не каштавалі, тавар быў дбайна накрыты шклянымі вітрынамі, каб не спакушаць спрытных на руку. Ля самых дарагіх артэфактаў былі ліхтарыкі, што дапамагалі камяням раскрываць свае ўласцівасці. Я слізгануў па прылаўку позіркам і знянацку суняўся — тыя, хто ішоў за мной, наляцеўшы на мяне, незадаволена забурчэлі.

Паміж завушніцамі з абточаных пад грушу паўкаратнікаў за 5 цынкаў ды пярсцёнкам з вялікім чорным брыльянтам з такой жа цаной ляжала залатая рэгалія. Памета ў выглядзе ўпісаных у кола кіркі і цыркуля над густоўнай каронай, выкладзенай невялічкімі дыяментамі. Значок масонаў.

— Я бачу ў вас рэч, што належала чалавеку, якога я ведаў, — звярнуўся я да гандляра, які сёрбаў распушчальны суп з тэрмаса.

Ён падняўся з пластыкавага крэсла з энтузіязмам, але з позіркам на маё паліто камерцыйны запал знік.

1 ... 113 114 115 116 117 118 119 120 121 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)