Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Вёска. Нічые. Рэвізія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вёска. Нічые. Рэвізія

Электронная книга - «Вёска. Нічые. Рэвізія». Краткое содержание книги:

Аповесці Нічые, Вёска і раман Рэвізія, што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 198
Перейти на страницу:

Дабраўшыся да Леніна, Губмян спатыкнуўся раптам і вырашыў закругляць «палітінфармацыю».

- Усё! - выкрыкнуў звонка. - Ёсць пытанні? - няма пытанняў! Тады ўсе свабодныя. Камандзірам правесці тлумачальныя гутаркі з радавым саставам. Таварышу Кецку - застацца.

Усе, акрамя Кецкі, пачалі выходзіць.

- Ян Калікставіч! - паклікаў Губмян, свабодна вымавіўшы дзіўнае гэтае словаспалучэнне, і на яго голас спыніўся статны ваенны (форма сядзела на ім як улітая), з густой русявай чупрынаю, з адкрытым, дабрадушным, тыповым польска-славянскім тварам. Спыніўся, страявым крокам падышоў да стала, за якім ці то стаяў, ці то ўжо сядзеў Губмян.

- Слухаю вас, таварыш камісар, - сказаў Ян Калікставіч Ольскі, начальнік «тройкі» АГПУ 16-й арміі. Ветлівы, гжэчны, перад Губмянам ён не смірна стаяў, а на «паўсагнутых», каб не падавацца занадта высокім, каб не падкрэсліваць так яўна гэтую розніцу паміж сабой, спрытным і ладным, і нягеглым, дохленькім таварышам камісарам. Плечы ўтуліў, прыгорбіўся, сашчапіў на жываце белыя, дарма што холад, далоні (якімі ў 37-м будзе закрываць ашалелы ад жаху твар, калі самога нарэшце прыставяць да заляпанай крывёю і мазгамі ўчарашніх яго ахвяр сценкі менскага падвала).

- Я вас слухаю, таварыш Губмян.

- Распарадзіцеся, каб прывялі гэтага хлопчыка, арыштанта. Ці, яшчэ лепш, самі гэта зрабіце.

Ольскі, хоць і схіліў галаву ў знак згоды і таго, што ўсё зразумеў, але, вопытам навучаны, ён ніколі не кідаўся выконваць начальніцкія даручэнні, лішні раз не перапытаўшы. Таму, на хаду ўжо, ён павярнуўся і ўдакладніў:

- Прывесці сюды?

- Проста сюды.

Ян Калікставіч выйшаў, асцярожна і мякка, як кот, ступаючы, і дзверы прычыніў за сабой асцярожна, не ляпнулі яны, як за іншымі.

Кецка стаяў і назіраў, як з таго боку, ад вуліцы, бегае па падаконніку сярдзіты голуб.

- ... І ад вас, чалавека мясцовага, тутэйшага, мы найбольш чакаем дапамогі - вы слухаеце мяне? Падыдзіце сюды!

Кецка ўздрыгнуў - Губмян даўно ўжо звяртаўся да яго, а ён праслухаў. Павалокся да стала, зачапіўшы па дарозе крэсла, якое ледзь паспеў падхапіць, каб не грукнулася аб падлогу. Стаў перад таварышам камісарам па другі бок стала, вінавата перамінаючыся з нагі на нагу. Яму было сорамна за свой нехлямяжы выгляд, асабліва ў параўнанні з іншымі камандзірамі і начальнікамі; сам ён не паспеў ні пагаліцца, ні хоць бы нават апаласнуцца збольшага хоць халоднай вадою. Яму здавалася, што і пах ад яго ідзе нячысты, таму не толькі ад яго няўважлівасці, а і ад гэтага таксама крывіцца зараз Губмян.

Сярод складзеных стосам папак Кецка пазнаў і сваю - ваенкаматаўскую, па сіняй папераю абклееным карэньчыку. Губмян тым часам, як на асадку, пахукаў на кончык алоўка.

- Для пачатку вы паможаце нам скласці спісы радні завадатараў...

- Гэта будзе не так проста, таварыш камісар, - хрыпла сказаў Кецка. - Яны альбо павывозілі свае сем'і, альбо хаваюць. І Жаўрыд, і Сокал-Кутылоўскі, і Пракулевіч, і Паўлюкевіч...

- Вашая справа іх пералічыць, а ўжо нашая - шукаць. Цікавы мне, - высмыкнуў Губмян папку з-пад нізу, пастукаў па ёй костачкамі пальцаў, - цікавы мне, калі шчыра, сама больш вось гэты штабс-капітан... Вы з ім служылі разам, так?

- Два месяцы ў ваенкамаце.

- Кажуць, вы нават сябравалі?

- Ну, як сябравалі... Гаварылі, выпівалі, было. На словах, прынамсі, ён не быў супраць Саветаў. Не магу зразумець, чаму ён згадзіўся іх узначаліць, як яго ўламалі... Ён не раз казаў - абрыдла ўсё, і вайна, казаў, што не хоча ваяваць ні на чыім баку.

- Як жа яго ўгаварылі?

- Не магу ўявіць! Нібыта ездзіў да яго на хутар Сокал-Кутылоўскі, а аб чым яны ўжо там дамаўляліся...

- На хутар? - застыла ў Губмяна рука з алоўкам. - Дзе хутар? Хто там застаўся?

1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 198
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)