Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Данута». Краткое содержание книги:

Каласальная розніца ў выхаванні, зусім розныя слаі грамадства, далёкія адзін ад аднаго ў зацікаўленнях, звычаях, традыцыях, і Вялікае Каханне, якое аднаму нясе ганарлівасць, пыху і пагарду, другой – адданасць і пакуту. Вясковы хлопец, якому з дзяцінства далбілі пра злых каталікоў і нядобрых паноў, для якога пачуцці – непатрэбная распуста, якую неабходна душыць у сабе, бо трэба “быць цьвёрдым”, і гарадзкая паненка, генеральская дачка, каталічка, якая аддаецца пачуццям, рамантычнасці, якая ахвяруе і звычаямі, і выхаваннем, і верай, і добрым імем дзеля Кахання, дзеля вялікага пачуцця, якому аддаецца поўнасцю і без астатку. Трагічны фінал, які дэманструе цьвёрдасць не таго, хто хацеў паказаць сябе цьвёрдым, нязломным, ганарлівым, які грэбаваў рамантычным пачуццём, а цьвёрдасць далікатнай асобы, якая не дазволіла вырваць з сэрца каханне, адданасць, якая, ахвяруючы жыццё, засталася вернай сваім ідэалам.
1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 120
Перейти на страницу:

— Ну і логіка ў цябе, не дай бог! — паціснуў я плячамі.

— Папрацаваў бы ў школе, тады пабачыў бы, якая ў цябе была б логіка. Падумаеш, пачакаў крыху... ногі яму адпалі!..

Я прамаўчаў.

У апошні час Стася стала занадта нервовай. Найменшае глупства можа вывесці яе з раўнавагі. Што ж, на гэта былі прычыны. Пасля вайны нам з ёю шмат давялося перажыць. Амаль на адной стыпендыі канчалі інстытут. Пажаніліся — ні кватэры, ні вопраткі, ні лыжкі. А тут пайшлі дзеці. Фактычна мы сталі на ногі за апошпія гады. На мне мінулае амаль не пакінула следу, а ёй, беднай, дасталося! Адны дзеці колькі забралі сілы і здароўя.

Я разумеў жонку і стараўся не даваць прычын хвалявацца. Як на бяду, трэба было мне кучэрынскім расказам разварушыць старую рану!..

Замкнёныя дома сыны-дашкольнікі абрадаваліся нашаму прыходу і кінуліся насустрач:

— Што купілі? Семкі, ура-а!

— Не лезце! — абрэзала маці і іх.

Справы дрэнь.

Я ўдзень слаба паабедаў, і мне захацелася есці. Паклікаў на кухню сыноў, разагрэў на пліце суп, заслаў стол чыстай паперай, паставіў на яго міску.

— А ну, хлопцы, давайце падрубаем. З адной пасудзіны, па-партызанску, добра? Стась, хадзі перакусім да вячэры!

Садзімся за стол.

— Што ты мне ўсё тыцкаеш кулаком у твар? Не мог разліць кожнаму ў талеркі? Да чужых ты клапатлівы, што і казаць...

— Я хацеў, каб табе было менш пасуды мыць! I да каго чужога я клапатлівы больш, як да цябе?!

— Бачыла, з якой галантнасцю ты расшаркваўся перад прыгажуняй ля магазіна: «Калі ласка, праходзьце!»

— Ну, ведаеш!..

Гэта было ўжо занадта. Я кінуў лыжку, лёг на канапу, падлажыў пад галаву рукі і ўтаропіў вочы ў столь.

Кажуць, мужык і жонка — самыя блізкія людзі. Гэта так. Але чамусьці ніхто не скажа, што яны могуць быць і самымі далёкімі. Пра некаторыя рэчы, напрыклад, скажаш чужому чалавеку, але ніколі не скажаш жонцы. Цьфу!..

Падышоў старэйшы сын, працягнуў мне жменьку семак і спачувальна запрапанаваў:

— На, татка...

Я залускаў.

— Ты чаму на падлогу кідаеш? — убачыла Стася.

— Добра, буду на столь!

Я паклаў семкі і павярнуўся да сцяны. Не, хопіць з мяне!.. Чым я вінаваты, што на свеце была такая Данута Янкоўская, што я закахаўся?

5

Праз некалькі мінут жонка апамяталася:

— Янка, і не сорамна табе так валяцца без работы?

— Вельмі. Вазьмуся за сон.

— Хлопцы, сцягніце з таты туфлі!

Ляжу і не звяртаю ўвагі на тое, што хлопцы робяць з маімі нагамі.

— Сцягнулі? Малайцы! Цяпер бяжыце на двор, пагуляйце сабе крыху!

Дзеці выбеглі, і яна паведаміла:

— Сёння выхавацелька расказала, што старэйшы прыходзіць у дзіцячы сад з засаджанай за пазуху рукой. Быццам яна ў яго зламаная...

Я ўсхапіўся з канапы і зарагатаў.

— О, ён яшчэ смяецца!

— А чаго ж не смяяцца? Фантазіі багата! Сам быў такі! Калісьці ў школе, каб стаць героем, выбіваў патыліцай дошкі ў ганку!

Жонка цяжка ўздыхнула. Затым без ніякага пераходу, з падазроным спакоем заявіла:

— Пасля вайны, Янка, ты яшчэ ні разу не быў у Вільні. З'ездзіў бы...

— Чаго там не бачыў?! — разгубіўся я.

— Не-е, ты з'ездзіш! Трэба, Ваня, каб тваё сумленне супакоілася. Ты павінен дакладна даведацца, што з Данусяй. Мо яна жыве яшчэ...

— Знайшла важнасць...

— Важна!.. Ды... хопіць, наслухалася я тваіх практыкаванняў у нямецкай мове — думаеш, дурная і глухая, нічога не бачу і не чую?!

Я нібы ў рот вады набраў.

— Добра! Ідзі да загадчыка аблана, папрасі водпуск на пару дзён, з'ездзі і высветлі ўсё. Горад жа ад нас недалёка.

— Пустое гаворыш...

— Я добра ведаю, ты хочаш гэтага, толькі хаваешся. Магчыма, Данута яшчэ жыве там! Няўжо, думаеш, я бусурманка?

— Тады чаго ж ты пілавала мяне цэлы дзень?

— Мужчына, вытрываеш! А перад кім яшчэ я магла выказаць свой настрой, перад вучнямі? Сынамі?.. На тое ты мне і муж!

Я прамаўчаў.

— Не мучай сябе, Ваня, едзь. Не ведаю, як цябе раней не выпх-нула ў Вільнюс. Але і цяпер не позна. Між іншым, дзецям што-небудзь купіш, хутка ж у школу старэйшаму...

Жонку апанавалі старыя крыўды. Але супроць таго, што цягнула мяне ў Вільнюс, мы абое былі бяссільныя.

Раздзел восьмы

1

Быў пачатак чэрвеня.

Поезд спыніўся, я вылез з вагона.

— Паднесці? — спытаўся насільшчык.

Не люблю, каб мне прыслужвалі. Го, цяпер і я тут нібы пан!..

Спускаючыся з перона ў тунель, я аж пакратаў рукой белыя кафлі на сцяне — знаёмыя, родныя. I ўцалелі ж у вайну!..

Наверсе я анямеў: замест цеснага і змрочнага будынка вакзала — гмах! — У агромністай зале з манументальнымі калонамі я адчуў сябе маленькім, кволым, старамодным.

1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 120
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)