Авантуры студыёзуса Вырвіча
- Автор: Рублевская Людмила И.
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Выдавецкі дом “Звязда”
- ISBN: 978-985-7083-16-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:
— Руку давай! — загарлаў Агалінскі і ўхапіў такі Паланэю за таненькую, але моцную ручку, якая толькі што згубіла мехавую рукавіцу, і пацягнуў да сябе…
— Пачайкаце, вашамосць! Трэба гэта забраць! — паненка адчайна рвалася назад — з вакна тырчэлі скрынкі, іх можна было яшчэ лёгка дастаць.
Доктар і студыёзус застылі каля берага, лішні цяжар на лёдзе адразу павялічваў трэшчыны.
— Паглядзі на мяне! — крыкнуў пан Агалінскі, не выпускаючы рукі панны. Паланэйка няўважна азірнулася на яго. — Кінь гэта ўсё! Выходзь за мяне замуж! Мы з’едзем у Амерыку!
Князёўна нервова засмяялася.
— Пан што, вар’ят?
— Выходзь за мяне замуж! Абвянчаемся сёння ж! — вочы пана Гервасія гарэлі ўпартым агнём. Паланэйка істэрычна закрычала-зарагатала:
— Вар’ят! Дакладна вар’ят! Пан забыўся — я нядаўна пасадзіла яго ў турму і абакрала! Я на вачах пана цалавалася з іншымі! Я атруціць магу! Ці пан хоча адпомсціцца?
— Нават калі ты ўсадзіш мне нож у сэрца, я толькі пацалую тваю руку! — пракрычаў пан Агалінскі, нібыта яны знаходзіліся на розных берагах. І прагучэла так — што немагчыма было не паверыць. — Слова гонару — я адмаўляюся ад твайго пасагу! Не вазьму ні пярсцёнка, ні ламанага граша! Хопіць з нас майго майна. Мне патрэбная толькі ты, такая, як ёсць, смелая, хітрая, адчайная, вясёлая! Табе спадабаецца ў Амерыцы! Там нікога не дзівіць высакародная дама, якая гойсае на конях і трапна страляе. З індзейцамі ваяваць станем!
Паланэйка ў адчаі азірнулася на карэту, якая амаль пагрузілася ў ваду.
— Пакінь! — уладна выгукнуў пан Гервасій. — Я адмаўляюся ад свае часткі здабычы — адмоўся і ты! Няхай нікому не дастанецца праклятае ангельскае чараўніцтва! Дзеля цябе я забудуся на даручэнне свайго пана — забудзься і ты на сваё! Ну!
Панна разгублена паглядала то на карэту — скрынкі былі яшчэ бачныя, яшчэ можна было дацягнуцца, то на пана Гервасія, чые ноздры раздзімаліся, як у шале бойкі, а ў вачах гарэў вясёлы адчай. Вада падпаўзала да самых боцікаў панны, як цёмная халодная смерць, вусны Паланэйкі дрыжэлі, і Пранціш ніколі не бачыў яе такой па-дзіцячы бездапаможнай…
— Ну, золатка маё! Рашайся! Ці табе зацуглянай жыць, хай тыя цуглі й залатыя? Ільвіцы патрэбны леў!
— Таксама мне леў знайшоўся ў беларускім лесе! — скрозь слёзы ўсміхнулася панна. — А не баішся — што й цябе, як Дзмітрыя Сангушку — дагоняць з радавітай нявестай, заб’юць?
Агалінскі страсянуў рудымі пасмамі.
— У Сангушкі была шлюбная ноч, глыток волі і каханне ў вачах ягонай адзінай жанчыны. Ты думаеш, мне гэтага мала, каб расплаціцца жыццём? І колькі б нам часу ні дасталося — мы не засумуем разам, мая панна. Ого, свет ходарам заходзіць!
Лёд пад нагамі затрашчаў, карэта адправілася вазіць дачок вадзянога караля, а панна Паланэя апынулася ў абдоймах пана Гервасія. Вырвіч дрыжачай рукой намацваў шаблю, але Лёднік рашуча прытрымаў яго. Два абліччы, злітыя ў шалёным, жарсным пацалунку, расплываліся ў вачах студыёзуса… А потым пан Агалінскі падсадзіў Паланэйку на каня. Ускочыў сам…
— Стой! — пракрычаў Пранціш, здушваючы адчай. — А вызваліць пані Саламею?
— У пана Баўтрамея Лёдніка ёсць на гэта ліст! — пракрычала панна Багінская. — Бывайце!
Пранціш глядзеў услед вершнікам… У яго не было моцы нават абурацца. Тая жарсць, тое каханне, якія раптам перад ім адкрыліся — абяззбройвалі ягоны гнеў. Ці змог бы ён так учыніць, як пан Гервасій? Ці было каханне Пранціша Вырвіча да панны Паланэі Багінскай гэткім жа ўсемагутным — калі даруецца ўсё? Гэткім жа… бескарыслівым? Пранцішу патрэбная была ўсё ж менавіта княжна Багінская, сястра прэтэндэнта на трон, бліскучая прыдворная дама і магнатка, сувязь з якой узвысіла б яго ў вачах мітуслівага свету, узняла б на вяршыні жыцця… Гэта быў ягоны асабісты прыз, ягоная Фартуна… А пан Гервасій нават пайшоў супраць волі князя Караля Радзівіла, якога абагаўляў, і гатовы страціць усё — абы з ім была адчайная кабета, жонка, сяброўка і каханка, якая зможа гойсаць з ім на конях па прэрыях, плысці праз акіяны, біцца, мірыцца, кахацца — піць жыццё нагбом, не скардзячыся і не скараючыся ніколі.
Вырвіч разумеў, што безнадзейна прайграў.
На плячо студыёзуса лягла рука доктара.