Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Меч князя Вячкі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Меч князя Вячкі

Электронная книга - «Меч князя Вячкі». Краткое содержание книги:

Прыгодніцкі раман Леаніда Дайнекі мае гістарычную аснову. Гэта — гераічная барацьба гараджан старажытнага Полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі.
Нягледзячы на тое, што падзеі рамана адбываюцца ў XIII стагоддзі, яго тэматыка вельмі актуальная.
Твор прасякнуты ідэяй аб неабходнасці яднання славянскіх народаў, а таксама іх бліжэйшых суседзяў-літоўцаў, латышоў, эстонцаў, для таго, каб процістаяць ворагам.
1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 74
Перейти на страницу:

— Хто ты?

Тэўтон глянуў на яго мутнымі вачамі, ціха адказаў:

— Граф Гадзескальк Пірмонт, божы пілігрым. Служу апостальскай царкве рыжскаму епіскапу Альберту фон Буксгеўдзену.

Галава ягоная ўпала на грудзі, у горле захрыпела, заскрыгатала, і ён сказаў нібы трызнячы:

— Недасяжная мара мужчыны — памерці там, дзе нарадзіўся.

— За што ты хацеў забіць мяне? Я князь гэтага горада, кароль па-вашаму.

— Ты не кароль. Ты каралёк. Кароль Уладзімір сядзіць у Полацку. Ты — бяльмо на воку нашай царквы, а ў царквы павінен быць зрок арла, бо толькі ёй дадзена ўбачыць будучыню гэтага краю.

Вячка прыжмурыў вочы, сціснуў зубы, падышоў да дыбы, на якой канаў Браціла.

— З-за чаго, мураль, адзеўся ў сабачую шкуру? Хлеба і мёду было мала? Адказвай, пёс.

— Блуд найшоў,— прастагнаў Браціла. Крывавымі вуснамі ён пачаў шаптаць: — Вожа, не пакінь мяне… Умацуй душу маю… Дай сілу…

— Ты памрэш, — сказаў яму Вячка. — Ты гэта ведаеш. Ачысці душу перад смерцю. Скажы, хто мінулым летам папярэдзіў тэўтонаў аб тым, што князь Уладзімір пойдзе на Рыгу? Хто?

Кат павольна пачаў выцягваць з печачкі распаленую вострую спіцу. Браціла глянуў на ката, на гэтую спіцу. Ён успомніў пальцы маці, пяшчотныя пальцы. Калі, зусім маленькі, ён прачынаўся, мяккія матчыны пальцы гладзілі яму шчокі. Уся ягоная знясіленая плоць затрапяталася перад новай пакутай, ён кожнай клетачкай цела адчуў, што дасягнуў мяжы, пасля якой не вытрымае, лопне, як гліняны гаршчок, сэрца. Ён глуха выдыхнуў:

— Баярын Доўбня з Полацка.

— Здыміце мураля з дыбы, — загадаў Вячка. — Хай ноччу дзяк паспавядае яго. Хутка мураль памрэ.

Каты замітусіліся, пачалі зматваць, скручваць, як павукі павуціну, свае смяротныя снасці.

— Што будзем рабіць з тэўтонам? — запытаўся ў Вячкі Халадок.

Пры гэтых словах граф Пірмонт устрапянуўся, расплюшчыў вочы і нечакана для ўсіх засмяяўся. Але гэта не быў смех вар'ята, калі душа ад страху ці ад болю збіваецца са светлай сцежкі. Тэўтон смяяўся весела, шырока, і вочы ззялі розумам і нязломнай сілай. Каты і Халадок разгублена глядзелі на Вячку.

— Смяешся? — прыкусіў губу Вячка. — Няўжо табе, граф, весела паміраць? Няўжо не хочаш дажыць да старасці, да белага воласу і чорнага зуба?

Тэўтон з пагардай зірнуў на маладога князя. Потым прыўзняўся, сеў на скрываўленай саломе, сасчапіўшы на каленях загарэлыя моцныя рукі.

— Я не баюся смерці,— цвёрда сказаў Пірмонт. — Забі мяне, каб я хутчэй стаў перад божым прастолам. Забі мяне, брудны палахлівы каралёк.

Ён зноў засмяяўся.

— І я не баюся болю. Я плюю на тваіх крывавых шкурадзёраў. Я з ордэна «Братоў рыцарства Хрыстовага». На сваім белым плашчы пад вышываным чырвоным крыжам я нашу чырвоны меч.

— Мечаносец, значыць? — з нянавісцю глянуў на тэўтона Халадок.

— Мечаносец. Я валодаю мячом так, як ты не валодаеш сваёй бруднай лыжкай, сёрбаючы свінячую пахлёбку.

— Князь, дазволь, і я адсяку яму галаву, — пацямнеў у твары, умольна глянуў на Вячку Халадок.

Але Вячка маўчаў. Нешта стрымлівала яго. За сваё нядоўгае суровае жыццё ён пакрысе навучыўся сцішваць свой гнеў. Так моцнай цвёрдай рукой на ўсім скаку спыняюць гарачага баявога каня, стальнымі цуглямі разрываючы яму губы. Вячка слухаў пахвальбу тэўтона і маўчаў.

_ Палахлівыя чэрві,— пляваўся крывавай слінай Пірмонт.

— Князь, дазволь, — прасіў Халадок, павольна выцягваючы з похваў меч.

— Я трапіў у пастку. Я прайграў не ў рыцарскім паядынку, не ў чыстым полі, а ў падземнай мышалоўцы, — не спыняўся тэўтон. — Мне не пашанцавала. Але я памру як герой і атрымаю нябесныя вянцы ад Хрыста.

— Твой лёс у тваіх руках, — з халоднай усмешкай сказаў нарэшце Вячка. — Калі ты не пустабрэх, калі ты адважны вой, калі ў тваіх жылах чырвоная кроў, а не тухлая балотная вада, праз тры дні я скрыжую з табой меч і кап'ё. Мы сыдземся з табой у паядынку. Хто каго стопча канём, выб'е з сядла, таго й верх. Так сказаў я, князь Кукейноса. Маліся свайму лацінскаму богу, тэўтон.

Вячка ўдарыў даланёй па рукаяці свайго мяча, упарта, як перад скачком, нахіліў галаву і, ні на кога не глянуўшы, імкліва выйшаў з катавальні.

III

Ранішняе сонца нясмела ўставала над зямлёй, наколвалася на зубцы зарэчнага лесу. Першыя яго промні ўпалі на званіцу праваслаўнай царквы, потым на княжацкі церам. Асмялеўшы, набраўшыся моцы, пачалі гуляць на вузкіх вулках Кукейноса. Шматгалосы і бадзёры прачынаўся горад. У дружыннай кузні звонка ляскаталі цяжкія малаткі. З дзвінскага берага, дзе густа стаялі купецкія стругі, чуліся галасы арцельшчыкаў, рыпелі дошкі сходняў, па якіх паўголыя загарэлыя грузчыкі насілі велізарныя шэра-жоўтыя камяні воску, кіпы звярыных шкур, крыцы сырадутнага жалеза, амфары з заморскім віном, лубяныя кашалі са свежай рыбай, зернем, соллю. Апусцілі пад'ёмны мост, і пастухі пагналі на пашу кароў, свіней, коз і авечак. Дробны стукат капытоў, гром нашыйных званочкаў на нейкі міг заглушыў усе астатнія ранішнія галасы і гукі. Рамеснікі раздзімалі свае горны, безліч дымкоў заструменілася ў блакітнае бяздоннае неба, смачна запахла свежым хлебам. Бегалі на падворках, смяяліся і крычалі дзеці. Паныла спявалі жабракі, калікі вандроўныя. Суседкі снавалі да суседак, бо заўсёды цікава ведаць, што варыцца ў чужым гаршку. Баярскія дочкі, уздыхаючы аб жаніхах, цярпліва ўмошчваліся за верацёны, праселкі ў якіх былі з прыгожага ружовага шыферу.

У гэты час князь Вячка садзіўся на свайго баявога каня Печанега. Смольна-чорны з рудоцінкай конь сярдзіта грыз цуглі. Пунсовае сонца глянула на княжацкі двор, і медныя сполахі пабеглі па гладкай конскай спіне. Продкаў Печанега прыгналі ў свае табуны полацкія князі, калі разам з усімі рускімі князямі хадзілі ў паўдзённыя стэпы ваяваць бязбожных торкаў.

На Вячку ззяла кальчуга, сплеценая з тоўстых кляпаных колцаў. Пад кальчугу ён апрануў сінюю пакаленную кашулю. На галаве ў яго быў высокі жалезны шалом з наноснікам, з выразамі для вачэй, з кальчужнай сеткай-барміцай, якая ахоўвала шыю і плечы. У левай руцэ князь трымаў ярка-чырвоны шчыт з выявай святога Георгія, заступніка палачан. Шчыт быў не круглы, а міндалепадобны, са зрэзаным верхам. Ён прыкрываў князя ад падбародка да калена. На ногі князь нацягнуў кальчужныя панчохі і вастраносыя боты з цвёрдай туравай скуры са шпорамі-шыпамі. У правай руцэ Вячка сціскаў кап'ё з чатырохгранным бранябойным лязом. Кап'ё — зброя першага ўдару, і Вячка, як і ўсе палачане, добра валодаў ім. На поясе ў князя вісеў доўгі прамы меч у прыгожых інкруставаных жоўтым металам похвах. Гэтым мячом можна і секчы, і праколваць, прабіваць, пранізваць наборныя даспехі, якія апошнім часам замест кальчуг пачалі апранаць у сечу тэўтонскія латнікі.

Вячка ўскочыў у высокае сядло і адчуў, як наспружыніўся, затанцаваў пад ім Печанег. Добрая прыкмета, калі танцуе, ірвецца ў сечу баявы конь. Конскі крыж быў старанна прыкрыты цвёрдай скураной апонай-лічынай, на грудзях і на шыі ў каня звінелі рознакаляровыя металічныя бляхі.

Рысталішча, месца для паядынку, было выбрана на двары княжацкага церама. Вячка бачыў мышыную мітусню слуг, строгія твары сваіх вояў, густыя калматыя бароды баяр і просталюдзінаў.

Насупраць Вячкі, на другім канцы двара, нецярпліва прыўзнімаўся ў сядле граф Гадзескальк Пірмонт. Жыццё зноў свяціла тэўтону ўсімі сваімі зоркамі. Ён не сумняваўся ў сваёй перамозе над гэтым тубыльцам. Бацька ягоны, граф Годфрыд, з'еў у дзяцінстве воўчае сэрца, уліў у кроў сваіх патомкаў сілу, хітрасць і жорсткасць. «З мячом я гуляў яшчэ ў калысцы», — горда думаў малады тэўтон, і ярасць бушавала ў ім, як грымучая майская навальніца над Рэйнам. Яму вярнулі ягоны меч, верны востры меч, на клінку якога крыху ніжэй рукаяці былі выбіты майстрам-збройнікам два магічныя словы: «Пі кроў».

Чым не рыцарскі турнір чакае яго? Ёсць праціўнік, ёсць стрэмя пад нагой, ёсць меч у руцэ, ёсць гледачы — яны шумяць, хвалююцца, як шэрае неспакойнае мора. (Чаму ўвесь гэты народ так смярдзіць кіслай аўчынай, кажухом?) Ёсць нават гарольд, юны, зусім хлапчук. Вось-вось ён затрубіць у паляўнічы рог, дасць сігнал. Няма толькі Дамы сэрца. Няма той, да чыіх пяшчотных ножак кладуць салодкі груз перамогі. Хутчэй жа, хутчэй трубі, гарольд! У рай ідуць па лязу мяча.

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 74
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)