Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Маці Ветру
Маці Ветру - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Маці Ветру

Электронная книга - «Маці Ветру». Краткое содержание книги:

Прадавалася Радзіма. Яна прадавалася з беднаю сваёю зямлёй, са старажытнымі пушчамі, з блакітным крышталем рэк і квітнеючымі лугамі, з вадою і небам, замкамі і халупамі, з матчынай ласкай і ўсмешкай дзіцяці, з мудрымі дзядамі і пяшчотнымі дзяўчатамі, з камянямі старажытных будынкаў, з крывавай гісторыяй народа, з яго сучасным і будучым, з яго воляй. Прадавалася Радзіма. Яна прадавалася цалкам і ўразбіўку, за грошы і напавер. Прадавалася кожным, хто не ленаваўся, і кожнаму, хто пажадаў бы крывадушнаму другу і крыважэрнаму ворагу. Даражэй прадаваліся правы феадалаў на ўладу, танней — вера і зусім танна — чыстая, як золата, беларуская мова. Было кепска. Толькі што адгрымела паўстанне Усця і іншых вёсак на Дняпры і на Сожы. Паслугачы Радзівіла з перапуду сунулі татарам (аднекуль з-пад Мінска) грошы і разам з імі ўзяліся душыць людзей Рыпячага Кола. Адсячэнне галавы і калесаванне зрабіліся звычайнаю справаю, і маўчанне было глыбокім, а падзенне нізкім. Трупы галоты былі ўсюды: на шыбеніцах, на дне сажалак, у каменных мяшках. І кожан баяўся сказаць слова. І ўсё ж такі ўладары калаціліся ноччу, і холад ахапляў іхнія душы, калі ім здавалася, што недзе рыпяць колы мужыцкіх вазоў. А пад зямлёю, што піла ў апошнія часы не дажджы, а кроў страчаных, нешта рухалася і імкнулася прабіцца на свет і пакуль што толькі шарудзела. Гэта рос Гнеў.
1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12
Перейти на страницу:

Вецер пацалаваў зямлю ля ног маці:

— Я не дакрануся рукою да сябра, толькі яна будзе даваць мне корд і каня. Бывай, матулька. Дзякуй табе за ўсё.

Маці ўладна (Вецер не пратэставаў, ён ведаў — так трэба) абхапіла яго галаву, прыцягнула яго да сябе і пацалавала сына ў пакуль што чысты белы высокі лоб, аддала апошні пацалунак яму, які ішоў на крыж. Яна не енчыла над ім, як тая, іншая, яна стаяла проста і горда, бяздоннае сэрца, вялікая беларуская маці.

І пакуль дзве постаці на конях не зніклі ў пушчы, яна глядзела ім услед, быццам жадала назаўсёды зберагчы ў параненым да смерці сэрцы стройную постаць сына, доўгае залацістае валоссе яго і маленькую фігурку, што ехала поруч з ім на белым коніку, паклаўшы белую ручку на яго плячо.

_____________

Дык вось якія справы чыніліся дзвесце год таму на зямлі беларускай. Чатыры гады трымалася паўстанне Вашчылы ў старастве Крычаўскім, якое Крывавы Падчашы аблыжна называў “сваім”. І вялікай славы дасталі не паны, не рыцары, а журботныя цені крычаўскага майстра, мілаславіцкага мешчаніна і хацімскага гандляра воскам, селяніна і ваяводы.

Чатыры гады грымела паўстанне, на ўсіх шляхах віліся зялёныя і залатыя сцягі, сялянскія загоны з віламі і косамі з ровам валілі на бледных шляхецкіх ваякаў, і падалі брамы замкаў, і мужык, як гаспадар, уваходзіў у пакоі, дзе раней бываў яго бацька толькі ў ланцугах.

Яны біліся за волю, і заўсёды наперадзе ляцеў на вараным кані чалавек, які нікому не паціскаў рукі, а за ім імчалася маленькая фігурка ў белым плашчы і бліскучым шаломе. І яны секлі, не ведаючы страху смерці, і людзі імкнуліся за імі як на крыллях, лавінаю, быццам сам Белы Коннік павярнуў зброю супраць паноў і скакаў наперадзе на ворага.

П’яны быў пір. Секлі ў капусту, і мячы іхнія не ведалі літасці, і іншую кроў упершыню павінна была піць зямля. Але кулі і шаблі і шыбні літавалі іх, аж пакуль у страшнай бойцы на старым магілёўскім гасцінцы не загінула Агата ад жараб’ёвай насечанай кулі нейкага шляхціца. Вецер зрабіў з яго чатырох раней, чым той паспеў вырачыць ад смяротнага жаху вочы.

Вылі над ёю жанчыны, і чорны камень лёг на яе белае цела. Але Вецер амаль не плакаў, ён не паспеў яшчэ дасхочу напаіць крывёю свой корд.

І ворагі баяліся яго.

Але ўрэшце ўсё было скончана. Я калі-небудзь яшчэ паспею распавесці, як Геранім Радзівіл паслаў на маленькі мяцежны Крычаў гусараў, драгунаў, іншаземцаў, а потым з’явіўся і сам, як паставілі вакол Крычава варту, як палкоўнік Пястрыцкі (няхай давеку кіпіць у смале яго чорнае сэрца) гатаваўся душыць сваю зямлю, як Вашчыла клікнуў паспалітае рушэнне, як разагналі сялян гарматаю і дробнай куляю, як паўсюль на полі крыві ляжалі белыя фігуры абаронцаў волі.

Я раскажу калі-небудзь і пра тое, як блаславіў забойц біскуп магілёўскі Валчанскі (ганьба табе, царква Хрыстова!), як залілі крывёю няшчасны Крычаў і набатны звон папіхалі нагамі сабакі Падчашага, як на пáлях сядзелі лепшыя людзі нашай зямлі, як вешалі на прэнг і вешалі за рэбры на гакі і на шыбеніцы, як марылі людзей у смуродных псарнях, як трэскі, намочаныя ў серку, забівалі за пазногці і падпальвалі і як ад таго счыніўся вялікі мяцеж не толькі ў Крычаўскім старастве, але паўсюль.

Але зараз я не магу. Ламаецца пяро ў руках, і кроў, якою пісана гэта, не прасушыш ніякім пяском.

І было гэта на працягу ўсяго студзеня і ўсяго тыдня сырапуснага і далей, пакуль не сплылі мы крывёю. Помсцілі крывёю. Помсцілі крычаўлянам за тое, што дзвесце год таму абламаў Жыкгімонт рогі князю Васілю Жылінскаму, і за жах свой помсцілі і за баягузства сваё перад імі. І за бязмежную мужнасць іхнюю помсцілі жорстка.

Сапраўды, нязмерная мера пакут тваіх, люд беларускі!

Схоплены быў і Вецер у той час, як ён ратаваў Вашчылу. Давяловя яму выпіць да донца кубак смяротных пакут. Допыты вяліся ўдзень і ўначы, але ён маўчаў і толькі карыстаўся кожнай нагодаю, каб дакрануцца да рукі ўсіх членаў “доказнай інквізіцыі”. Ахвотна таксама ён цалаваў рукі тром прэсвітэрам, хоць ад споведзі адмовіўся, і кранаў ката і Пястрыцкага і шмат яшчэ каго. Лоб ягоны быў яшчэ чысты.

І ён маўчаў і смяяўся ў вочы тым, што садзілі яго ў студню і ў комін, і спяваў на прэнгу здзеклівыя песні. Ніводнага стогну, ніводнай слязы.

Іншыя трымалі сябе на допытах таксама горда. Карпач грубымі жартамі даводзіў інквізітараў да істэрыкі, быццам гэта былі жанчыны. А засожскі растрыга-поп Малькевіч папрасіў размяць рукі перад смерцю і страшэнным ударам убіў нос пасланцу намесніка магілёўскай катэдры.

І душыцелі дабівалі людзей Вашчылы, і зноў было цяжка, і палалі ўначы хаты.

1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)