Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Сказки народов мира » Беларускiя народныя казкi
Беларускiя народныя казкi - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Беларускiя народныя казкi

Электронная книга - «Беларускiя народныя казкi». Краткое содержание книги:

Беларускiя народныя казкi
1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 31
Перейти на страницу:

Жыве Лыска прыпяваючы. А празь месяц зрабіўся такі тлусты, аж шэрсьць блішчыць. І пра дагавор з ваўком забыўся.

Вось аднойчы сабраліся ў гаспадара госьці. П'юць, гуляюць, песьні сьпяваюць. Нямала тут і Лыску перапала — цэлую кучу касьцей пад стол яму накідалі.

Наеўся Лыска ды выйшаў на двор — у сваю будку. Глядзіць — аж у будцы воўк чакае яго.

— Чаго ты тут? — зьдзівіўся сабака.

— Па цябе прыйшоў, — адказвае воўк. — Памятаеш наш дагавор з табою?

Спалохаўся сабака — ня хочацца яму на воўчыя зубы трапляць. Вось ён і кажа:

— Ня еш ты мяне, воўк. Я цябе за гэта добра пачастую самаю смачнаю ядою.

— Адкуль-жа ты возьмеш?

— У майго гаспадара госьці. Там пад сталом поўна касьцей — навет зь мясам. Хадзем!

— Баюся. Яшчэ заб'юць мяне там.

— Ня бойся, не заб'юць, — угаворвае сабака. — Я цябе правяду так, што ніхто і ня ўбачыць.

Згадзіўся воўк і пайшоў за сабакам.

Лыска пакінуў яго ў сенцах, сам убег у хату, махнуў хвастом і патушыў лучыну.

— Цяпер бяжы пад стол, — паклікаў ён ваўка. Воўк так і зрабіў.

Сабака накарміў ваўка, навет віном напаіў. Сядзяць яны сабе пад сталом ды зюкаюць паціху.

А тым часам госьці засьпявалі вясёлыя песьні.

Воўк слухаў, слухаў, ды кажа сабаку:

— Мне таксама сьпяваць хочацца.

— Маўчы лепш, — адказвае сабака.

Воўк памаўчаў крыху ды зноў за сваё:

— Ня вытрымаю, — кажа, — аж язык сьвярбіць, гэтак сьпяваць захацелася.

І зацягнуў на ўсю хату басам:

— Ау-ау!

А сабака таксама ня вытрымаў ды давай падпяваць яму:

— Гаў, гаў! Цяў, цяў!..

Пачулі гэта госьці, ухапілі хто качаргу, хто чапялу, набілі ваўка і выкінулі яго з хаты разам з сабакам.

Ачухаўся воўк і кажа сабаку:

— Ну і накарміў-жа ты мяне! Я табе не дарую гэтага.

— Сам вінаваты, — кажа сабака. — Трэба было маўчаць.

— Не, — не згаджаецца воўк, — гэта ты вінаваты. Навошта ты завёў мяне ў хату?

Спрачаліся яны, спрачаліся, нарэшце воўк кажа:

— Калі так, давай будзем ваяваць: хто каго зваюе, той таго і зьесьць. Зьбірай сваё войска і прыходзь да мяне ў лес.

— Што-ж, — кажа сабака, — няхай будзе так.

Назаўтра ўзяў ён барана, ката і пеўня сабе ў памочнікі ды пайшоў на вайну з ваўком.

А воўк запрасіў да сябе ў ваякі мядзьведзя, дзіка і зайца. Сабраў ён сваё войска, выйшаў на ўскраек лесу і чакае.

— Палезь ты, Міхайла, — кажа ён да мядзьведзя, — на елку ды паглядзі, ці ня ідзе сабака із сваім войскам.

Мядзьведзь узьлез на елку, прыгледзеўся і кажа:

— Ідзе!

— Ну, дык злазь! — кліча воўк. — Будзем ваяваць.

— Не, ня зьлезу, — адказвае мядзьведзь.

— Чаму?

— Страшна.

— Што-ж там за войска такое, што ты гэтак спужаўся? — пытаецца воўк.

— Такое войска, што я ніколі і ня бачыў, — адказвае мядзьведзь калоцячыся. — Адзін ваяка тоўсты і калматы, зь віламі ідзе; другі — грозны, вусаты, ззаду піку нясе; трэйці — у шапачцы чырвонай, із шпорамі на нагах, шабляю махае… Першы ідзе, галавою трасе ды ўсё крычыць: «Бэ! Я ўсіх пакалю, на вілы пасаджу!» Другі сярдзіта чмыша, па бакох азіраецца і ўсё мармыча: «Мне, мне іх давай!» А трэйці, ганарысты такі, крычыць: «Куды, куды ісьці! Я адзін усіх паб'ю!».

Дзік пачуў гэта ды хутчэй у мох па самыя вушы зашыўся. А воўк бачыць, што не пасьпее схавацца, — стаў на заднія лапы і стаіць. «Хавайся за мяне, — кажа ён пералалоханаму зайцу. — Яны падумаюць, што я — пень, і абмінуць нас».

Прыходзіць сабака із сваім войскам, бачыць — нідзе нікога няма.

Тут якраз барану рогі засьвярбелі. Глядзіць ён — побач нейкі пень стаіць. Разагнаўся баран ды — трах! — рагамі ў пень. У ваўка ад гэтага і галава раскалолася. Паваліўся ён дагары ды ногі выцягнуў. Заяц выскачыў з-пад ваўка, але сабака згледзеў яго і адразу злавіў.

Дзіку ў гэты час, як на бяду, села муха на вуха. Паварушыў ён вухам, каб сагнаць яе, а кот падумаў, што там мыш. Кінуўся туды ды давай мох разграбаць. Так і дзярэ дзіка вострымі кіпцюрамі! Цярпеў, цярпеў, дзік, а потым усхапіўся ды наўцёкі…

Певень напужаўся дзіка, залопаў крыльлямі, узьляцеў на елку і нарабіў крыку:

— Куды, куды?

Мядзьведзь падумаў, што гэты самы грозны ваяка да яго дабіраецца, і залез із страху аж на верхні сук. Сук ня вытрымаў, зламаўся, мядзьведзь грукнуўся вобземлю і забіўся.

З таго часу больш і не сябруюць сабака з ваўком.

Кот Максім

Жылі дзед і баба. Мелі яны сына і ката. Сына звалі Марцінам, а ката — Максімам.

Памерлі дзед і баба. Застаўся Марцін з катом Максімам.

Марцін гультай быў вялікі, усё на печы ляжаў, а кот яду яму насіў: то птушку дзе зловіць, то каўбасу ці сала ў суседзяў украдзе…

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 31
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)