Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў
- Автор: Лынькоў Міхал Ціханавіч
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- Жанр: Детская проза
Электронная книга - «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў». Краткое содержание книги:
Гэта твор аб дружбе медзведзяня, казла і сабакі, якія ў дні грамадзянскай вайны разам з чырвонаармейцамі ўдзельнічаюць у баявых паходах, падбадзёрваюць байцоў дасціпнымі выхадкамі, здзяйсняюць фантастычныя подзвігі.
Сябры-байцы, з якімі служыў М. Лынькоў ў гады грамадзянскай вайны, мелі сваіх улюбёнцаў-жывёл. Пра гэта і распавёў пісьменнік у сваёй аповесці Пра смелага ваякі Мішку і яго слаўных таварышаў.
І прыступілі да справы.
Але тут аказаліся сякія-такія цяжкасці. Калі Мішка даволі абыякава прымаў пастанову аб яго амуніцыі, дык калі справа падышла да яе практычнага вырашэння, Мішка стаў на дыбкі. І тут усе ўбачылі, што Мішка, які меў вялікі спрыт да ежы, нічога не разумеў у адзежы і выступіў супраць яе досыць сурова.
Спачатку ўсё ішло ціха і мірна. Мішка дужа ўпіраўся, соп, крактаў, касавурыў вокам, нават намагаўся на спіну легчы, калі некалькі чырвонаармейцаў прыводзілі яго да баявога выгляду, нацягвалі мундзір і штаны. Нават спрабаваў кусацца, калі пачалі чобаты нацягваць, але, атрымаўшы злёгку па загрыўку, артыст супакоіўся і даўся, каб прывязаць шаблю і прымацаваць шапку. Выгляд у Мішкі быў сапраўды важнецкі - мундзір блішчаў, лампасы блішчалі, а раззлаваны Мішка грозна і сурова пазіраў навокал.
Прыняўшы гэта за надругу над сваёй асобай, Мішка кінуў такі ўзлаваны позірк, што Барадаты, які стаяў побач, сігануў маланкай у кусты, ды і Жук палічыў за лепшае адысціся ад яго падалей. І тут пачалося прадстаўленне, якога яшчэ ніколі не бачылі чырвонаармейцы. Мішка панюхаў лампасы, учапіўся ў іх зубамі і ў адзін міг сарваў іх, як тое лыка з дрэва. Адны чырвонаармейцы ахнулі ад такой неспадзяванай надругі над галіфэ, а другія кінуліся ў рогат, падбадзёрвалі Мішку:
- Так, Мішутка, так! Руйнуй панскую форму!..
Але Мішка нічога не слухаў і, доўга не думаючы, стаў на галаву ды пачаў так старанна дрыгаць заднімі нагамі, што чобаты адзін за адным са свістам пранесліся ў паветры і адзін трапіў на елку, другі - у балота. Дайшла чарга і да штаноў. І праз які міг адна калашына ляцела ў адзін бок, другая - у другі.
Тут ужо некаторыя аж узлаваліся - асабліва ж капцёр, які дужа шкадаваў штаны, бо яны яму вельмі і вельмі падабаліся. Той аж крык падняў:
- Што ты робіш, гад? Гэткую адзежыну сапсуў!
А Мішка тым часам падняўся, стаў на заднія ногі, анучы атрос, скінуў шаблю, бразнуўшы ёю аб хвойку, і з пакрыўджаным выглядам пайшоў панура ў бок ад народу. На ім застаўся адзін толькі мундзір, мундзір без штаноў. Супраць мундзіра Мішка чамусьці нічога не меў, магчыма, таму, што мундзір гэты не замінаў яму асабліва ў хадзьбе. І колькі ні намагаліся потым хлопцы ўладзіць справу з Мішкавымі штанамі, нічога не выходзіла. Чаго, чаго не рабіў ён з імі, з гэтай адзежынай. Тапіў у балоце, хаваў пад корч, і калі намагаліся хлопцы ў чацвёрты раз апрануць артыста, ён зноў урачыста іх скінуў, разадраўшы на дзве палавіны. Але на гэты раз ён не стаў ні хаваць іх, ні тапіць у балоце. З самым суровым выглядам палез Мішка, трымаючы адзежыну ў зубах, на самую высокую хвойку і, прымасціўшыся на самым высокім суку, канчаткова і беспаваротна расправіўся з ненавіснай адзежынай. Парваў штаны на дробныя мэтлухі і, урачыста скінуўшы іх з дрэва, злез і маўкліва прыступіў да выканання сваіх чарговых артыстычных абавязкаў.
- Гм... З характарам Мішка! - пачціва адазваліся аб ім чырвонаармейцы і больш не прыставалі з амуніцыяй.
Так і хадзіў Мішка ў мундзіры без штаноў, без ботаў, без шапкі. Праўда, і мундзір хутка стаў падобны на адну толькі відзімасць, бо ад частага лазання па дрэвах ад мундзіра засталіся адны толькі лапікі. Але Мішка не прыдаваў гэтаму асаблівага значэння, маючы ад прыроды нахіл да прастаты і скромнасці. Так закончыліся ўсе спробы абмундзіраваць Мішку.
Полк ішоў усё далей і далей. Некаторымі днямі праходзілі больш чым па паўсотні вёрст. Белапалякі адступалі. Часам завязваліся ўпартыя баі, і тады Мішкаў абоз адпачываў. Там пакідалі Мішку з яго артыстамі. Мішка хадзіў з сваімі таварышамі без справы, сумаваў - не было каго весяліць. Якая там, скажам, весялосць з капцёрамі ды з абознікамі. І хадзіў Мішка сам не свой, агрызаўся на Барадатага, намагаўся без дай прычыны Жука пакрыўдзіць і ўсё стараўся наступіць яму лапай на хвост, каб хоць чым-небудзь выказаць сваё нездавальненне. Чырвонаармейцы бачылі такі паганы настрой Мішкі і прымалі меры, каб развесяліць артыста.
- Чаго яму ў абозе ацірацца? З яго баец хоць куды, няйначай прыйдзецца стральбе навучыць...
І пачалі вучыць.
Праўда, справа не клеілася на лад. І калі Мішка яшчэ з поспехам і нават з захапленнем выконваў некаторыя нумары з вінтоўкай: браў на каравул, да нагі, на рамень, на ізгатоўку, - дык калі справа дайшла да стральбы, тут Мішка выказаў самы рашучы пратэст. Не толькі што самому страляць - аб гэтым не магло быць і гаворкі, - але нават і гуку стрэлу Мішка не мог пераносіць. І калі пальнулі пры ім з вінтоўкі, Мішка як дуж кінуўся з усіх ног наўцёкі і зашыўся ў стог саломы, што стаяў каля дарогі. Адны толькі заднія ногі тырчалі з саломы, ды дрыжаў з перапуду Мішкаў куртаты хвосцік. Насілу выцягнулі Мішку са стога за ногі.