Як стаць беларусам. Сто гісторый
- Автор: Квяткоўскі Севярын
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Выдавецкі дом Логвінаў
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Як стаць беларусам. Сто гісторый». Краткое содержание книги:
Мае бацькі заўсёды імкнуліся вярнуцца на радзіму. Бывала, маці, быццам без дай прычыны, але возьме ды запытае мяне, ці ганаруся я тым, што я беларус? Мабыць, якраз у гэтыя моманты яна моцна сумавала па радзіме.
Дакладна магу сказаць, што ў сярэдзіне 90-х мяне ўжо непакоіў стан беларускай мовы ў грамадстве, і таму я адчуваў глыбокую нацыянальную абразу ад змены дзяржаўнай сімволікі.
Прасвятленне было не раптоўнае: пачыналася ўсё з часопіса «Беларуская мінуўшчына», які на самым пачатку 1994 года чытаў па складах і, можа, нават дзеля прыколу. Гэта як упершыню па-польску чытаць. Быццам зразумела ўсё, толькі ну надта складана. Але зацягнула як магнэсам…
А чытаць пачаў пасля спрэчкі з сябрам, які не мог мне давесці, што ў Беларусі ёсць свая гісторыя, а я якраз хацеў гэтых доказаў. Сам сябар ніякіх «мінуўшчынаў» не чытаў. Яму хапіла ўрокаў гісторыі ў Пячанскай сярэдняй школе. Ён нічога толкам не ведаў, але быў перакананы, што ў Беларусі ўсё сваё было і ёсць. Мяне цяжка было пераканаць без аргументаў, да таго ж я досыць моцна быў абазнаны якраз у імперскай расейскай гісторыі. Вось таму і набыў часопіс па беларускай гісторыі, першы, які патрапіў на вочы. Мабыць, тады і адбылася канчатковая рэвалюцыя ў маёй свядомасці. Я хутка зрабіўся моўным радыкалам — паўсюль і заўжды размаўляў толькі па-беларуску. Сёння стаў спакайнейшы.
Як патлумачыць суайчыннікам, навошта ім нацыянальнасць? Якая ім практычная карысць?
Пытанні няпростыя. Заклінаннямі любіць мову, шанаваць продкаў і слаўную гісторыю не дапаможаш. Заклінаць можна ў дзіцячых садках, а з дарослымі людзьмі такія рэчы не пройдуць.
Адкрываючы ў сабе беларуса, я перажыў незабыўнае адчуванне — гэта як выйсці з пакоя з штучным святлом у яркі дзень на вуліцу ці як адкрыць новую планету. Хіба дрэнна быць першаадкрывальнікам?
Вольга Рудніцкая: Кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая
— Тое, што я люблю Беларусь і што мне не ўсё роўна, што з ёй адбываецца, я зразумела ў школе. Гэта быў цудоўны час адраджэння, калі толькі пачыналі выходзіць нацыянальныя падручнікі па гісторыі, калі мы вышуквалі ў новых часопісах і кніжках дадатковыя матэрыялы пра Гедыміна, Стэфана Баторыя, Бону Сфорца, Льва Сапегу. Гэтыя імёны зачароўвалі, рабіліся асновай тваёй свядомасці, твайго гонару і нават твайго штодзённага існавання.
Шмат у чым на такое стаўленне да гісторыі і на свядомае адчуванне сябе беларускай паўплываў бацька. У яго была моцная нацыянальная самасвядомасць. Таксама ён вучыў, што варта шукаць праўду.
А яшчэ ў нас была цудоўная настаўніца па гісторыі. Мы ведалі пра гісторыю Беларусі ўсё. Менавіта дзякуючы ёй словы «нацыянальная самасвядомасць» сталі аднымі з самых галоўных у маім жыцці. Ды і роднае Маладзечна заўсёды было горадам, у якім моцна адчуваўся дух свабоды і патрыятызму.
Пасля часта падарожнічала, шмат у якіх краінах атрымалася пабываць. Пабачыўшы свет, яшчэ больш запэўнілася, што кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая, і варта ганарыцца тым, што маеш. І мова нашая сапраўды, як казаў Багушэвіч, такая ж людская і панская, як французская, нямецкая ці іншая якая.
Аляксей Валабуеў: На мяне паўплывала пачуццё справядлівасці
— Я вучыўся ў школе па «бел-чырвона-белых» падручніках. Але пасля школы ўвогуле не цікавіўся беларушчынай. Не магу сказаць, што на маё вяртанне ў «бел-чырвона-белы» свет паўплывалі нейкія палітычныя падзеі. Калі казаць папросту, дык нельга было трываць далей несправядлівасць. А «Белоруссия» — гэта несправядлівасць.
На жаль, я не размаўляю ўвесь час па-беларуску. Гэта звязана і з працай, і са старымі знаёмствамі. Комплекс яшчэ да канца не пераадолены:) А моўны комплекс, бадай, самы цяжкі. Ён вымагае ці не найбольшых высілкаў, каб ад яго вызваліцца.
Зрэшты, мова — гэта яшчэ далёка не ўся беларушчына. Натуральна, тут я маю на ўвазе архітэктуру, музыку, жывапіс, скульптуру і шмат чаго яшчэ.
Я не магу сказаць, што асяродак свядомых беларусаў — гэта проста клуб па інтарэсах. Гэта як паралельны свет, які, што праўда, усё часцей перасякаецца са сваёй паралеллю.
Іван Осіпаў: Я знайшоў адабранае
— Я нарадзіўся ў 1985 годзе ў Гомелі, але вырас ў вёсцы Абакумы. У дванаццаць год пачаў захапляцца гісторыяй, археалогіяй. Дарэчы, у школцы беларуская літаратура і мова мне падабаліся больш за расейскую літаратуру і мову. Калі меў пятнаццаць год, у Абакумы прыехалі археолагі і я пайшоў да іх памочнікам. Аднойчы яны пачалі мяне распытваць, што я ведаю не толькі пра блізкія, але і пра аддаленыя ад нас мясціны? Менавіта тады я неяк у адзін момант адчуў, як моцна звязаны з маёй вёскай ды яе наваколлем. І з гэтага адразу заняўся краязнаўствам.