Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Свежая рыба - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Свежая рыба

Электронная книга - «Свежая рыба». Краткое содержание книги:

Падрыхтаванае на падставе: Аляксей Карпюк, Свежая рыба. Аповесці і апавяданні, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1978.
Кнігу складаюць дзве аповесці, апавяданні і вялікі цыкл нявыдуманых гісторый. Аповесць «Свежая рыба» — пра сённяшні дзень нашых людзей, сям'ю настаўніцы і вучонага, пра іх працу і клопаты. Аповесць «Па кветку шчасця» напісана на матэрыяле з жыцця Заходняй Беларусі і расказвае пра падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх быў сам аўтар. У апавяданнях раскрываюцца лепшыя рысы нашага чалавека, высмейваецца мяшчанства і перажыткі мінулага ў свядомасці людзей.
1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 140
Перейти на страницу:

— Ненармальная!

— Ну, што табе? Пахвалі-і, Косцік!..

11

Як тады ва мне спалучаліся думкі пра мужа з марамі пра другога чалавека, не ведаю. Потым думала пра гэта не раз. Відаць, тут выявілася і натура.

Калісьці з дзетдома на канікулы мяне ўзяла цётка. Яна жыла ў Мінску на першым паверсе. Калі цётка з мужам ішлі на работу, то мяне адсылалі на чацвёрты паверх пагуляць з равесніцай. Бацькі дзяўчынкі былі вельмі строгія, бегаць нам забаранялі, дакранацца да чаго-небудзь у пакоі — тым больш, і гэта была не гульня, а — пакуты.

Аднойчы, як звычайна, іду на цэлы дзень да сяброўкі. Спыняюся на трэцім паверсе перад такімі самымі дзвярыма, хоць добра ведаю, што трэба ўзняцца яшчэ вышэй, дзе мяне чакае Іна, але ў момант сябе пераконваю: мне — сюды. Званю. Ніхто не выходзіць. Націскаю на гузік званка ўжо смялей. Цішыня зноў. Узрадаваная, злятаю з лесвіцы. Са спакойным сумленнем бягу гуляць на падворак — я ж да Іны званіла, у іх нікога няма дома!

Тады мне было ўсяго дзевяць гадоў, але не толькі з-за ўзросту гэтак рабіла. Наўрад ці мой равеснік-хлопец стаў бы сябе так ашукваць.

Цяпер назіраю за мацяркамі сваіх вучняў. Чаго яны толькі не выдумляюць часамі, абы выгарадзіць свайго відавочна вінаватага Колю, Пецю, Вову!.. Бацькі ў такіх выпадках кіруюцца розумам, логікай, дзе іхнія жанкі — сэрцам, жаданнямі (гэта не значыць, што мы горшыя, часта такая жанчына ані не дурнейшая і можа быць куды лепшая за свайго мужа!).

Адным словам, мы, жанчыны, можам вельмі лёгка заплюшчыць вочы на тое, што нам нявыгадна. Ёсць сярод нас і цвярозыя, толькі, мне здаецца,— іх меншасць. Я такая, як большасць.

Вядома, вінаваты быў і Косця. Мог бы болей звяртаць на мяне ўвагі.

12

Дзеці ў бакоўцы паснулі. Тося пайшла на спатканне. Я праверыла сшыткі, напісала планы, але не кладуся, чакаю мужа. Шкадую, што не пайшла разам з ім.

Цікава, што ён цяпер піша?

Падыходжу да рукапісу, чытаю.

«Малое і вялікае

Нуклеінавая кіслата, якая знаходзіцца ў палавой клетцы чалавека, займае аб'ём у мікраскапічныя долі кубічнага міліметра. Арганізм наш развіваецца з дзвюх гамет — розны полаў. На зямлі нас — чатыры мільярды. Агульны аб'ём генетычных нуклеінавых кіслот у гэтых васьмі мільярдах гамет — два з палавінай кубічных міліметры.

Падумаць толькі: у аб'ёме дажджавой кроплі заложана ўся матэрыяльная аснова, якая перадае генетычную інфармацыю пры нараджэнні трох з палавінай мільярдаў людзей!..»

Не паспяваю ні здзівіцца, ні захапіцца — нехта звоніць. Адчыняю дзверы.

Увальваецца п'яны Верын Барыс.

— Іры-ынка, Ір...— ледзь варочае ён языком і дыхае на мяне гарачым перагарам.

Не было мне клопату!

— Барыс, позна ўжо, ідзі дамоў!

— Вера, сволач, не пускае! Ты, Ірачка, добрая, пусціш пераначаваць...

Ён дужы, як мядзведзь. Трэ нагу аб нагу, скідае туфлі, адпіхвае мяне, ідзе ў пакой, валіцца на кушэтку і адразу засынае. Ад змагання з ім у мяне на руках засталося нешта аслізлае, брыдкае. Што рабіць? Хоць бы муж прыйшоў!

Барыс развёўся з Верай і прыстаў да ўдавы, старэйшай за сябе гадоў на восем. Калі вып'е, бяжыць зноў да Веры, але тая зачыняецца на ўсе замкі і выключае святло. П'яны барабаніць у дзверы, лаецца, пакуль суседзі не выклічуць міліцыю.

Гляджу з жахам на Барыса, на яго зашмальцаванае паліто з вырванымі «з мясам» гузікамі. Няўжо гэта той стройны і элегантны прыгажун капітан, з-за якога зайздросцілі мы ўсе Верцы, калі разам вучыліся ў інстытуце?

— Барыс! Бары-ыс! — тузаю мужчыну за халодныя вушы.

— А? — раптам расплюшчваецца яго мутнае вока.

— Калі ты ўжо кінуў Веру з сынам, то трымайся хоць гэтай жанчыны, не напівайся, як свінтус! Падумай, яна ж цябе недзе там чакае!

Барыс маўчыць, скрыгоча зубамі, храпе.

— Што з цябе будзе? Звалішся п'яны ў канаву, памрэш, і не знойдзецца каму нават пахаваць! Толькі адзін прафсаюз і павалачэ цябе на могілкі...

— А?.. Хто? Прафсаюз? — пачынае да яго нешта даходзіць.

— Ну, мясцком!

— Толькі — мясцком...— адразу як бы цверазее чалавек і крычыць з жахам: — Ну, не-е!..

Барыс садзіцца і ўздыхае. Тады глядзіць сабе пад ногі, дзівіцца:

— Халера, а дзе ж мае туфлі? Сюды я босы ішоў? — ківае галавой са спачуваннем да сябе. Упірае ў мяне алавяны позірк: — Дай, Іра, што-небудзь Косцева на ногі!

— Ты ж разуваўся ў калідоры. Ідзі туды, абуйся!

— Іду... Выганяеш?! Іду!..— зноў ківае з асуджэннем галавой.— Толькі прафсаюз... Мясцком...

— Во, во, будзеш мець цяпер над чым галаву паламаць — даўно трэба!

— Аднак ты, Іра, вельмі злая!.. Так бессардэчна абыходзіцца са мной!..

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)