Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Людзі і маланкі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Людзі і маланкі

Электронная книга - «Людзі і маланкі». Краткое содержание книги:

Дзеянне рамана разгортваецца ў рэвалюцыйныя дні 1917-1918 гадоў на Беларусі. У цэнтры рамана — лёс родных братоў, Кузьмы і Антона Радзімовічаў, якія ідуць нялёгкай дарогай да ўсведамлення таго, што шчасце працоўнага чалавека — гэта шчасце ўсяго народа.
1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 151
Перейти на страницу:

Дамажыраў ахвотна выпіў яшчэ раз, пасаладзіў душу. Захацелася гаварыць прыгожыя словы, захацелася жаночай увагі. Ён узняўся над сталом:

— У гэтым цудоўным пустынным доме, панове, у гэтым доме, дзе трыста і чатырыста гадоў да нас жылі адважныя мужчыны і прыгожыя жанчыны, дзе, я спадзяюся, у светлыя месячныя ночы ходзяць па цёмных ціхіх залах прывіды, нас усіх звяла вайна. Не было б вайны, і пан сотнік жыў бы на сваім слаўным Доне, аб'язджаў бы дзікіх непакорных коней, а яго шабля пакрывалася б пылам мірных дзён...

— Ну, гэта дудкі, — шумна запярэчыў сотнік. — Маёй шаблі і да вайны работы хапала. Помню, студэнтаў-валасацікаў разганялі. Як даў аднаму...

— Не перашкаджайце Ігару Аляксеевічу, — гнеўна бліснула на сотніка чорнымі вачыма Зінаіда.

— А я, — працягваў Дамажыраў, не звяртаючы ні на што ўвагі, бо ім ужо авалодаў экстаз гучных слоў, — жыў бы ў сваім Пецярбурзе, паўночнай Пальміры. Барацьба за месца на зямным балі, віно, жанчыны, карты. Жыццё, што заманьвае ў свае залатыя сеткі, адурманьвае, як морфій. І я ніколі б не ўбачыў гэты дом, гэты лес...

— Дазвольце, дазвольце, — раптам зноў пачаў гаварыць, нібы прачнуўся, сотнік, — як гэта — «не перашкаджайце Ігару Аляксеевічу»... Я пры выкананні службовых абавязкаў. Я...

— Сціхніце, вы... салдафон, — выдыхнуў Дамажыраў.

— Што? — На маленькім тварыку сотніка з'явіліся чырвоныя плямы. Ён павольна ўзнімаўся з-за стала.

— Панове, панове, — замітусіўся Гайкевіч. — Ды кіньце вы гэтыя спрэчкі. Няёмка. Людзі пачуюць.

— Хто ты такі? — аж працінаў Дамажырава вузенькімі вачыма Пашматаў. — Земгусар? Тылавы пацук... — Ён нечакана прадэкламаваў: «Земгусар, земгусар. Пыхціць, як медны самавар...» — З-за такіх, як вы, доўгаязыкіх балбатуноў, разумнікаў, мы чацвёрты год здыхаем у акопах. Такіх, як ты, разумнікаў, я яшчэ ў дзесятым годзе ў Маскве нагайкай сек. Парткі спушчу і нагайкай, нагайкай па казённым месцы. Аж пакуль кроў не свісне... — Ён з сілай усадзіў відэлец у стол.

Дамажыраў не чакаў такога гневу, што, нібы з вулкана, вырваўся з маленькай шчупленькай фігуры казацкага сотніка і стаяў бледны, разгублены.

Зінаіда накінулася на бацьку:

— Чаго вы стаіце? Папрасіце ж, нарэшце, хай п'юць міравую...

Яна сціснула пальцамі скроні — вось-вось страціць прытомнасць.

Але ні біцца, ні піць міравую не давялося. Расчыніліся дзверы, і на парозе веранды вырас здаравенны чубаты казак, гаркнуў, звяртаючыся да сотніка:

— Ваша благароддзе, там прывезлі двух мужыкоў з лесу...

— Якіх мужыкоў? — Панкратаў узрадаваўся, што гнеў не прападзе дарэмна, што зараз можна будзе на некім адвесці душу. У прадчуванні гэтай хвіліны ягоныя ноздры затрапяталі.

З веранды ўсе выйшлі на двор. Там стаялі ляснік, казакі, два зусім маладыя мужыкі.

— Развяжыце ім рукі, — сказаў сотнік, ужо прымерваючыся вокам, выбіраючы ахвяру. Ён падышоў да аднаго — бач, як спадылба пазірае, вочы, як вуглі.

— Ты што зрабіў, мярзотнік?

Ляснік кашлянуў у прыгожыя вусы, прыціснутыя кулаком.

— Дуб пілавалі. Аказалі супраціўленне...

— Супраціўленне? — здзівіўся сотнік. — Ды па законах ваеннага часу я іх магу расстраляць. Казлоў, — звярнуўся ён да рыжабародага казака, — дай мне нагайку.

Дамажыраву, чэсна кажучы, не вельмі хацелася прысутнічаць пры сцэне, якая павінна была адбыцца. Аднаго мужыка, маленькага, чорнагаловага, з параненым плячом, прывязвалі да бярозы, што расла на двары. Другі, высокі, худы, яркавалосы, стаяў непадалёку, чакаў. У ягоных вачах была смяротная туга. І Дамажыраў раптам успомніў: пад Нясвіжам іхні абоз, у якім яны везлі на фронт медыкаменты, абстраляла нямецкая цяжкая артылерыя. Узляталі ўгору колы фурманак, чалавечыя знявечаныя целы, руды пясок, а ён, Дамажыраў, ляжаў аглушаны і думаў, што памірае. І побач з ім у апошняй агоніі круціў галавой, дзёр зямлю пысай конь. У конскіх вачах былі туга і слёзы. Яны падобныя вачамі: той конь і гэты малады мужык, якога зараз будуць лупцаваць, — падумалася Дамажыраву. Ён адышоўся трошкі ўбок.

Між тым Іван Міхейчык уздрыгваў усім целам пад ударамі нагайкі, грыз бярозавую кару, але не стагнаў, крычаў:

— Не маеш права біць! Сучка ў лампасах!

Панкратаў ад ягоных слоў звярэў, біў з усяе моцы, з прыдыхам, з асалодай. Яго маленькі твар пакрыўся потам.

— Садыст, — не вытрымала Зінаіда. — Перастаньце... Ну хаця б не тут... — Яна нервова ўсхліпнула, але не адводзіла вачэй ад белага чалавечага цела, якое, нібы кветкамі, расцвітала свежымі чырвонымі пісягамі.

— Хопіць ужо з яго, пан сотнік, — папрасіў нарэшце Гайкевіч.

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 151
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)